Выбрать главу
Сакавік 2008 г.

І я дарую вам...

А болей. Што ж там болей?..

Янка Купала
Калісь, гадоў таму ўжо трыццаць сем, Паддаўшыся Сатыравай спакусе, Я напісаў найшумную з паэм У творчым летапісе Беларусі.
Паэме выпаў незвычайны лёс: Як бомба, выбухнула неспадзеўна, I гэны выбух у шматкі разнёс Завалы афіцыйнага нудзення.
Яе чыталі нават тыя ўсе, Хто не чытаў ніякіх вершаў зроду. Жывое слова ў сіле і красе Прыйшлося вельмі дадушы народу.
Дасюль паэту ўдзячны просты люд. Але ж на тое мы і самі творцы, Каб годнае імя ўкачаць у бруд. А дзе ж дзявацца ад прыроднай корці?
I прычапілі дабрадзеі хвост Да справы чыстай, яснай нават дзецям. Такі хвасцішча, што і на пагост За мной пацягнецца — і ўсё смярдзецьме.
Ну, што ж! Нам іншай долі Бог не даў. Такія мы. Але й па ўздых апошні Я цвердзіць буду, хто б ні спавядаў: Усякі быў мой верш, але не пошлы.
Яго мне вера ўберагла мая. Таму і ведаю, чыёю воляй Я мушу ўсім вам дараваць. I я Дарую вам. «А болей. Што ж там болей?..»
Сакавік — красавік 2008 г.

Размова з памяццю

Што ты мучаеш, памяць, мяне — Так бязлітасна, так неадчэпна? Я тапіў цябе ў ярым віне — Не ўтапіў. Хоць і піў невычэрпна.
Дні і ночы работай душыў Дух і плоць — каб не даць табе волі, Каб не ўзняўся з прадоння душы Скрушны боль, што не знае патолі.
Толькі ўсё, што рабіў і раблю, Каб на церні былога забыцца, — Марны клопат. Люблю — не люблю, Мне прысудаў тваіх не пазбыцца.
Кожны зрыў кожны крок за «сцяжкі», Кожны прыкры нязлосны правінак Ты караеш, як грэх найцяжкі, Як віну перад Маці-Краінай.
Што ж так мала вяртаеш ты мне З перажытага сонечна-шчасна? Светлячком уначы прамільгне Згадка-радасць і тут жа пагасне.
I ты зноў чарнатой, гаркатой Напаўняеш усе мае думы. Шчырым хростам самой Прасвятой Я малю: сунімі свае тлумы!
Дай мне светла з табою дажыць — З тым усім, чалавечна-прыгожым, Чым я ўсё-такі ўмеў даражыць — Насупор цемрасілам варожым.
Сакавік 2008 г.