Бабка пазірала на настаўніка. Яе таксама ахапіў нейкі страх; такая відочная змена зрабілася раптоўна з «панічом», і выгляд у яго нейкі дзіўны.
Яна павольненька адступіла на крок, бліжэй да дзвярэй, не зводзячы з яго вачэй. Крыху пастаяўшы, яна паківала сама сабе галавой і ціхенька выйшла з пакойчыка. Стоячы за дзвярамі ў кухні, яна колькі хвілін прыслухоўвалася. Але настаўнік трымаўся ціха. Бабка крыху заспакоілася.
Лабановіч устаў і прайшоўся па пакоіку. Думка аб неадхільнасці смерці моцна ўзрушыла яго і засела ў мазгах.
«Калі б я сказаў каму: асцерагайцеся мяне - я нашу ў сабе смерць, напэўна, на мяне паглядзелі б, як на вар'ята, і ва ўсякім разе спужаліся б, - падумаў Лабановіч. - І тым не меней гэта так. Але чаму ж людзі аб гэтым не думаюць?.. А можа, і думаюць і напэўна многа думаюць, толькі думкі гэтыя трымаюць пры сабе, бо што казаць пра іх таму, хто і сам мае такую ж долю?»
Ранейшыя думкі аб смерці зноў прыйшлі цяпер яму ў галаву. Часамі ідзеш у дарозе. Дарога трудная, ногі баляць, а дадому яшчэ далёка. І думае падарожны: «Будзе ж такі момант, калі я ступлю на парог свайго дома, і скончыцца мая дарога». «Таксама будзе, - разважаў Лабановіч, - такі момант, калі я ступлю апошні крок майго жыцця, апошні момант, а там - смерць, там - канец!.. А далей што? Далей - цёмная і жудасная ноч нябыту. А калі гэта так, то ці варта наогул жыць? Жыць, каб памерці?»
Паставіўшы такое пытанне, Лабановіч задумаўся. Ён ніяк не мог пагадзіцца з думкаю аб смерці. У гэты момант яна была для яго найбольшым ворагам на свеце і як бы засланіла сабою ўсё, здушыла яго, замкнула ў нейкі цёмны і цесны круг.
Ніхто не хоча паміраць, ніхто. Тут яму ўспомнілася панна Ядвіся. Колькі разоў чуў ён ад яе, што яна вельмі хацела б памерці. Лабановіч ніколі не даваў ёй у гэтым веры, бо цвёрда быў пераконаны ў тым, што кожнаму хочацца жыць, як бы яму цяжка ні жылося на свеце. Нават глыбокая старасць не хоча ісці ад жыцця. І сказанні народа пацвярджаюць гэта. Як вядома са Святога пісання, Матусал жыў больш за ўсіх на свеце. У часе сканання з'явіўся яму Бог і спытаў:
- Вось ты меў доўгі век. Скажы ж мне, як здоўжылася табе жыццё?
- Мне здаецца, што я ўвайшоў у дзверы аднаго дома, прайшоў праз яго і выйшаў у другія - так уяўляецца даўжыня майго жыцця.
- Ну, а ці хацеў бы ты яшчэ жыць?
- Хацеў бы, Божачка.
Падумаўшы, Матусал запытаў:
- Божа! А ці трэба ўміраць другі раз?
- Трэба, - адказаў Бог.
- У такім разе я не хачу жыць болей.
Людская мудрасць, такім чынам, зазначае, што страх смерці мацней жыцця, мацней самое смерці. А самагубцы? Жыццё дае многа прыкладаў, калі людзі самі накладаюць на сябе рукі. Як зразумець гэта?
Калі чалавек любіць жыццё, дык што змушае яго на самагубства. Кажуць, у чалавека слабая натура, яму бракуе сілы змагацца з нягодамі жыцця. Калі і сапраўды натура яго слабая, скуль жа гэта сіла перамагчы страх смерці і падняць на сябе руку?.. Нейкая недарэчнасць. Адно супярэчыць другому.
Лабановіч зацікавіўся гэтым пытаннем, яму хацелася як бы стаць на месцы гэтых самагубцаў і паглядзець іх вачамі на справу жыцця і смерці. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства - адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. А ўсе, наогул, імкнуцца выбраць найболей лёгкі спосаб расквітання з жыццём. І яшчэ некаторыя з іх маюць звычай пакідаць перад гэтым запіскі, кароценькія, а то і доўгія. Лабановіч нядаўна чытаў у газеце запіску аднаго самагубцы. Ён пісаў: «Каб не так страшна было ўміраць, трошкі выпіў».
Нечакана для самога сябе, Лабановіч чамусь доўга затрымаў свае думкі над самагубцамі і самагубствам, непрыметна пачаў уваходзіць у ролю самагубцы.
«А што такое смерць? Момант - і больш нічога няма. Тады і думаць аб смерці не прыйдзецца, і нічога чалавеку не трэба будзе», - разважаў ён.
Нічога не помнячы і не даючы сабе яснага адказу ў тым, што ён робіць, нічога не ведаючы, што ён будзе рабіць, Лабановіч адчыніў шуфлядку ў стале. У самым канцы шуфлядкі, завалены паперамі і кнігамі, ляжаў рэвальвер, просценькі, на шэсць патронаў рэвальверчык. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка.
Цяпер гэты рэвальвер у яго вачах меў зусім другі выгляд і значэнне. Узяўшы яго ў рукі, настаўнік аглядзеў рульку, адкуль выглядала куля.
«Вось толькі прыставіць да віска, паціснуць дужку, узвёўшы гэту брамку, - і болю не пачуеш!.. Не, боль, напэўна, будзе, але ўсё гэта зробіцца так борзда, што мозг не паспее вызначыць выніку падзеі».