- Куды ж ужо мне патыкацца да завітанскае красуні, - сказаў Лабановіч, - каля яе ўжо вельмі завозна.
- То што?.. Гэ! Бывала, толькі і сунешся туды, дзе кавалеры кішаць. Вось тут-та і ўся цікавасць, каб іх паадціскаць, насы ім усім нацягнуць і да сябе паненку прывабіць.
Падлоўчы не прамінаў здарэння навесці апавяданне на гэтакую тэму, дзе яму самому прыходзілася выступаць у якасці шчаслівага кавалера, які браў верх над усімі іншымі.
Пані падлоўчая, давольная і шчаслівая, слухала гэтыя выдатнасці свайго грознага мужа і, нібыта не верачы, казала:
- Ну, ты ўжо скажаш.
- А мне што? - важна зазначаў Баранкевіч. Ён быў глыбока пераконаны ў праўдзе ўсяго расказанага і ў правільнасці свайго кірунку ў гэтых справах. - Я не любіў каля паненак кісялём сядзець.
Потым падлоўчы падыходзіў да музычнае скрыначкі, заводзіў тыя кружкі, якія яму асабліва падабаліся, і падпяваў басам, у такт мелодыі памахваючы рукою. Другія кружкі заводзіліся спецыяльна для таго, каб аддацца смутным успамінам далёкага мінулага. Пан падлоўчы тады сядзеў нахмураны, цяжка соп носам і думаў. Пасядзеўшы крыху такім чынам, ён падымаўся з месца і ішоў у свой пакой на супачынак.
Лабановіч звычайна сядзеў яшчэ колькі хвілін і слухаў паню падлоўчую. Яна парывалася сказаць вельмі многа, яна хацела расчыніць сваю душу, выліць з яе ўсю тугу, увесь смутак свой, але словы ўпыняліся, не адпавядалі думкам, што імкнуліся знайсці найболей дакладную форму і не знаходзілі. Колькі разоў падкрэслівала пані падлоўчая, што яна вельмі паважае пана Лабановіча і лічыць яго як бы за роднага. Няскладна і перарывіста зазначала яна непаслушэнства і свавольства Чэся, зварачаючы ўвагу на тое, што ёй, як мачысе, вельмі трудна з ім справіцца, але яна цярпліва нясе свой крыж і незаслужана церпіць з-за хлопца.
Гаварыла пані падлоўчая ціха, задыхаючыся і кідаючы баязлівыя погляды ў той бок, куды пайшоў Баранкевіч. У няскладных, балючых і палахлівых словах было многа недаказу; у іх чуўся страх і сорам гэтага спавядання перад чужым чалавекам; адчувалася мітусенне яе душы, неадпаведнасць таго становішча, якое яна займае ў сям'і пана падлоўчага, з тым, на якое давала ёй права паходжанне і выхаванне.
Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі, бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё, а гэтага яму не хацелася. З другога боку, таксама і шкада было паню падлоўчую: відочна, ёй было тут цяжка. Але разам з гэтым і нейкае варожае пачуццё супраць пані падлоўчай падымалася ў Лабановіча. Для яго было незразумела, як яна так пакорна, без усякага змагання, пагадзілася са сваёю доляю і не мае сілы скінуць з сябе гэты крыж жыцця.
- А скажыце, калі ласка, - не ўтрымаўся раз Лабановіч, - што звязвае вас з сям'ёю пана падлоўчага? Вы тут - чалавек вольны. Цяжка вам, вы чуеце несправядлівасць, - што ж вас можа ўтрымаць ад таго, каб кінуць гэта жыццё і стаць вольным чалавекам?
На твары пані падлоўчай адбіўся жах. Гэта думка, як відаць, ні разу не прыходзіла ў яе галаву. Нерухомая і маўклівая, сядзела яна за сталом, сціснуўшы рукамі галаву. Потым пані ўсміхалася нейкаю кіслаю ўсмешкаю, як бы хочучы сказаць, што ўсё гэта - глупства і што аб гэтым не варта было і гаворку пачынаць, а жыць на свеце наогул цяжка і наогул трэба пагадзіцца са сваёй доляю. Лабановіч сказаў тады ёй нешта такое, што так ці іначай магло палепшыць настрой, развітаўся і пайшоў з дому Баранкевіча.
Яшчэ адно здарэнне прыпомнілася цяпер настаўніку. Неяк на гэтых днях, па часе размовы з паняй падлоўчай, зайшла яна вечарам да яго. Пані была моцна ўсхваляваная і заплаканая.
- Выбачайце, калі ласка, што я зайшла да вас, - прамовіла яна, - але я вас вельмі паважаю і лічу вас за роднага... Божа мой! Што мне рабіць? Што рабіць мне? Няма сілы больш цярпець!
Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру, але не распытваўся аб гэтым, і сама пані падлоўчая чамусь не гаварыла, не вінаваціла свайго мужа, а толькі казала, як ёй цяжка наогул.
- Што ж вам можна параіць? - запытаў Лабановіч. - Калі маеце куды паехаць, то што ж? Паедзьце. Я б на вашым месцы не пагадзіўся б з такім жыццём. Якое ж гэта жыццё?
- Вы ведаеце натуру пана падлоўчага?
- Я чуў. Ну, што ж паробіш, калі ў чалавека такая натура?
- Ох, мой паночку! Як трудна яму ўнаравіць! Ну, няхай я нягодная, але ж ён і першую жонку ў магілу ўвагнаў і мяне ўгоніць. - Пані падлоўчая плакала. - І ўсё я вінавата. Чэсь кепска трымае сябе - я ў адказе. То робіш не так, то ходзіш не гэтак! Што б ні выйшла, усё я вінавата.
Лабановіч не ведаў, што сказаць, якую даць параду. Пані падлоўчая выплакалася, вылажыла з душы ўвесь свой смутак і гора і крыху заспакоілася. Усміхаючыся скрозь слёзы, прасіла яна Лабановіча нічога нікому не казаць. Яна яшчэ раз сказала, што толькі з ім пагаманіла аб гэтым, бо лічыць яго вельмі добрым, зусім родным чалавекам, развіталася і выйшла, просячы прабачэння.