Выбрать главу

Не! Гэта ён добра прыдумаў: што б там ні было, а ў Хатовічы ён пойдзе.

На гэтай думцы Лабановіч затрымаўся канчаткова.

Вось толькі пытанне: як рана ён пойдзе ў дарогу? Ці не лепш пайсці крыху пазней і гэтым даць магчымасць Ядвісі пераканацца, што ён ужо напэўна ведае аб яе прыездзе і тым не меней ідзе ад яе. Ён нават пастараецца пайсці тады, калі яна будзе стаяць каля акна або выйдзе на двор, а ён пройдзе з такім выглядам, нібы гэта стаіць не яна, а якая-небудзь Параска, да якой яму вельмі мала справы. А калі прыйдзецца і спаткацца з ёю, то што ж? Ён скажа: «Дзень добры!» Нават і пагаворыць з ёю аб самых звычайных драбніцах. Так, толькі так!.. Яму стала нават чагось весела.

Назаўтра, як толькі разднела, Лабановіч быў ужо на нагах. Ён колькі разоў паглядаў на дом пана падлоўчага, але там было ўсё яшчэ ціха. Настаўнік хадзіў нецярпліва па сваім пакоіку і курыў адну папяросу за другою, прыслухоўваючыся да гукаў, што ішлі са двара пана падлоўчага. Ён ужо як мае быць нарыхтаваўся ў дарогу: сабраў курэцкія прылады, паставіў у куток свой кій і, выбраўшы зручны момант, выйшаў з дому.

Цельшынская школа стаяла на рагу дзвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на чыгунку, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягаў да сябе ўвагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражанне. Гэты высокі пануры крыж і гэта закінутая сярод палескіх трушчобін школа стаялі, як сіроты, і, здавалася, цесна туліліся адно да другога, як бы ў іх была адна доля. Лабановіч выйшаў на прасторную вуліцу. Па правую руку да вуліцы падыходзіў частакол двара пана падлоўчага. У куточку дворыка, каля самае вуліцы, стаяла студня. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць Ядвісі. З вядзерцам у руцэ яна скоранька ішла да студні. Нейкая дрыготка прабегла па яго жылах, а сэрца ў грудзях застукала мацней. Як пахарашэла яна за гэтыя тры тыдні. Ён чуў, што яго моцна цягнула да яе. Але ён стараўся быць спакойным і не выказваць ёй таго, што адчуваў у гэту хвіліну.

Радасць, праўдзівая радасць адбівалася на твары Ядвісі; гэта радасць свяцілася ў яе цёмных вачах, яна снавалася на яе губках, такіх мілых, такіх прыветных!.. Чорт бы вас пабраў, дзяўчаты: баламуціце вы нашага брата, і годзе!

Але Лабановіч узяў сябе ў рукі. Нават і ценю радасці не паказаў ён, што ўбачыў дзяўчыну. Параўняўшыся з ёю - а Ядвіся стаяла і чакала яго, - ён досыць прыветна сказаў:

- Дзень добры!

Панна Ядвіся адказала яшчэ прыветней на яго прывітанне.

- Ну, як жа вам гасцілася? - запытаў Лабановіч, але запытаў так, як пытаюць тады, калі трэба сказаць хоць што-небудзь: без усякага пачуцця і цікавасці да таго, аб чым пытаўся.

- Ох, як было весела! - адказала Ядвіся. Яна хацела яшчэ штось сказаць, але ўтрымалася. - А як вы тут жылі?

- Жыў вельмі добра: чытаў, пісаў, вучыў, сам вучыўся, хадзіў гуляць і пачуваўся як не трэба лепей.

- А куды ж вы сабраліся?

- Надумаўся да воласці даведацца.

- І нічога тут не шкада вам пакідаць? - спытала Ядвіся, і вочы яе засмяяліся хітраю ўсмешкаю.

Сэнс гэтага пытання быў ясны для іх абаіх.

Лабановіч на момант апусціў вочы, потым паглядзеў на Ядвісю.

- Вас мне шкада пакідаць, - адказаў ён не то праўдзіва, не то з насмешкаю - разумей, як хочаш.

Яму нават зусім не хацелася цяпер ісці ў Хатовічы, але варочацца назад ужо не было як.

- Ну, бывайце здаровы! - пакланіўся ён і пайшоў.

- А вы скора думаеце вярнуцца? - спытала Ядвіся.

- І сам добра не ведаю. Пабачу там, - адказаў Лабановіч, ужо адышоўшыся на колькі крокаў. Ён яшчэ раз пакланіўся і зачасціў так шпарка, як бы хацеў паказаць гэтым, што яму няма калі размаўляць з ёю.

Увесь час размовы з Ядвісяю Лабановіч чуў, што робіць нейкую гвалтоўнасць над сабою, што гаворыць зусім не тое, што думае і што пачувае сапраўды.