Выбрать главу

«А якi-ж чорт панёс-бы мяне на гэты Кайгач або на Белае мора! Вось яшчэ! Мо захочацца мне адведаць Салоўкi!.. Калi-б i захацелася кудысьцi паперцi, дык хутчэй на паўдня, Крым, Каўказ… А яны мяне асьцерагаюць, каб я, крый Божа, не апынуўся на Ледавiтым акiяне… Вось сьмех!..»

Попутчiк ня мог дачакацца часiны ад'езду. Усё валiлася з рук. Жыў толькi думкай аб Менску. Нават ува снох сваiх бачыў гэты горад.

Здавалася яму ўва сьне, што йдзе вулiцамi Менску. Але ўва сьне пачуцьцё было зусiм iншае. Адчуваў нейкi несупакой, страх чагосьцi. Чагосьцi невядомага, страшнога i нечаканага: знаёмыя ўцякалi ад яго. Ён гнаўся i ня мог здагнаць. Цяжкое пачуцьцё самотнасьцi, бясьсiльнасьцi, непараднасьцi было гэтак неўмагату, што будзiўся, аблiваючыся потам…

— Э, сон глупства!.. Сны трэба заўсёды тлумачыць наадварот…

х х х

Попутчiк перад выездам не зрабiў, як раней думаў, развалу «Рады». Ня меў на гэта энэргii. «Чорт з iмi! — думаў. — Самi разваляцца… Гэта ўсё стаiць на глiняных нагах… Усё трымаецца толькi субсыдыяй… Ня дасьць Рачкевiч субсыдыi — i ўсе разьбягуцца… Нiшто i нiхто не пераможа “Грамады”»…

Растаньне з Паўлюкевiчам ня было варожае. Наадварот, нават Паўлюкевiч казаў:

— Ну, што-ж, понимаете… Вы культурны працаўнiк, понимаете…

Вам яны нiчога ня зробяць… Я-б на вашым месцы таксама зрабiў, понимаете… Ну, усяго добрага…

Выезд

Нарэшце 16 лiстапада Попутчiк паехаў на вакзал.

Разьвiтаньне з сям'ёй было кароткае, пасьпешнае. Дзецi яшчэ спалi i ня бачылi ад'езду бацькi.

Едучы ў Менск, Попутчiк ня меў яшчэ пэўнасьцi, цi там застанецца. Гэта будзе вiдаць пасьля. Пакуль што не спалiў за сабой мастоў. Атрымаў водпуск з установы, у якой працаваў i гэткiм чынам праз чатыры тыднi мог вярнуцца i зноў узяцца за старую працу.

Але ў глыбi душы ня верыў у свой паварот. Думаў, што там застанецца, а як ужо ўладзiцца, сьцягне з Вiльнi жонку i дзяцей…

Колы вагону выстукваюць свой рытм i настройваюць падарожнага на лятуценьнi. Попутчiк сьнiць на яве. Лятуцiць аб гэтым новым жыцьцi, на парозе якога апынецца яшчэ сягоньня. Сягоньня ўвечары ўжо будзе ў Менску. Лятуцiць аб новай працы, якая на яго чакае. Дык-жа-ж праца будзе! Праца не пры канцылярскiм стале, але радасная, творчая… Дык-жа i Мятла, i Селях, i iншыя казалi, што ўсе чакаюць на ягоны прыезд у Менск.

Ужо Стоўпцы. Апошняя станцыя з польскага боку. Павярхоўная рэвiзiя рэчаў.

Пасьля Негарэлае. Першая станцыя з боку савецкага.

Падрабязны перагляд рэчаў.

Попутчiк вязе з сабой дзьве зьмены нацелiва, крыху каўнерчыкаў, запасны касьцюм i рукапiсы, рукапiсы, рукапiсы…

Гэта прычыняе шмат клопатаў савецкiм чыноўнiкам. Едзе чалавек з капiталiстычнага краю i ў валiзцы мае напiхнута поўна нецкiх паперкаў. Ну, калi-б мануфактура, парфумы Coti, загранiчны каньяк, ну — тады ведама, што рабiць… Але што рабiць з гэтымi запiсанымi густа нявыразнымi лiтаркамi аркушамi паперы? Чытаць усё гэта? На гэта няма часу… Ды апрача таго, тут усё гэта запiсана ў незразумелай пагранiчнаму чыноўнiку беларускай мове…

Прыйшла нейкая старшая савецкая дама, працаўнiца ГПУ на вакзале ў Негарэлым. Паглядзела, пакiвала галавой, спыталася:

— Што гэта?

— Гэта мае рукапiсы.

— Якiя рукапiсы?

— Мае.

— Хто вы?

— Я пiсьменьнiк.

— Гм…

Махнула рукой. Можа, мела iнструкцыi з Менску.

Трэба чакаць цягнiка цэлую яшчэ гадзiну.

Як Попутчiк ехаў у Менск, яшчэ ў Негарэлым ня быў пабудаваны новы вакзал.

Каб скарацiць час чаканьня, падарожны пайшоў у драўляную буду, непадалёк ад вакзалу, дзе быў вакзальны буфэт…

х х х

У слаба асьветленым вагоне няма падарожных. Рух на гранiцы надта слабы. Ня гледзячы, аднак, на тое, што ўвесь вагон пусты, Попутчiк мае таварыша падарожжа. Насупраць яго, у куточку, на лаўцы сядзiць нейкi малец. Цяжка разгледзець твар, бо цемнавата, i дзеля таго яшчэ, што сусед схаваў твар у каўнер палiта.

Попутчiк прабуе распачаць гутарку:

— Колькi кiлямэтраў ад гранiцы да Менску?

— Ня ведаю.

Праз момант:

— А каторай гадзiне больш-меньш будзем у Менску?

— Ня ведаю.

Паўза.

— Цi заўсёды гэтак мала падарожных едзе ад гранiцы?

— Ня ведаю.

Але вось ужо i Менск.

Гэтак апавяшчаюць надпiсы на вакзале ў чатырох мовах.

У заежджым доме

Менск

Было ўжо позна. Наблiжалася поўнач. Мацi Попутчiка жыла на другiм канцы гораду. Попутчiк падумаў, што лепш пераначаваць у маленечкай гасьцiнiцы каля вакзалу, як уначы стукацца ў хату непапярэджанай аб ягоным прыезьдзе старое.