- Смешная, вясёлая паненка! - зазначала бабка.
Апавяданне бабкі аб доме пана падлоўчага зрабіла моцнае ўражанне на маладога настаўніка. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ў яго ўяўленні, а дапытлівая думка імкнулася ўнікнуць ва ўсе схованыя пружыны гэтае драмы чалавечай душы. І гэта трагедыя людскога жыцця авявала і вобраз панны Ядвісі, атуляла яго нейкай няяснай заслонай тайнасці цёмнай палескай глушы. І сама гэта глуш усё выяўней прымала своеасаблівы воблік, як нешта само сябе здавальняючае і існуючае сваім уласным жыццём, таемна пераплятаючыся і лучачыся з людскім лёсам.
Застаючыся на адзіноце з самім сабою, Лабановіч часта думаў аб Ядвісі. Ён нават размаўляў з ёю ў думках. І гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Ядвіся так міла і крыху хітравата пазірала на яго і смяялася. Яму самому рабілася так добра і ціха на душы ад гэтае размовы. Ён чуў, што нешта прыемнае ўліваецца ў душу і грэе яго сэрца. Але пры спатканні з Ядвісяю ён ніколі не выказваў таго, што гаварыў ёй без яе. Не то сарамяжлівасць яшчэ чыстага сэрца, не то нейкая асцярога стрымлівала сказаць ёй усё, што было на душы.
XIX
У хуткім часе пасля таго, як Лабановіч вярнуўся ад Турсевіча, да яго прыехаў Саханюк. Лабановіч быў моцна здзіўлены, угледзеўшы на парозе высокую, сухарлявую фігуру хатовіцкага настаўніка. Перш-наперш ніяк не чакаў яго ў госці, асабліва ў будны дзень.
- Зд'ястуйце! - прамовіў Саханюк, прычым губы і вочы смяяліся вясёлым смехам. - Што, не чакалі мяне? - спытаў ён, павітаўшыся з калегам.
- Ніяк не чакаў, - здзіўлена адказаў Лабановіч, - ну, тым прыемней пабачыць вас тут. Заходзьце ж, калі ласка, у кватэру, а я зараз канчаю лекцыю і пушчу хлопцаў на абед... А можа, вам цікава пазнаёміцца з маёй школаю, то будзьце ласкавы.
Саханюк больш з далікатнасці прайшоўся між вучнёўскіх лавак, заглядаючы на грыфелевыя дошкі і на сшыткі вучняў, а потым прыпыніўся каля шафы з кнігамі і слухаў, як калега вёў работу і якія адказы давалі вучні.
Лабановіч стараўся не скасавацца перад Саханюком і паказаць сваю школу з найлепшага боку. Запытанні так і сыпаліся адно за другім, а следам за пытаннямі выклікаліся вучні. Яны давалі досыць добрыя адказы.
- Можа, паэкзаменуеце маіх вучняў? - спытаў Лабановіч Саханюка.
Саханюк махнуў рукою, даючы гэтым знаць, што ён не мае ніякіх запытанняў.
- Схавайце кнігі! - звярнуўся Лабановіч да вучняў.
Дзеці борзда пахавалі кнігі і дошкі.
- Малітву!
Школа хорам праспявала малітву прад абедам. З шумам рынуліся дзеці на вуліцу і запоўнілі яе сваімі звонкімі галасамі.
- Ну, як вам падабаецца мая школа?
- А нічога, добра! Добра!.. Вы, відаць, многа працуеце?
- Працаваць-то прыходзіцца. Толькі мне ўсё здаецца, што ў маёй працы чагось не стае і што я раблю не так, як трэба.
Настаўнікі ўвайшлі ў пакойчык.
- Э, плюньце вы на гэта, - прамовіў Саханюк. - Навучылі чытаць, пісаць і задачы развязваць і - шабаш! Вы думаеце, медалёў заслужыце? Або свет гэтым перавернеце? Інспектар знойдзе, да чаго прычапіцца. Ну, у самым лепшым выпадку падзяку напіша, а дырэкцыя вам дзесяць рублёў вышле. Але сваё здароўе даражэй.
- А як вы сваю школу пакінулі?
- А дзе яна дзенецца? У лес не пабяжыць, - адказаў, смеючыся, Саханюк.
«Відаць, брат, ты не так сюды прыехаў», - падумаў Лабановіч.
- Мусіць, у вас нейкая важная справа, калі так. Можа, часамі ў сваты прыехалі да каго? - мяняючы тон размовы, жартліва запытаў яго Лабановіч.
- А што ж? Сватайце. Гуляць будзем.
- Дык бачыце, я кепскі сват. Каб часамі з-за дзяўчыны не пасварыліся.
- Каб з-за дзяўчыны ды яшчэ сварыцца! Ці мала гэтага дабра на свеце? Хопіць на наш век!.. Паміж іншым, вамі цікавіцца адна паненка.
- Паненка? Якая?
- Такая, што ўсё аддай - і мала!
- Ну, хто ж такая?
- Кажа: хацела б пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.