Або з гэткiмi порткамi! Дык-жа пасьля майго прыезду з Вiльнi нiводзiн з iх не прайшоў мiма, не памацаўшы мяне за нагу i ня спытаўшы, якая цана гэткiх портак за гранiцай. Узапраўды, дзiўна яны тут апранаюцца. Жанчыны ходзяць у мужчынскiх шапках, мужчыны носяць нейкiя каляровыя хламiды».
Попутчiк пачаў мазаць другi раз твар мылам, як раптам зазьвiнеў званок.
— Каго там нясе?..
Увайшоў нейкi незнаёмы.
— Выбачайце, калi ласка, што перашкаджаю. Бачу, што вы заняты… Я маю даручэньне… я супрацоўнiк ГПУ… мне даручана прасiць вас, каб вы заўтра вячорным цягнiком выехалi ў Менск. Хоча вас бачыць таварыш старшыня Апанскi…
— А, акурат пасьлязаўтра я зьбiраўся ехаць у Менск, — адказаў Попутчiк.
— Не, не! — перапынiў яго незнаёмы. — Вас вельмi прасiлi, каб заўтра… Выбачайце, але, можа, грашовыя справы?.. Калi дазволiце, дык я мог-бы вам пазычыць…
— О не, нiчагусенькi… Дзякую… Ну, калi гэта так важна, дык канец канцоў магу выехаць i заўтра.
— Але. Будзьце ласкавы. Калi ласка, падпiшэце, што я паведамiў вас.
— О, якiя фармальнасьцi!
— Так, ведаеце, фармалiстыка… Нiчога не парадзiш, такi заведзены парадак… А дзе вы спатыкаеце Новы год?
— Сярод актораў, у прыватнай кватэры.
— Ну, ня буду вам перашкаджаць. Бывайце здаровы. Зычу весела правесьцi час.
— I вам таксама… Бывайце… Асьцярожна, тут цёмна… Вось дзьверы… Усяго добрага!
Незнаемы пайшоў.
«Якiя мiлыя людзi, — думаў Попутчiк, сядаючы iзноў перад люстэркам. — А там, у нас за гранiцай палохаюць усiх гэтымi лiтарамi: ГПУ… Надта мiлыя!.. Джэнтэльмэны! А якая простасьць, шчырасьць! Чалавек незнаёмы прапануе мне пазыку, як добры прыяцель… Мiлыя людзi! Ня тое, што ў гнiлых буржуазных краёх!»
Фiлёр
Назаўтра ўвечары Попутчiк сядзеў у вакзальным буфэце, чакаючы на прыход цягнiка.
У буфэт увайшла кампанiя, зложаная з двох мужчын, жанчыны i сабакi. Мужчыны былi ў дарагiх шубах, дама была апранута ня горш за жанчын гнiлога захаду, у аднаго з мужчын быў футляр са складной стрэльбай.
Кампанiя расьселася за суседнiм столiкам i пачала гутарку на паляўнiчыя тэмы.
«Хто гэтыя людзi? — думаў Попутчiк. — Гэтыя вясёлыя, добра апранутыя, поўныя радасьцi жыцьця людзi?»
— Як вы яго клiчаце? — спытаўся адзiн з мужчын у другога.
— Фiлёр.
— Ха, ха! Праўда, Фiлёр! Лоўкае iмя! Фiлёр! Хадзi сюды! Ха-ха-ха!
Сабака сядзеў спакойна на падлозе, ленна паглядаючы сваймi разумнымi вачыма то на аднаго, то на другога. Раптам адзiн з iх пахiлiўся над сабакам i, зiрнуўшы на Попутчiка, шапнуў:
— Фiлёр! Вазьмi!
Фiлёр падняўся са свайго месца, не сьпяшаючыся падышоў да Попутчiка i, абапёршы лапы на ягоных каленях, павярнуў сваю касматую морду да свайго гаспадара, быццам пытаючыся, цi добра выканаў заданьне.
Элегантная кампанiя расьсьмяялася.
«Якi мiлы жарт», — падумаў Попутчiк i ўсьмiхнуўся, пазiраючы на незнаёмых.
Фiлёр вярнуўся на свае месца.
Гутарка перайшла на iншыя тэмы. Цяпер гаварыла дама. Гаварыла аб шаўковых панчохах, аб вялiкiх цэнах, аб тым, як цяжка знайсьцi добры тавар.
Цягнiк ужо прыйшоў. Толькi адзiн вагон iдзе проста ў Менск. Калi сядзеш у iншы — у Воршы будзе перасадка. Попутчiк знайшоў гэты вагон i ўсьцешыўся, пабачыўшы там бачаную ў буфэце кампанiю. Значыцца, едзем разам у Менск. Пачаў разглядацца навакол, шукаючы для сябе месца.
— Вы шукаеце месца? — падыйшоў да яго адзiн з незнаемых джэнтэльмэнаў. — Вось вашае месца. I паказаў рукой на незанятую лаўку.
— Сядайце, — казаў далей незнаёмы ўпаўголасу, каб ня чулi iншыя пасажыры. — Вы арыштаваны. Зразумела? Вось ордэр!
I чэкiсты паказаў нейкую паперку.
Попутчiк ускрыкнуў:
— Як?! За што? Чаму?!
— Цс-с! — супакоiў яго незнаёмы. — Не цяпер, тут публiка, пасьля пагаворым… Сядайце, можаце прылегчы… Фiлёр! На месца!
I Фiлёр паслухмяна палез пад лаўку Попутчiка на паказанае яму месца.
Чэкiстыя далей вясёла гутарылi аб розных рэчах. Пасьля заснулi. Заснулi i ўсе пасажыры ў вагоне. Ня спаў толькi Попутчiк i ягоны вартаўнiк — Фiлёр. Як толькi Попутчiк паварухнецца, сабака бурчыць. Попутчiк стараўся нават ня дыхаць, каб не злаваць свайго нямiлага суседа пад лаўкай.
Дык як ён мог спаць! У галаве гудзелi думкi: За што? Тут хiба непаразуменьне! Поўна неспадзевак у гэтым саюзе савецкiх рэспублiк!.. Але за што-ж мяне? Дык-жа я ўжо даўно перамянiўся да Саветаў! Дык-жа я ўжо даўно анi словам, анi пяром не выступаў процi iх! Я прыбыў сюды зусiм легальна!.. Дык чаго-ж iм ад мяне трэба?