Выбрать главу

Так ехалі некалькі дзён. За ўвесь час яны толькі адзін раз сустрэліся з папуасамі. З затокі выехала насустрач некалькі чоўнаў, у якіх сядзела шмат людзей, узброеных лукамі і пікамі. Па ўсяму іх выгляду і рухах відаць было, што яны выехалі на вайну.

Скот загадаў страляць, і пасля першых жа стрэлаў папуасы павярнулі назад. За імі не гналіся.

— Мне пачынае ўжо здавацца, — сказаў Скот, — што пры такіх умовах наша экспедыцыя будзе простай пагулянкай.

— Добра казаць, калі мы цяпер сядзім «дома» і ў нас пад рукою ёсць шмат зброі, нават кулямёт, бомбы і газы. А на зямлі не так лёгка будзе, — сказаў Кандаракі.

Другі раз усіх узварушыў крык боцмана Старка:

— Глядзіце, глядзіце: на левым беразе чалавек на кані!

Каб у нас закрычалі: «Глядзіце, слон на самалёце!», то менш здзівілі б людзей, чым тут словы: «Чалавек на кані».

Справа ў тым, што на Новай Гвінеі зусім няма коней. Толькі еўрапейцы па берагах прывезлі сабе іх некалькі. А каб тут, у сярэдзіне, сярод папуасаў, з'явіўся конь, то людзі перапалохаліся б больш, як мы, убачыўшы якога-небудзь неіснуючага звера.

Усе кінуліся глядзець у той бок, накіравалі біноклі, але нічога не ўбачылі.

— Гэта табе здалося, — сказалі боцману.

Але ён кляўся, што добра бачыў, як праз узгорак праехаў коннік і схаваўся за дрэвамі.

Як ні глядзелі, як ні пільнавалі,— ніхто больш не бачыў яго; усе пераканаліся, што Старк памыліўся. Той нават раззлаваўся:

— Хіба я сляпы або п'яны? — агрызаўся ён. — Пакуль што вочы служаць, і я не магу ім не верыць.

Праўда, стары марскі воўк меў вочы, не горшыя за іншы бінокль, але… усё ж такі не можа быць таго, чаго не можа быць. Адзін еўрапеец на кані не мог бы сюды трапіць, а папуас, не гаворачы аб іншым, адкуль возьме каня?

Яшчэ праз колькі дзён убачылі з правага боку другую раку, якая была не меншая за Фляй. Гэта быў прыток Стрыкленд. Уліваецца ён у раку Фляй прыблізна пасярэдзіне яе даўжыні, значыцца, засталося ехаць яшчэ паўдарогі.

Але ўжо зусім пры іншых умовах…

Тут місіянер сказаў, што ён хоча высадзіцца.

— Вы ж казалі, што вам трэба да пачатку ракі,— сказаў Скот.

— Я там і буду, — адказаў місіянер. — Напрасцень гэта не вельмі далёка. А пакуль я пашукаю маю матку. Тут жывуць тыя, хто ўзяў нас у палон.

— Можа, на кожны выпадак возьмеце рэвальвер? — прапанаваў Скот.

— Не трэба, — сказаў місіянер. — Драпежных звяроў няма, а супраць людзей я маю вось гэтую зброю, — і ён паказаў на біблію.

— Ну, жадаю вам усяго найлепшага, — сказаў Скот і першы раз у сваім жыцці працягнуў руку чорнаму.

Місіянер узяў торбу, біблію, развітаўся з усімі і знік у гушчары.

— Дзіўны чалавек, — заўважыў Кандаракі.

— Вось табе і папуас! — дадаў Брук.

За Стрыклендам рака Фляй ужо значна зменшылася, бо яна страціла блізка што палову вады, якую даваў прыток. Калі да Стрыкленда часам і даходзілі параходы, то вышэй яны ўжо не маглі падняцца. Усяго разы са два сюды дабіраліся даследцы. Нашы падарожнікі мелі толькі тую перавагу, што ехалі на маторнай лодцы, якая магла ісці і па неглыбокім месцы.

Берагі звузіліся, сталі вышэйшымі і стромкімі. Бег вады стаў мацнейшы, так што лодка пасоўвалася яшчэ цішэй. У некаторых месцах здаралася нават, што яе адносіла ўзад. Сталі сустракацца падводныя каменні, і ўжо нельга было думаць ехаць уначы.

І вось аднаго разу на катэры зноў крыкнулі:

— Глядзіце налева: коннік едзе!

На гэты раз ужо ўсе ўбачылі, як далёка на небасхіле нехта ехаў на кані. Конь ішоў ступою і накіроўваўся таксама на захад.

Брук паглядзеў у бінокль і здзіўлена крыкнуў:

— Дык іх жа ўдвух едзе на адным кані!

— Што за дзіва такое? — сказаў Скот і ўзяў бінокль, але нічога ўжо не бачыў: конь зноў знік за ўзгоркам.

Падарожнікі нават не ведалі, што і думаць. Мала таго, што давялося паверыць у сапраўднасць гэтага з'явішча, але яшчэ чамусьці і два чалавекі на адным кані. Хто яны такія? Адкуль? Як апынуліся тут? І чаму?

