Выбрать главу
«Заклінаю вас: Не будзьце хілымі! I пад небам роднай стараны Толькі Перад брацкімі магіламі На калені падайце, сыны!»
Як сваё — твой кліч я зноў і зноў Паўтараю: «Дзеці! Не пасмейце На калені падаць перад злом! Бо адрыне Маці і па смерці!..»
На сядзібе той, у хаце той Я гасціў не раз, было й з начлегам, Як у храме Дзевы Прасвятой, Прычашчаўся і віном і хлебам.
Лік Балгарыі з глыбі вачэй Мне тады явіла баба Неда — Матухна твая... Каб балючэй Роднае мяне карала неба.
Балючэй! За тое, што не быў Бацькаўшчыны абаронцам годным. Прысягаў: люблю. А што зрабіў, Каб навекі край мой стаў свабодным?
Стаў такім, як твой: ад нічыёй «Дабрадзейскай» волі не залежны, I з любой людской далечынёй Мірам і любоўю быў сумежны.
I любоўю... О, мой пабрацім! Як і ты, з любові я не выбыў. Нават трохі ганаруся тым, Што спрычыніў твой любоўны выбар,
Што пасобіў далучыць цябе — Дар твой светлы, позірк галубіны Да паўсталага ў тузе-журбе Слова вешчага маёй краіны.
Больш ужо, як паўжыцця свайго, За Дунай, у засень стром балканскіх, Ты нясеш нятленны дух яго Да разнасцежаных сэрц балгарскіх.
I чаруеш душы землякоў — Як сваім уласным. Дай жа Божа I яшчэ табе шмат-шмат гадкоў Думы братнія яднаць прыгожа!
Пані Мінцы — мой паклон, па ўсім. Ах, калі б вы з ёй маглі пабачыць «Здравец» вапі на лецішчы маім! Як разросся!.. Штось і гэта значыць.
Жнівень 2007 г.

Згадка пра паланез

Не перанесці... Не вытрываць... Сэрца заходзіцца. Млее ў грудзёх. Сілы, здаецца, пакінуць вось-вось і ператнецца дыханне... Як жа так сталася? Як жа так сталася, што без цябе слухаю гэтую боскую музыку? Сам. Без цябе. Тваё крэсла пустуе. А поміпо: як трэба было мне, як мусіў я пераглянуцца з табой, каб убачыць, як ты выціраеш хусцінкаю слёзы — ад шчасця, што чуеш яе, гэтую боскую музыку... У тыя хвіліны я сам быў бязмежна шчаслівы. I ўдзячны бязмежна — Радзіме, Табе і Агінскаму.
2006-2007

Дзіўнае штось

З нейкага часу, дакладна не помшо, ужо даўнавата, — як пачала набліжацца ізноў, у чацверты ўжо раз, самая горкая, самая страшная, самая чорная дата — дзень, калі ў сэрцы маім і апошні праменьчык пагас, —
дзіўнае штось адчуваю я ўсёю істотаю з лёсам нязгоднай: быццам зусім не да сумных угодкаў тваіх трэба ладзіцца мне — не да прывычнага ўжо пакланення магілачцы роднай, а да чагосьці такога, што толькі здараецца ў сне.
Быццам бы, быццам, нарэшце, і скончыцца наша расстанне-разлука. Скончыцца гэтая наканаваная мне неадкупная мука.
Ліпень 2007 г.

* * *

Для чаго ты мне іх падарыла — гады дажывання? А гэта мне ты падарыла іх, ты, толькі ты! Ну але для чаго? Для таго, каб я мог яшчэ нешта зрабіць — трывалей, чалавечней? Для таго, каб хоць трохі грахі замаліць перад Богам? Ці мо ўсё ж для таго, каб яшчэ і яшчэ раз я мог прыгадаць, якой ты шчаслівай была у студэнцкія нашы гады? Раней так выразна і гэтак балюча чамусь не прыгадвалася.
2006-2007

* * *

Калі, дасць Бог, для памяці тваёй яшчэ зраблю я тое, што хачу — без крыўд сыду на вечны супакой і перад лікам Маці Прасвятой апошні раз удзячна памаўчу.
Жнівень 2007 г.

Па звычцы

Хвароба, што лічыцца панскай здаўна, такія дала мне турботы — так пЗльцы скруціла, што хай бы яна сышла на гнілыя балоты.