Гэтыя думкі крыху закалыхалі і заспакоілі настаўніка, а вобраз Ядвісі так і стаяў уваччу, як бы смеючыся з яго разважанняў.
Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага.
- Добрая душа гэта паненка, - казала бабка і ўздыхала. - Уся ў матку пайшла... Не даў ёй Бог яшчэ пажыць трошкі, дзетак падгадаваць.
- Чаго ж яна, бабка, так рана памерла? - пытаў бабку настаўнік.
- Памерла, панічок... На ўсё воля Божая.
Панізіўшы голас, як бы баючыся, каб яе хто не пачуў, бабка казала:
- Ой, панічыку, цяжка ёй жылося з панам! Біў яе пан! Ды як яшчэ біў! У нябожчыцы пані былі пышныя валасы. Як распусціць, бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Ой, была жанчына, няхай са святымі супачывае яе душачка! Сама я, панічыку, бачыла, як біў яе раз пан. Узяў за косы, яшчэ на руку накруціў і вёў праз двор у пакоі. А што ён там рабіў ужо ў пакоі, то людзі таго не бачылі.
- Завошта ж ён біў яе?
- Ой, панічыку, натура ў пана цяжкая! Ой, цяжкая натура! Калі ўжо ссунуцца бровы і вусы абвіснуць, ну тады дабра не спадзявайся. Як бы на яго што найдзе. А так чалавек ён не кепскі. І пагаварыць любіць, і пашуткуе, і пасмяецца. Папросіш чаго, ніколі не адмовіць. І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Не даў Бог долі беднай пані. Старэйшай паненцы тады толькі дзесяты гадок пайшоў. А без маткі, панічок, самі ведаеце, цяжка жыць. Праз год ажаніўся пан другі раз. Добрая пані, што казаць, панічок, але для дзяцей - не родная матка.
Такія ўмовы сямейнага жыцця балюча адклікаліся на дзецях, асабліва на мяккай натуры панны Ядвісі, але яна была дзяўчына сукрытая, мела характар замкнёны і не жалілася на сваю долю. Дый каму было тут жаліцца? І смутак дзяцінства яна глыбока затаіла ў сэрцы, каб аб ім нават не дагадваліся людзі, бо пры ўсёй мяккасці свае натуры панна Ядвіся была гордая дзяўчына. І толькі на адзіноце з сабою давала яна волю сваім невясёлым думкам. Аб чым тады думала яна? А пэўна былі ў яе тыя ж думкі, што бываюць і ў нявольніка за мураванымі сценамі, якому так прынадна ўсміхаецца воля. Розніца толькі ў тым, што гэта воля добра вядома яму, тады як жыццё за межамі гэтых панурых лясоў і зацятых у сваёй маўклівасці балот Палесся было для Ядвісі яшчэ не зусім ясным і, стала быць, яшчэ больш павабным і прыгожым.
Але як бы там ні было, панна Ядвіся часамі бегала на колькі хвілін да старой Мар'і, не затым, каб паскардзіцца на свой смутак, а проста пагутарыць з ёю. Забягала яна ў тыя часы, калі Лабановіч быў на лекцыях, і то ўкрадкам, з усімі перасцярогамі, каб не спаткацца з настаўнікам. Бабка была кабеціна добрая, чулая на чужое гора і ўмела знайсці тыя простыя жывыя словы, што ішлі да душы, гаілі і заспакойвалі яе. Гэтыя пабачэнні доўгі час адбываліся цішком ад настаўніка, і бабка, якая ні была яна гаваркая, ніколі не казала аб іх «панічу», хоць таксама была моцна аддана яму.
Што ж цягнула панну Ядвісю да гэтае простае кабеціны? Трэба сказаць, што старая паляшучка была бабка добрая, спагадная і сваім простым сэрцам разумела, чаго бракавала маладой дзяўчыне, так рана страціўшай родную матку. Водгук на чужое гора жыў у яе сэрцы, бо і сама яна многа зазнала гэтага гора на сваім вяку, рана застаўшыся ўдавою з малымі дзецьмі. І трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што гаюча ідуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Скуль жа бяруцца гэтыя сілы, гэтыя ўласцівасці душы? Напэўна, з крыніц свайго гора і цяжкага змагання з жыццём за людскія правы, з гэтай цэльнасці наіўнай веры ў справядлівасць расплаты на тым свеце за ўсе пакуты на зямлі.
З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік, як ён часамі пакрыкваў на вучняў, сярдуючы на іх някемлівасць або праз меру падняты шум, каб потым задзівіць яго пераказамі таго, што рабіў ён у школе і як трымаўся з дзецьмі. А тонкая сцяна між кухняю і школаю дазваляла чуць усё, што рабілася ў школе. Ядвіся часта прыпыняла гутарку са старожкаю і прыслухоўвалася. Як толькі канчалася лекцыя і школа адразу ўздыхала вальней сваім шумам, Ядвіся, даўшы бабцы знак маўчаць, як спуджаная дзікая птушка, кідалася ў дзверы і знікала між будынін свайго двара, адкуль часта чуўся яе малады сакавіты голас і звонкая песня. А бабка, гледзячы ёй услед, сама сабе ківала галавою і смяялася доўгім ціхім смехам.