Выбрать главу
2008

Зварот

Пакладзіце, братцы людзі, вы руку сабе на грудзі, пакладзіце! — і сабе ж, насупраць ночы, у душу, як Богу ў вочы, паглядзіце!
І скажыце-адкажыце на адзінае пытанне адназначна: бачна вам дарога ў жыце, на якой — выратаванне, ці не бачна?
Як не бачна — Божа правы назаве вам прыклад чыну — дзейсны, годны, як ад ганьбы і няславы бараніць сваю айчыну, край свой родны.
Калі зноскі ў сытым блудзе і апошні трацяць сорам, злыдні-зноскі, — Каліноўскі хай вам будзе чэсці й гонару узорам! Каліноўскі!
2008

Па загадзе беларусажэрцаў

Памяці Ф. Аляхновіча

Думаў, схаджу: пагарую, але ж і парадуюся, у тэатры на вечары, Яго нараджэнню, яго юбілею, яго ўсенароднай любові прысвечаным. Думаў, нарэшце, нарэшце, дзяржава й грамадскасць як трэба ацэняць Волата-майстра крынічнага слова на першай асвенчанай сцэне. Хоць са спазненнем вялікім, а ўсё ж аддадзім, аддадзім мы Даніну павагі і ўдзячнасці слаўнаму сыну Радзімы. Дык аддалі, аддалі... Як і ўсім яго браццям... Ні слова, ні гуку — Ні на падмостках, ні з тэлеэкрана, ні з хваляў эфіру, ні ў друку.
Помню, помню, было... У газетцы ляснога райкама чыталі, Што выканаўцы «народнае помсты» і ў Вільні дасталі Аўтара кнігі, на свет нашумелае, — «У кіпцюрах ГПУ»: Ноччу забойца пранік у кватэру і стрэліў яму ў галаву. «Вось, атрымай незалежную дэмакратычную Крывію, дзеля якой Ты ўсё жыццё парушаў наш прывольны імперскі спакой!» Так быў забіты пісьменнік-пакутнік, пісьменнік-легенда — Прыклад высокі і ўзор беларускага інтэлігента.
Гэнай парой, пад нямецкай навалай, у часе крывава-крутой калатнечы, Тайны загад «асабоўцам» прыслала Лубянка, да жудасці нечалавечы: «Немцаў то мы разаб'ем і прагонім, тут ясна, няма і пытання. Трэба хутчэй як мага паспяшацца і вынішчыць, выбіць дазвання Тых беларусаў, што маюць крывіцка-ліцвінскую памяць I даражэй за жыццё сваю мову крывіцкую ставяць. Каб нам ніякага клопату з імі пасля перамогі не мець — Біце цяпер іх, асуджаных нашай імперскаю воляй на смерць!» Дык жа і білі! Дзе толькі дастануць — пускалі нявінную кроў З кніжнікаў, школьных настаўнікаў, з мудрых асветнікаў і святароў. I святароў...
Ну, а далей — як у казцы: дзе ўклала гвалтоўная смерць аднаго — Там трое паўстала — і з духам, і з верай, і з мовай народа свайго. Дзе трое нявінных, у муках, гвалтоўную смерць прынялі — Там дзевяць паўстала — і з духам, і з верай, і з мовай бацькоўскай зямлі. Дзе дзевяць гвалтоўнаю смерцю паклалі на доле, палітым крывёй, — Там сотня паўстала — і з духам, і з верай, і з мовай Краіны сваёй. Дзе сотня гвалтоўнаю смерцю лягла — там паўстаў, там падняўся народ, — I духам, і верай, і мовай — крывіцка-ліцвінскі на тысячы год!
Чаго ж дасягнулі забойцы? Вечнае ганьбы сабе.
Сакавік 2008 г.

За што? I — дакуль?

I ўсё ж: за што, сусед, за што Ты так не любіш і не церпіш, Што аж гатоў дашчэнту сцерці, Душы крывіцкай хараство, — Яе святло, што ззяе ў мове, У кожным гуку, кожным слове, Развой яе нязводных дум, Яе адвечны смутак-сум, Яе любоў і міласэрнасць, Яе язычніцкую вернасць Сваім багам, сваёй зямельцы, Сваім сцягам, сваёй сямейцы? За што ж ты так яе, за што — Ужо не год, не пяць, не сто? Ні зразумець, ні разгадаць. І краю здзекам — не відаць.
Але ж і мы! Дакуль мы будзем Над нашым Словам гвалт трываць? Дакуль дадзім гнясці-трымаць Душу крывіцкую ў астудзе? Ці не пара, ці не пара Паклікаць з кожнага двара На Ўсекрывіцкі Сход пасла — Тысячакроць каб узрасла Сілішча нашай грамады, Каб мову — сімвал нашай волі Навекі вызваліць з бяды, Каб аніхто ўжо і ніколі — Ні хан, ні хам, ні сват, ні брат Не смеў яе за горла браць!