Але доўга разважаць аб гэтым ім не прыходзілася, бо перад імі паўстаў другі, важнейшы клопат. Каб не траціць часу, яны рэдка спыняліся і жывіліся тым запасам яды, што набралі з сабой. А запасы былі не надта вялікія, бо, перш за ўсё, лодка была малая, а затым — галоўнае месца займала зброя. Яны правільна разважалі, што, калі будзе досыць ваенных прылад, тады ўсё другое лёгка здабыць.

Яно так і павінна быць, але ўся бяда ў тым, што дзічыны было мала. Спачатку яшчэ качак знаходзілі, а потым, калі вымчалі ў больш высокую мясцовасць, яны ўжо не сустракаліся. Рыба раней была, а цяпер, у верхняй частцы ракі, яе стала куды менш і, каб злавіць рыбіну, не варта было траціць часу.

На зямлі вадзіліся казуары, але за імі ганяцца можна толькі на конях. А каб падпільнаваць, таксама трэба шмат часу.

Што датычыцца пладовых дрэў, то яны на волі толькі дзе-нідзе сустракаюцца, як і ў нашых лясах. Стала іх разводзіць толькі чалавек. Без чалавека і яго працы самая «райская» мясцовасць нічога не варта. Толькі на малюнках яна добра выглядае, а падарожнікі церпяць там ад голаду больш, як у нашай самай беднай старонцы.

Праўда, нашыя падарожнікі мелі яшчэ свае прадукты, але падарожжа толькі пачыналася, і трэба было думаць пра далейшае.

Аднаго разу з правага боку яны заўважылі вёску, якая знаходзілася за тры-чатыры кіламетры ад берага. Парашылі пайсці туды, каб выменяць што-небудзь.

Вёска стаяла на беразе невялікага возера, якое злучалася маленькаю рэчкаю з галоўнай ракой. Але як толькі жыхары ўбачылі, што набліжаюцца чужынцы, — зараз жа пачалі ўцякаць хто куды. Еўрапейцы крычалі, давалі розныя знакі, што яны маюць добрыя намеры, але ад гэтага жыхары яшчэ больш палохаліся.

Прыйшлі ў пакінутую вёску, зайшлі ў адну, другую хату. Нідзе аніводнага чалавека. У хацінах хатнія рэчы: адзенне, спрытна зробленае з травы, кінжалы і стрэлы з касцей казуара.

— Вось палюбуйцеся на гэтую цацку! — сказаў Кандаракі, паказваючы на чалавечую галаву.

«Цацка» сапраўды была цікавая. Гэта была скура, старанна знятая з чэрапа і напханая травой. Рот і вочы шырока расчынены ды яшчэ падмалёваны чырвонай фарбай. Апрача таго, былі тут і голыя чарапы, таксама размаляваныя.

— Глядзіце, колькі рубцоў на іх, — заўважыў Скот, — відаць, што яны здабыты ў бойцы.

— І з'едзены, — дадаў Брук.

— Можа, і так, — сказаў Скот, — але чаму нідзе не відаць нічога спажыўнага? Чым яны жывяцца?

— Ядуць адзін аднаго, — падказаў Брук.

— Далей ад жылля, у гушчары, яны маюць агароды, — растлумачыў Кандаракі,— апрача таго, разводзяць свіней і сабак для яды.

— Ну, ці сабак есці, ці адзін аднаго, — гэта ўсё роўна! — бурчаў Брук.

На вуліцы ўбачылі парасят. Пачалася страляніна, і двух забілі.

Рэха разнеслася па ціхіх лясах, і, седзячы ў гушчары, жыхары радаваліся, што паспелі ўцячы. Яны былі ўпэўнены, што гэтыя страшныя белыя ворагі з'явіліся толькі затым, каб знішчыць іх з усёй іх маёмасцю. Хіба не чулі яны гэтага грому, які сведчыў аб намерах белых ворагаў?

Назад пайшлі па беразе ручая. На адной палянцы яны мімаволі спыніліся як зачараваныя. Нават Брук не вытрымаў і сказаў:

— Які цудоўны куток!

З усіх бакоў звешваліся дзіўныя кветкі так званай «муккуны». Гэтая расліна жыве па другіх дрэвах, і здаецца, быццам усе, самыя разнастайныя дрэвы зацвілі аднымі і тымі ж кветкамі. Даўжыня кветкі — з паўметра, шырыня — больш далоні. Вялікія чырвона-жоўтыя, яны пераліваліся на сонцы, як агонь.

І таксама, як агонь, мільгалі сярод іх славутыя райскія птушкі. Здавалася, што полымя хістаецца ад іх вогненна-жоўтых тонкіх пер'яў. Другія, яскрава-сінія птушачкі павінны былі ўцякаць ад матылёў, якія былі ў некалькі разоў большыя за птушак. А на іх усіх пакрыквалі, нібы камандавалі, какаду, сярод якіх асабліва вызначаліся вялікія чорныя папугаі.

— Чорт пабяры, як у казцы! — сказаў Кандаракі, азіраючыся навакол, але раптам спыніўся, ухапіў стрэльбу і ціхенька паказаў рукою на адно дрэва.