Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камлях вашых прысад?
- Зірні, ты зірні: якое гэта прыгоства! - казаў Турсевіч сябру, паказваючы з ганка свае кватэры на роўны шлях і на ўвесь малюнак, што раскрываўся перад імі. - Які разгон, які прастор! Які вясёлы тон малюнка і колькі ў ім разнастайнасці! А вось гэтыя бярозы каля мае хаты: паглядзі, якія яны слаўныя!
- Я аднаго не разумею, - сказаў Лабановіч, любоўна агледзеўшы краявід. - У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд як аб краі бедным, заняпалым. І нідзе ты ў падручніках геаграфіі не знойдзеш больш-менш сталага апісання Беларусі. Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расеі. Чым яна слаўная? Нічым. Вось балоты ёсць, ды яшчэ на ўвесь свет вядомая хвароба - каўтун. І мы з гэтым легкадумна згаджаемся, мы ўсё гэта прымаем на веру, бо, як ты сказаў праўду, над намі пануе шаблон, шаблон пустых слоў, пустыя выразы, чужыя формы думак і чужы змест іх. Выходзячы з гэтага, мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго! - слова «стыдаемся» Лабановіч прамовіў з націскам, пры гэтым выраз яго твару змяніўся, а ў вачах загарэўся агеньчык нейкай злосці. У ім абудзіўся цяпер, хутчэй інстынктыўна, чым свядома, пратэст супраць зневажання і прыгнечання правоў народа, і ён, як сын гэтага народа, з якім чуў цесную сувязь, стаў на абарону яго правоў.
- Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я - англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, расеец і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы - беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх. Мы ведаем такое здарэнне з адным нашым знаёмым настаўнікам, да якога прыехала з дому матка. У яго былі госці. Ён пры гасцях не пасмеў пазнаць свае мацеры: «Ідзі ты, кажа, кабетка, на кухню: там цябе накормяць».
- Гэта - свінства! - адклікнуўся Турсевіч і плюнуў з нейкаю агідаю. - Баяўся мужыком здацца і выявіў сваё поўнае хамства.
Сябры некаторы час ішлі між прысад, а потым звярнулі на дарожку, гладка ўезджаную сялянскімі санямі, і пайшлі ў бок чыгункі.
- Я хачу паказаць табе даўнейшыя могілкі, - сказаў Турсевіч і павёў сябра ў невялічкі лясок на ўзгорку недалёка ад дарогі.
Дзе-нідзе на гэтых могілках тырчалі рэшткі крыжоў, панура нахіленых над зямлёю, і невялічкія гарбкі, закрытыя снегам. Між высокіх дрэў стаяла дзервяная каплічка з пабітымі вокнамі. Яна была пабудавана ў асобым стылі і мела арыгінальны выгляд. Яшчэ і цяпер па глухіх кутках Случчыны, напэўна, захаваліся такія каплічкі. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Дзервяны дашок яе прагніў і зяўраў чорнымі дзіркамі. Ухапіўшыся за выступ падваконня, Лабановіч зазірнуў у сярэдзіну каплічкі. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Усярэдзіне каплічка мела яшчэ досыць свежы выгляд, але ўсё ў ёй было пахмурным і страшным, і самі сцены, здавалася, сурова пыталі: «Чаго табе трэба тут, пустацікавец? Якое ты маеш права парушаць спакой гэтае святыні?»
- Каб я ўмеў маляваць, - сказаў Лабановіч, - я перанёс бы яе на паперу.
- Цікавая каплічка, - згадзіўся і Турсевіч. - Вось я і прывёў цябе сюды, каб паказаць яе. І ведаеш, якое было тут нядаўна здарэнне. Адзін тутэйшы абывацель з шляхты быў на паляванні. Сабака выгнаў ліса. Ліс схаваўся пад алтар каплічкі. Паляўнічы пачаў капацца і забіў ліска. Аб гэтым даведаўся бацюшка, падаў на суд за абразу святыні. Адным словам, завязалася цэлая громкая справа.
- А ведаеш, і мне не шкада, што гэтага паляўнічага на суд падалі, - адказаў Лабановіч. - Разумеецца, справа тут не ходзіць аб абразе, але сам па сабе гэты выпадак моцна скрабе сэрца: бедны звярок думаў знайсці сабе тут ратунак.