Нічога рукамі зрабіць не магу —
адно толькі словам ад сэрца.
Ды слова... — каму яго ў гэту смугу
Я ўзычу? Тутэйшым зняверцам?
Навошта яно ім, прывыкльш глытаць
хлусню і дурноту па модзе?
А рукі... Без рук не магу нават даць
нягодніку-хаму па мордзе!
Найгорай жа тое, калі закарціць
мне лыкнуць кілішак «крышталю»:
галоўку з бутэлькі не ў сіле скруціць!
Хоць румзай ад крыўды і жалю.
Даверыць «скруцэнне» суседу свайму?
У прынцыпе — можна, канечне.
Але ж тады трэба наліць і яму.
Што ў прынцьше — ой, небяспечна!
Жартую — па звычцы. Трывога ж расце
не жартам. Бяда прагрэсуе.
Няўжо дажывуся, калі па лісце
і пёрка рука не пасуне?
Верасень 2007 г.
Не выйдзе, лірычная мышка нічога не выйдзе
Лагодненькі-згодненькі лірык
з нявострым ад роду пяром,
Паўвека праседзеўшы ціха,
як мышка пад венікам ці памялом,
Не піскнуўшы нават ні разу
у знак абурэння, пратэсту, нязгоды
З засіллем хвастатых ва ўладзе,
з разгулам нялюбцаў свабоды,
Ні слова не мовіўшы
супраць бясчынстваў і гадства —
ні рыфмай, ні ў прозе, —
Цяпер спахапіўся, апомніўся,
як гэта кажуць, «ужо па парозе»,
I ўздумаў — ні многа, ні мала —
у шэрай лірычнай старэчасці,
Што трэба яму прапісацца
у часе, у веку, у вечнасці —
У ролі змаганца
супроць удушэння
нам Богам даверанай мовы, —
Авось ды прызнаюць:
усё ж такі ў думках, употай,
і я быў гатовы...
Не выйдзе, лірычная мышка!
Нічога нс выйдзе!
З мышынаю доляй змірыся.
Нервамі, сэрцам, крывёю
бароняць свабоду паэты.
Як ЯНКА. Або як ЛАРЫСА.
2007
Вера і вернасць. Сіла і моц
Да выхаду першых
нумароў «Літаратурнай
Беларусі»
Нарэшце! Нарэшце пабачыў, адчуў.
Аж стала шчымліва да слёз у грудзях.
Аж стала прасветла-святліста ўваччу.
Ёсць, ёсць беларускага думання сцяг!
Ёсць вера і вернасць. Ёсць сіла і моц.
I мараў разбежнасць. I стройнасць пісьма.
I гоства памкненняў. 1 чыстасць яснот.
А блуду і бруду — і на дух няма!
2007
«Ветрык» і «Менка»
Пра што падумалася
на канцэрце гэтых
пеўчых гуртоў
Нягоднік
дубінкай падлеткаў збівае —
Каб вылі ад болю, каб пець не маглі.
А «Ветрык» спявае,
I «Менка» спявае, —
Спяваюць! Бо гэта іх лёс на зямлі.
Бо ветрык ёсць ветрык —
звініць перазвонна
У струнах даспелага ў полі жытца.
Бо Менка ёсць Менка —
і ў памяці вольна
Журчыць векавечнаю нотай жыцця.
Бо «Ветрык» і «Менка» —
пяюць сугалосна.
А гожа — няйначай анёлаў гурты.
Ім хочацца жыць у дзяржаве нязлоснай.
У светлай — як сонечны дзень залаты.
2007
Грае Ірына Шуміліна
Вечар цячэ не хвілінамі —
Музыкай дзіўнай цячэ.
«Брава, Ірына Шуміліна!
Просім што-небудзь яшчэ!»
Сэрцам да сэрца прыхілена
Зала ў прызнаннях любві.
Дзякуй, Ірына Шуміліна!
Божа цябе блаславі!
Ах, як натхнёна, акрылена
Гукі ўзлятаюць з-пад рук!
Грай жа, Ірына Шуміліна!
Грай! Каб жыла Беларусь.
2005, 2007
Наша з табою
Кожная светлая згадка
пра наша з табою —
Болем удзячнасці лёсу
праз сэрца праходзіць.
Болем, але не пакутным,
а толькі салодка-шчымлівым.
Болем, які мне гаворыць,
што быў я папраўдзе шчаслівым.
Кожная горкая згадка
пра наша з табою —
Болем раскаяння і шкадавання
мне сэрца сціскае.
Болем-высновай, гарчэйшай
ад самага горкага болю, —
што не пачну ўжо я нанава,
з розумам, наша з табою.