Выбрать главу

- Пан з паняю паехалі ў Хатовічы, дома паненкі і Чэсь.

- Проша, проша! - падбегла Габрынька і папрасіла Лабановіча заходзіць далей.

Маленькая, жвавая смуглянка, здавалася, была вельмі рада госцю. Жывыя і бойкія вочкі яе так і свяціліся радасцю.

- Калі ласка, проша да пакоя!

Габрынька ўзяла лямпу і павяла госця ў прасторны пакой.

- Сядайце, калі ласка.

- Я, можа, не ў час зайшоў да вас і пашкодзіў вам у рабоце? - запытаўся Лабановіч.

- Барані Божа! Якая ж у нас работа?.. Вы так рэдка да нас заходзіце...

- Што маю права часамі і спыніць вашу работу, асабліва калі яна непрыемная?

- Работы, пане настаўніку, ніколі не пераробіш.

- Гэта праўда.

- Ці не можна ведаць, якая праўда? - вясёлым, маладым голасам прамовіла панна Ядвіся, падыходзячы да настаўніка. - Добры вечар, пане Лабановіч!

Ядвіся падала руку, ускінула на настаўніка свае чыстыя цёмныя вочы і затрымала на ім свой погляд, як бы штось чытаючы на яго твары.

- Што ж гэта вас не відаць нідзе? - прамовіла яна. - І да нас не заходзіце.

- Каб я да вас часта заходзіў, то, напэўна, не заўважыў бы, як вы пахарашэлі, - смеючыся, адказаў Лабановіч.

Ядвіся на міг апусціла вочы.

- Цяпер я вас разумею, - сказала яна. - Вы чакалі, покі я не пахарашэю, бо такую, якою вы сустракалі мяне першыя разы, вам непрыемна было бачыць? Праўда?

- А панна Габрыня за гэты час пастарэла, - не адказваючы на пытанне панны Ядвісі, сказаў Лабановіч.

- Ну, што гэта вы! Як бы раней намовіліся, - запратэставала маленькая Габрынька. - І татка называе мяне старэнькаю, і вы тое самае кажаце.

- А вы мне не адказалі, - стаяла на сваім Ядвіся. - Я ад вас не адступлюся, покі не адкажаце.

- Ну, то ў такім разе я ніколі не адкажу вам, бо мне вельмі будзе цяжка, калі вы адступіцеся ад мяне.

Ядвіся прыкінулася ўсерджанай і нецярпліва тупнула.

- З вамі ніяк нельга да праўды дайсці. А вось жа я адступлюся: хачу паглядзець, як вам будзе цяжка.

Панна Ядвіся адышлася і села на канапу.

Лабановіч перайшоў у цёмны куток пакоя.

- Куды ж вы схаваліся? - спыталася Габрынька.

- Я не хачу, каб ваша сястра бачыла, як мне цяжка.

Паненкі заліліся вясёлым смехам. Панна Ядвіся зняла з лямпы абажур і падышла да Лабановіча.

- Пакажыце, як вам цяжка?

- А цяпер мне зусім лёгка! - смяяўся Лабановіч.

- У вас сем пятніц на тыдні! - сказала Ядвіся і папрасіла яго бліжэй да лямпы.

Настаўнік і паненкі селі каля стала.

- Дзе ж вы былі і каго вы бачылі за гэты час, покі мы тут старэлі і харашэлі? - не вытрымала панна Ядвіся, каб не засмяяцца.

Лабановіч пазіраў на яе вясёлы і дапраўды пахарашэўшы твар, на гэтыя тонкія, прыгожа скругленыя бровы. Яму было прыемна ў кампаніі гэтых дзвюх мілых дзяўчынак.

- Перш-наперш прашу прабачэння, што не перадаў вам паклонаў ад Сухаварава і Турсевіча.

- Ну, як жыве пан Турсевіч?

- А чаму вы наўперад не запыталіся, як жыве Сухавараў? - запытаў Лабановіч і бачліва паглядзеў на Ядвісю.

Ядвіся і Габрыня пераглянуліся, усміхнуўшыся. Як відаць, у іх была гутарка аб Сухавараве, і яны знайшлі ў ім нешта такое, з чаго цяпер смяяліся.

- Вы не чулі, як пан Сухавараў грае на гітары? - спытала Габрыня, не вытрымала і залілася смехам.

Ядвіся стрымлівалася, паглядаючы на настаўніка. А потым і яна засмяялася, ды так заразліва, што і Лабановіч смяяўся, гледзячы на іх; нават малы Чэсь, які ўвесь час моўчкі сядзеў каля печы, мусіў смяяцца.

- Калі дазволіце, я скажу прычыну вашага смеху.

Сёстры адразу перасталі смяяцца.

- Ну, скажыце! - разам прамовілі яны.

- У вас была гутарка аб Сухавараве. Вы зацікавіліся - які выгляд мелі б губы пана Сухаварава ў той час, калі б ён граў на гітары і сам падпяваў бы.

Ядвіся апусціла галаву. Зірнуўшы на Габрыньку, яна не магла ўтрымацца ад смеху і дала яму поўную волю.

Лабановіч дагадаўся, што правільна зразумеў прычыну іх смеху.

- Што, праўда?

- Вы не аматар адгадваць, - адказала Ядвіся. - Усё гэта вы самі выдумалі.

- Панна Габрыня, напэўна, скажа праўду.

Габрыня зірнула на Лабановіча, потым на Ядвісю. Дзяўчаты зноў засмяяліся.

- Вы праўдзівы ці не? - нечакана запытала настаўніка Ядвіся.

- Чаму вы так пытаецеся? - здзівіўся крыху Лабановіч, пазіраючы ёй у вочы.

- Проста, мне цікава ведаць.

- Як бы я вам ні адказаў, усё роўна вы не паверыце.

- А чаму вы думаеце, што я вам не паверу?

- Каб вы мне паверылі, то, я думаю, вы не пыталіся б у мяне аб праўдзівасці.

- Але вы не ведаеце, ці веру я вам, ці не; не ведаеце, ці лічу вас праўдзівым. Мне проста хочацца ад вас пачуць, як вы думаеце пра сябе.