«Чаму я, як злодзей, таюся ад яе і ад людзей? - думаў, ідучы вуліцаю, настаўнік. - Чаму не сказаць ёй, што я так шчыра і так моцна палюбіў яе. І праўда: чаго я так віляю, нашто замятаю свае сляды, збіваю яе з тропу? Нашто гэта лганнё? Няўжо так робяць і іншыя? Проста няма ў мяне смеласці. Я баюся тае абразы, якая будзе для мяне тады, калі яе сэрца не адгукнецца майму сэрцу... А ўсё ж такі гэта каханне ёсць нейкая хвароба, боль і пакута. Яно захапляе ўсяго, не дае спакою, параджае нейкія няясныя парыванні і вялікі смутак».
У лесе было ціха і спакойна. Гэты спакой паволі сходзіў і на падарожнага. Ён ішоў, мінаў засыпаныя снегам грэблі і балоты і ўсё думаў аб Ядвісі. Як жывы, вобраз яе стаяў у яго ваччу.
Панна Ядвіся прымеціла, што настаўнік за гэты час як бы асунуўся і пахудзеў. У яго вачах яна расчытала нейкія новыя для яе думкі і нейкую затоеную тугу. І сама яна задумалася, і цень засмучэння пралёг на яе маладым і свежым твары.
Аб Андрэю так многа думала яна ўсе гэтыя дні, да яго так моцна рвалася яе думка.
XXVI
- А! Вось і вы! Міласці просім! - спаткаў а. Кірыл Лабановіча.
Айцец Кірыл, як заўважыў настаўнік, неяк асунуўся, толькі вочы яго былі яшчэ больш жывыя, больш неспакойныя.
- Што ж гэта вы, вучыцелька, так закапаліся ў вашай глушы? - пытала яго вясёлая, румяная матушка. - Ну, як жа вам жывецца?
- Дзякую, матушка. Жыву памаленьку ды паціхеньку.
- Ну, кажыце: у каго вы там закахаліся?
- Чаму вы думаеце, што закахаўся?
- Ну, як жа гэта можа быць, каб малады хлопец быў не закаханы?.. Ой, вы ўсё хітруеце! - пастрашыла матушка пальцам. - Там дзесь, у Цельшыне, знайшлі вы сабе мілую... Не гаварыце мне: па вачах бачу.
- Праўда, матушка, вы не памыліліся...
- А што! - падхапіла матушка. - Хто ж ваша мілая? Ну, скажыце?
- Старасціха Алена, - прамовіў Лабановіч.
Айцец Кірыл і сама матушка громка засмяяліся.
- А я думаю, ці не дачка пана падлоўчага? Што ж вы вочы апусцілі?
- Ну, матушка, калі буду жаніцца, дык вас за сваццю вазьму, - сказаў Лабановіч.
- Вазьміце, вазьміце! Такую высватаю вам жонку, што цэлае жыццё дзякаваць будзеце. Вы незнаёмы з дачкою каморніка?
- Гэта з паннаю Людмілаю? Не, незнаёмы.
- Яна цяпер тут у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Хоць нашаму настаўніку сэрца пераешце.
- Э, матушка! Панна Людміла мае столькі кавалераў, што ў мяне і адвагі няма рабіць да яе залёты.
- Эх, вучыцелька, нічога вы не разумееце. Яна так зацікаўлена вамі, што будзе вельмі рада, калі звернеце на яе ўвагу.
- Што ж? Дай, Божа, нашаму гароху ў гаршчок панскі папасці, - усміхнуўся Лабановіч.
- Вас сяляне хваляць, - сказаў а. Кірыл. - Вы патрапілі заняць належнае становішча.
- А за што ім хваліць мяне або ганіць? - спытаў Лабановіч. - У іх свая справа, у мяне свая. Нашы інтарэсы не стыкаюцца, і нам няма за што пасварыцца нават.
- Вы - скромны чалавек, і гэта робіць вам чэсць, - адказаў а. Кірыл. - Не, трэба сказаць праўду: Цельшыну шанцуе на добрых настаўнікаў. Толькі што глуш там, як і наогул гэта Палессе.
- Жаніцца трэба, - сказала матушка. - Тады і глуш не такая страшная будзе.
- Што жаніцца! - махнуў рукою а. Кірыл. - Жаніцца кожны патрапіць, але што з гэтае жаніцьбы?
Тым часам маладая служанка а. Кірыла, чырванашчокая паляшучка, прынесла самавар. Селі піць чай. Матушка ўвесь час гаварыла, перадавала вясковыя навіны і розныя плёткі, да якіх яна мела вялікую ахвоту. Паміж іншым, распачала апавяданне аб змаганні за панну Людмілу паміж Саханюком і Дубейкам. Але апавяданне не было даведзена да канца, бо якраз на гэты момант прыйшоў і сам Саханюк.
На гэты раз Саханюк быў выфранчаны незвычайна, чыста пабрыты, манішка, гальштук, манкеты - усё на ім ззяла і зіхацела.
- Майму супарату і калегу ніжэйшае шанаванне! - звярнуўся да Саханюка Лабановіч.
- Вось маладзец цельшынскі вучыцель! - пахваліла матушка Лабановіча. - Адразу робіць выклік нашаму настаўніку.
- Вы не так мяне зразумелі, - заўважыў Лабановіч. - Калега - мой супарат зусім другога парадку. Мы змагаемся з ім за гарцы.
Айцец Кірыл зацікавіўся гэтым змаганнем, і Лабановіч расказаў, якое было ў іх змаганне.
Айцец Кірыл смяяўся, смяяўся і сам Саханюк.
- Наш настаўнік - гаспадар. Мае кабанка і кароўку, - заўважыла матушка.
- Толькі гаспадыні не стае, - дадаў Лабановіч. - Так і быць, калега, жаніцеся - зраблю ўжо вам такі падарунак к вяселлю, аддам сваю ссыпку.
- І добра зробіце, - смяяўся Саханюк. - Я чалавек практычны і адкідаць тое, што ідзе на патрэбу чалавеку, лічу неразумным. Калі жыць, дык жыць са смакам, а раскідаць рублі дзеля таго, каб пагадзіць двух буянаў-мужыкоў, не бачу сэнсу.