- Далёка, панічыку, ездзіць, - важна і аўтарытэтна прамовіў стараста.
- Усё роўна, - махнуў рукою Сцяпан Рылка, той самы, што калісь вазіў настаўніка да воласці.
На працягу гадзіны часу ўсё сяло набрала сабе свянцовай вады. Бабка ў гэты дзень адчувала сябе найважнейшаю асобаю ў сяле.
Колькі разоў заклікаў Лабановіч цельшынцаў да школы. Ва ўсе хаты разносілі вучні весткі аб тым, што вось у такі вечар настаўнік запрашае жыхароў у школу, дзе ён будзе гаварыць і чытаць. На першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. Як-ніяк, гэта ўсё ж такі было цікава для палешукоў. Палешукі, галоўным чынам сталыя людзі, важна селі на лаўках, а дзяўчаты і маладыя хлопцы збіліся каля дзвярэй, пашчыпваючы адны другіх і перасмейваючыся.
Калі ўсе сабраліся і пазаймалі месцы, прыйшоў настаўнік. У кароткіх словах ён выясніў слухачам, дзеля якое мэты сабраў іх сюды, і ў аснову свае прамовы палажыў тую думку, што чалавек павінен імкнуцца, каб жыццё было добрае і карыснае, якім чынам можа паляпшацца яно, як трэба ісці чалавеку, каб гэта паляпшэнне было сапраўдным і значным. Ён стараўся зацікавіць слухачоў, прыводзіў жывыя прыклады з іх жыцця, праўдзівыя, простыя і зразумелыя. Ён добра падгатаваўся да прамовы, гаварыў гладка, часамі з натхненнем. Але яго вельмі здзівіла, што дзяўчаты зусім не слухалі і больш цікавіліся сваімі кавалерамі, чым яго прамоваю. Старыя палешукі хоць і слухалі, але то той, то другі шырока расчынялі сківіцы і пазяхалі. А ў канцы прамовы Максім Цялушка зазначыў:
- Усё гэта праўда, панічок. Але куды ўжо нам вучыцца? Няхай хіба яны вучацца, а мы ўжо так дажывём.
Пры слове «яны» Максім паказаў рукою на вучняў.
XXII
Зрабіўшы яшчэ адну ці дзве такія спробы і заўважыўшы, што з кожным разам лік слухачоў памяншаецца, Лабановіч махнуў рукою. Але што было рабіць і чым яму заняцца? У будныя дні з ранку да вечара ён быў у школе. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было падзець гэты вольны час? Ён садзіўся за чытанне, зубрыў на ўсякі выпадак розныя падручнікі, пісаў лісты да сяброў, таксама закінутых у глухія куткі Беларусі; нават паспрабаваў весці дзённік, куды запісваў свае думкі, настроі і перажыванні. Спярша гэты дзённік яго моцна захапіў, і Лабановіч сядзеў над ім цэлымі гадзінамі. Разумеецца, у дзённіку самае важнае месца адводзілася адной дзяўчыне. Боязь, каб дзённік не папаў каму-небудзь у рукі і не расчыніў таямніцы яго душы, прымушала шукаць адмысловыя спосабы і формы запісаў, ужываць розныя алегорыі. Але праз тыдзень пісанне было закінута, бо самому аўтару яно здалося вельмі наіўным і смешным.
А што ж гэта дзяўчына, якая так моцна парушыла спакой маладога настаўніка, што думала яна? А яна загасцілася ў Гарадзеншчыне і, як відаць, не вельмі спяшалася дадому. Такая няўвага з боку Ядвісі крыўдзіла і абражала яго. Лабановічу хацелася, каб яна хутчэй вярнулася сюды, не з тае прычыны, што ён зараз жа збярэцца і пабяжыць да яе. Не, зусім не. Ён проста хоча паказаць ёй поўную няўважнасць да яе асобы. Ён нават колькі разоў пройдзецца ўдзень каля яе вокан, але і галавы не паверне ў яе бок і знаку не дасць, што яна цікавіць яго, што яму без яе цяжка і сумна. Ён толькі нацешыцца сваёю помстаю, але нічога не скажа аб гэтым.
У святочныя дні было яшчэ горай, бо яшчэ больш было вольнага часу. Лабановіча цягнула ў людзі, але ён цвёрда пастанавіў нікуды не хадзіць. Дый куды, сказаўшы праўду, пойдзеш? Курульчука няма, на Прыпяць перабраўся. Лабановічу вельмі шкада было Курульчукоў. Аб Марыне асталіся адны толькі чыстыя і прыемныя ўспаміны. Часамі малады настаўнік наракаў сам на сябе, чаму бліжэй не пазнаёміўся з ёю. Такая была мілая і слаўная дзяўчына, і напэўна было ў яе найлепшае сэрца. Што ж замінала яму бліжэй стаць да Марыны?.. «Эх, - сказаў ён сам сабе, - так лепей». Да пана падлоўчага таксама не хацелася цяпер заходзіць, хоць ён, праўда, заклікае, і Лабановіч раней ні разу не адмовіўся сесці з ім за стол, каб добра выпіць і закусіць знамянітымі літоўскімі калдунамі.
Падвыпіўшы, падлоўчы быў у гуморы; ён успамінаў тады свае маладыя кавалерскія гады, свой жывы і гарачы нораў, свой спрыт да паненак.
- Я не ведаю, што цяпер за кавалеры, - казаў зневажальна пан Баранкевіч, - ні рыба ні мяса. Я, бывала, на галаве хадзіў! Падыдзеш да паненкі і так і гэтак. Бывала, у морду табе дасць - ну, і нічога. Хіба гэта абраза для кавалера, калі часамі заробіш ад паненкі па мордзе?.. Не, трэба табе, пане прафесару, з паннаю Людмілаю пазнаёміцца. А то сядзіш ты тут, як пень на дарозе... Калі-небудзь мы паедзем з панам да Завітанак, трэба ж крыху разварушыцца ды павучыцца, як каля паненак ходзіць.