Выбрать главу
Сакавік 2007 г.

А ўзбекі рабілі дзяцей...

Паводле статыстыкі

(вельмі сур'ёзнай навукі),

у 1926-м было:

узбекаў каля чатырох мільёнаў,

а беларусаў — у тры разы больш

(гл. «Геаграфію» Смоліча).
I адны, і другія — і ўзбекі, і мы, беларусы, у наступныя годы і дзесяцігоддзі заняліся рупліваю працай. I тыя, і тыя — сваёй, не адною і той жа.
Мы пачалі вырабляць з прывазнога металу станкі, — з прывазнога, вядома, свайго ж ані грама не мелі. I рабілі, рабілі, рабілі іх безлічы-безліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзбекі тым часам рабілі дзяцей — то ісь, маленькіх узбекаў...
Па заканчэнні вайны пачалі мы рабіць трактары і вялізныя аўтамабілі, не маючы нават і грама уласнай сваёй сыравіны, — можна сказаць — з нічога, I рабілі, рабілі, рабілі іх безлічы-безліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзбекі тым часам рабілі дзяцей — то ісь, маленькіх узбекаў, і таксама — з нічога, ну ці амаль што з нічога: колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка?..
Пасля пачалі мы рабіць найвялікшыя ў свеце гумовыя шыны, не маючы, зноў жа, сваёй ні куска сыравіны, гэта значыць — з нічога. 10 гадоў, і 15, і 30 рабілі, рабілі, рабілі іх безлічы-безліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзбекі тым часам рабілі дзяцей — то ісь, маленькіх узбекаў, і таксама — з нічога, ну ці амаль што з нічога, — колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка!..
I вось што мы маем, як колісь казалі, у скутку (у выніку, значыць): на сённяшні дзень беларусаў у тры разы менш, чым узбекаў, якіх ужо 30 мільёнаў. А помніце? Нас было ў тры разы больш, чым узбекаў, у тры разы болей! Але мы рабілі, рабілі й рабілі цяжкія машыны, не маючы ўласнай, сваёй ні куска сыравіны, — можна сказаць: з нічога. А ўзбекі рабілі, рабілі й рабілі дзяцей, то ісь, маленькіх узбекаў, таксама — з нічога, ці амаль што з нічога, — ну колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка?..
Вось і ўсё. I рабіце высновы, браткі беларусы. А што іх рабіць? Яны робяцца самі. Аднойчы, не так і няскора, на багаславёнай зямлі між Дзвіною і Прыпяццю, Бугам і Сожам будзе гучаць толькі родная наша узбекская мова.
2007

Мая дзіцячая рэпліка з гадоў акупацыі да ўчарашняй дыскусіі мужоў сталых

Напярэдадні Дня Перамогі у гэтым, 2007-м, знаўцы гісторыі нашай дыскусію распачалі — у свабодным эфіры: ці справядлівай ці несправядлівай была барацьба беларусаў супроць акупантаў нямецкіх? Ці трэба было беларусам ісці ў партызаны, падтрымліваць іх, адзяваць і карміць, абмываць і лячыць — і помсту праз гэта прымаць ад нямецкага войска.
«А гэта, вы знаеце, як паглядзець на вайну і на мэту змагання», — пратарарэкаў спакойна, разважлівым тонам адзін дыскусійнік. «Так, так, — пагадзіўся яго суразмоўнік, па дыхту відно — тарарэка запраўскі. — Адзінай высновы няма, бо залежыць — якою хто праўдаю мерае.
Што вёскі гарэлі з жывымі людзьмі — гэта дрэнна, вядома. Але — гэта наша ацэнка. А тыя, што гэта рабілі — рабілі з упэўненасцю, што праўда на іхным баку і што супраціў учыняць ім няможна. Ёсць праўда і праўда, і хто можа сёння сказаць: справядліва ці несправядліва?»
Так разважалі дарослыя, адукаваныя людзі. Я слухаў — і мушу прызнацца: мне вельмі зрабілася сумна. Госпадзе Божа мой! На беларускай зямлі — на зямлі Трасцянца, Калдычэва, Хатыні, Азарычаў, «Ямы» — ім пра такую і гэткую праўду і льга тарарэкаць!..