Выбрать главу

- Значыць, вы самі пра мяне ўжо думалі? - усміхнуўшыся, запытаў настаўнік.

Ядвіся крыху замяшалася, і ледзь прыметны румянец выступіў на яе шчоках.

- Калі вы спаткаеце чалавека, дык не можаце аб ім не падумаць, - сур'ёзна прамовіла яна.

Лабановіч на хвіліну задумаўся.

- Прызнацца, я ніколі не цікавіўся гэтым пытаннем. Тут, на �алессі, дзе людзей сустракаеш мала, можа, і задумаешся над кожным чалавекам, які ні пяройдзе перад тваімі вачамі. Але ў горадзе, дзе не паспяваеш больш-менш стала заўважыць твар кожнага стрэчнага, я думаю, што гэта проста немагчыма. Можа, дзе ў мазгах гэты працэс і выяўляецца, але ў нашай свядомасці ён дапраўды не адбіваецца.

- Я ў гарадах не была, - адказала панна Ядвіся, крыху нахмурыўшыся.

- Ах, Ядвіська! Што ж гэта мы: і не падзякавалі пану настаўніку за кнігі.

- Выбачайце, я і забылася. Вельмі дзякую вам, - прамовіла Ядвіся.

- А вы прачыталі іх?

- Даўно прачыталі, - адказалі дзяўчаты.

- Я яшчэ прынясу, калі кнігі вам спадабаліся.

Служанка прынесла самавар. Селі піць чай.

- Ну, а як жа спадабаліся вам кнігі? - пытаў Лабановіч паненак за чаем.

- Вельмі цікавыя кнігі! - сказала Габрынька. - Мы іх чыталі цэлымі вечарамі.

- Ці гэта ўсё была праўда, што там напісана? - спытала Ядвіся.

- Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. І кожная звычайная з'ява жыцця, калі ахінуць яе ў прыгожую форму і асвятліць больш-менш яскрава тым ці іншым светапоглядам і пры гэтым яшчэ вызначыць тыя, часта непрыметныя пружыны выяўлення нашай душы, што звычайна не ўлоўліваюцца нашым вокам, - можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавядання. Хоць бы ўзяць для прыкладу вас. Можна б было, - каб знайшоўся такі, разумеецца, мастак, - цікава напісаць, як у глухім Палессі гадаваліся і раслі дзве красуні сястры. Гэтыя дзяўчаткі хочуць вырвацца на шырокі прастор жыцця, бо іх забівае і губіць гнілое паветра палескіх балот і гразь розных падонкаў культуры. Вось вам аснова апавядання, драмы і чаго хочаце. А ўжо справа самога пісьменніка дадаць тыя ці іншыя завязкі, узяць той ці другі тон, гледзячы па яго здольнасці... Для яго тут расчыняюцца шырокія магчымасці.

- Хоць бы ўжо вы не смяяліся з нас, пане Лабановіч, - засмучана адказала панна Ядвіся.

Лабановіч звярнуў увагу, што ён закрануў нейкія балючыя струны ў Ядвісі.

- А вы ўзялі б дый напісалі б аповесць аб дзвюх сёстрах, - сказала хітра Габрыня. - Напісалі б, што ў іх быў стары сабака Негрусь, у якога заўсёды цяклі з роту сліні...

Габрыня не магла гаварыць далей з-за смеху. Гэты смех перайшоў і на Ядвісю, і Лабановіча, бо Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на яго і наогул быў смешнаю псінаю.

- А я вам чагось не сказала, - гаварыла Ядвіся на развітанне настаўніку.

- Ну, скажыце!

- Не, скажу другім разам.

XVIII

Гэты вечар прайшоў вельмі хутка.

У тую хвіліну, калі Лабановіч вярнуўся ад пана падлоўчага, гадзіннік якраз збіраўся выбіваць час. Пашумеўшы і паскрыпеўшы, колькі яму было трэба, ён прабіў роўна поўнач. Настаўнік запаліў лямпу, узяў кнігу: ён меў звычай чытаць перад тым, як заснуць. Але з кожнага радка на яго пазірала панна Ядвіся, і чытаў ён зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок, ад слова на слова, а думаў пра Ядвісю.

«Не, з гэтага чытання нічога не выходзіць», - схамянуўшыся, падумаў Лабановіч.

Ён закрыў кнігу і колькі хвілін ляжаў нерухліва. Спярша ён чуў, як нейкае задаваленне прыемна запаўняе яго ўсяго, бо ў гэты вечар прымеціў, што панна Ядвіся ім вельмі цікавіцца. Яе акруглыя цёмныя вочы затрымліваліся на ім часта і доўга, то радасныя, то ясна-спакойныя, то крыху як бы засмучаныя, і глыбока западалі яму ў самае сэрца, хвалюючы яго. Усе словы яе, сказаныя ў гэты вечар, цяпер прымалі асаблівае значэнне, здаваліся мнагазначнымі, яшчэ яскравей выяўлялі вобраз гэтае дзяўчыны і яшчэ з большаю сілай захаплялі маладога настаўніка...

Але і другая думка зараз жа зачала сваю работу ў яго галаве і як бы клікала паглядзець на гэту справу іначай. Калі гэта яшчэ не зусім расцвіўшая краска палюбіць яго з усёю сілай першага кахання і даверыць яму сваё сэрца і маладосць і ўсё сваё жыццё, тады што?

І перад ім пачалі вырысоўвацца іншыя вобразы, і думкі яго пайшлі ў другім кірунку. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляю малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы і тым самым адсеч сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе? Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. І вось на гэтай дарозе ўжо ўстала адна перашкода... Але ці так гэта? Чаму перашкода? Ці не ёсць гэта адна з тых жыццёвых прыгод, якія аздабляюць жыццё? Не ўсе з'явы жыцця вымагаюць такога падыходу, бо тады яны страчваюць сваё хараство, сваю цэльнасць і вартасць. Да іх трэба падыходзіць проста, беспасрэдна. Каб так разважала пчала, яна, можа, і не затрымалася б каля краскі. Не заўсёды можна разважаць над пытаннямі: а што з гэтага выйдзе? чым яно скончыцца? І ці не ёсць ва ўсіх гэтых прыгодах адзнака нейкага закону жыцця, агульнага і прыватнага, які пільна стаіць на варце інтарэсаў жыцця і строга сочыць за тым, каб не парушалася яго раўнаважнасць?