«Напэўна, гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, - падумаў Лабановіч. - Ну, не такая ўжо яна цікавая, як можна было б спадзявацца». Тым не меней ён устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына. Праўда, ён пайшоў не дзеля таго, што ў гэты бок паехала завітанская красуня, ён проста падаўся дадому. Але, сказаць праўду, у яго такі была думка - а можа, ён спаткаецца з ёю. Усё ж было б цікава паглядзець на яе яшчэ раз, разгледзець лепей. Ды ўжо, калі на тое пайшло, трэба зрабіць так, каб і на мезены палец не даць падумаць ёй, што ён шукае спаткання або зацікавіўся ёю. Не, няхай на гэта яна выбачае. Ён проста зробіць так, каб гэта выйшла зусім выпадкова. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць.
У Абрама была чыстая каморка, куды часамі заходзілі больш важныя госці, чым простыя цельшынцы, якія звычайна таўкліся ў агульным памяшканні-карчме, яшчэ па старому звычаю, калі Абрам трымаў шынок. Увайшоўшы ў гэту каморку, Лабановіч раптоўна спыніўся: за столікам сядзела тая самая дзяўчына, якая нядаўна праехала і аб якой ён усё ж такі думаў. Яна разглядала карталюшкі, якія падаў ёй стары шынкар, і падрахоўвала лічбіны. Лабановіч ніяк не спадзяваўся спаткаць яе тут і прыйшоў у такое замяшанне, што не ведаў, як яму быць: далей ісці ці вярнуцца назад. Панна Людміла - бо гэта была яна - зараз жа падмеціла яго нясмеласць і замяшанне, і гэта ёй, як відаць, спадабалася. Яна ўскінула на яго свае сінія вочы. Лёгкая ўсмешка бліснула на яе твары. І гэта ўсмешка як бы казала: «А я і ведала, што ты да мяне прыйдзеш». Панна Людміла была крыху знароўлена кавалерамі, бо ўсе яны ў тутэйшай акрузе лічылі сваім абавязкам аддаць ёй падатак свае кавалерскае ўвагі. Адзін толькі Лабановіч ухіляўся ад гэтага і ўпарта не хацеў пазнаёміцца з ёю.
«Напэўна думае, што я шукаю спаткання», - падумаў настаўнік і яшчэ больш замяшаўся.
- Выбачайце! - прамовіў ён, крута павярнуўся і выйшаў вон з каморкі.
«Як дрэнна і па-дурному выйшла ўсё гэта, - разважаў сам з сабою Лабановіч. - Выходзіць так, як бы я збаяўся яе і збег. Фактычна гэта так і ёсць. І яна, напэўна, смяецца з мяне. І другім яшчэ раскажа». Ён моцна быў нездаволены сабою, бо трымаўся, як які-небудзь школьнік у прысутнасці дзяўчыны, што хоць і незнаёма з ім, але добра ведае яго, як ведае і ён яе. А панна Людміла, застаўшыся адна, шчыра пашкадавала аб тым, што гэты дзівак так неспадзявана знік адгэтуль, як неспадзявана і з'явіўся тут. Ёй цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які шчэ аж дасюль не быў у Завітанках. З другога боку, ёй чулася і нейкае зняважанне яе дзявочае асобы, бо ніякі кавалер не зрабіў бы таго, што зрабіў гэты пустэльнік, як у сваіх думках называла панна Людміла цельшынскага настаўніка.
Выйшаўшы на вуліцу, Лабановіч пачуў незвычайны крык і лаянку. Супраць стараставай хаты стаяла грамада палешукоў. Усярэдзіне яе метушыліся два палешукі, пабраўшыся загрудкі. І па меры таго як пасуваліся байцы, расступалася і грамада палешукоў, даючы ім месца. Зацікаўлены Лабановіч прыбавіў кроку і накіраваўся да грамады. Першы кінуўся яму тут у вочы Лявон Шкурат. Ён быў бледны, без шапкі, адна шчака яго была акрываўлена. Але ён моцна трымаў свайго праціўніка, Кандрата Куксу, стрыечнага брата старасты. Тут жа ў якасці наглядальніка стаяў і сам стараста.
- Як вам не брыдка, мужчыны, - звярнуўся Лабановіч да грамады. - Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх!
Некаторыя з палешукоў, якія стаялі бліжэй, прыветна ўсміхнуліся настаўніку, некаторыя падалі яму руку. Другія былі захоплены бойкаю і не звярнулі на настаўніка ніякай увагі. А Шкурат і Кукса куксілі адзін аднаго, і не знайся. Стараста, як і ўсе іншыя, таксама трымаў строгі нейтралітэт.
- Стараста! Які ж вы начальнік? - напаў Лабановіч на Рамана. - Як жа вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога?
Стараста правёў рукавом па носе, састроіў сваю звычайную кіслую міну і важна прамовіў:
- Не трэба, панічок, мяшацца. Няхай сабе яны патузаюцца - самі разыдуцца. Умяшайся - горш будзе.
- Госпадзі! Што вы за людзі такія!
Лабановіч, праціснуўшыся скрозь грамаду, апынуўся побач з байцамі.
- Што вы робіце, дурні?! - крыкнуў ён раз'яраным байцам і стаў паміж імі.
- Ён маю юшку ўкраў, чорт каравы, ды яшчэ біцца са мною будзе?! - крычаў Лявон Шкурат.
- Ты мяне злодзеем называеш, дзяркач ты смярдзючы?! Адыдзіся, паніч!
Кандрат Кукса замахнуўся. Лабановіч і сам пачуў нейкую злосць і таўхануў яго ў грамаду, а сам схапіў Лявона і борздзенька адвёў яго ў другі бок. Палешукі ўзварухнуліся, прытрымалі Кандрата.