Выбрать главу
Дзякую, Божа прасветлы, што перад дарогаю вечнай Ты ўзнагародзіў мяне гэтай мукай жывой, чалавечай.
2007

I хочам...

Прасякліся з дзяцінства Чужым, дурным, атрутным — I хочам мець адзінства У гэтым часе скрутным.
I заклікаем-клічам Да ўсенароднай згоды — Без мовы, без аблічча, Без праўды, без свабоды.
2007

I будзем...

I будзем мы ўсе, дарагія-шаноўныя, Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя, Да скону за волю і долю змагацца, А ворагі будуць з нас толькі смяяцца.
I будуць, павырасшы, дзеткі шаноўныя, Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя, Таксама за волю і долю змагацца, А ворагі будуць з іх толькі смяяцца.
I будуць нашчадкі нашчадкаў шаноўныя, Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя, За волю і долю Радзімы змагацца, А ворагі будуць з іх толькі смяяцца.
Так будзем і будзем змагацца з прымусамі, Пакуль не адчуем сябе беларусамі I сцягам, бяссмертным, як сэрца Хрыстова, Не пусцім паперадзе Роднае Слова.
Кастрычнік 2007 г.

* * *

Даруй, Гасподзь, і ты даруй-прабач, Анёл далёкі мой, павек адзіны, Што часам здрадна падступае плач У горкіх роздумах пра лёс Радзімы.
Я чую, чую голас твой з нябёс: «Табе няможна так! Не маеш права! З любві і гневу, а не з плачу й слёз Ва ўрочны час здзяйсняецца Дзяржава».
Кастрычнік 2007 г.

* * *

З чаго пачаў калісь, тым і канчаю. Пакуль пяро не выпала з рукі — Табе, народзе мой, я прысвячаю I самыя апошнія радкі.
Жыві! Працуй! Твары свой лёс уласны! Сам, сам сабе дарогу пракладай! I слова роднае як дзень свой ясны Да скону свету пагасіць не дай!
15 кастрычніка 2007 г.

Да расправы над інстытутам літаратуры ў НАНБ

Каментар з формулай

Чым спрычынена расправа? З-за чаго мінтрэга? «Абязгрошыла дзяржава! Эканоміць трэба!»
Ну, вядома! Ну, канешне! Хоць банкуем вёртка — Дзе ж тых грошай набярэшся? Вось і стала пёрдка!
Грошы збеглі на будоўлю лядовых палацаў. А астатак — на гадоўлю блазнаў і паяцаў.
Нават у Джымбабвабуры — голым і галодным — Інстытут літаратуры лічыцца галоўным.
Дык яно і зразумела: знаюць, папуасы, што без Слова маса цела роўна целу масы.
Гэту формулу скумекаць мы йшчэ не гатовы. Лепей будзем бэкаць-мэкаць без душы і мовы.
2008

Сувязь

Ён даўно ўжо за даляглядам — час дзяцінства і маладосці, калі я атруціўся ядам, праніклым і ў кроў і ў косці.
Той бязрэчыўны яд ёсць сумесь гадства, подласці, страху смерці... Адчуваю жывую сувязь ядавітых эпох у сэрцы.
2008

Але...

Маладым музыкам

Вы спрабуеце сцвердзіць сябе у якойсьці вар'яцкай гудзьбе. Гэты сквіл, гэты віск, гэты скрогат не прымаю зусім. Не цярплю. I — нічога з сабой не зраблю. Толькі суд мой не бэсціце строга: ёсць АЛЕ. Я — свабоду люблю. У тым ліку — і вашу ў спробах.
2008

Дзякуй, брат!

Хто там «рэкнуў» (мабыць, з нецвярозу), што зачахла ніва Мастака? Пачытайце ў «Дзеяслове» прозу майстра-мага Віктара Казька.
Я — чытаў, і, не стрываўшы болю, сэрца растрымцелася да слёз. Дзякуй, брат! Так цяжка, як з табою, я даўно ўжо не ўспрымаў наш лёс.