Саханюк кіўнуў у бок Лабановіча і засмяяўся. Гісторыя з юшкаю была ўжо тут вядома. Лабановіч не знайшоўся што сказаць; ён крыху засаромеўся.
- Так, - пацвердзіў і а. Кірыл, - наш настаўнік умее жыць. - Але спогадзь і спачуванне яго былі на баку цельшынскага настаўніка.
- Вось што, калега, - звярнуўся Саханюк да Лабановіча, - вас прасілі на вечар да пісара, і мне выпаў такі гонар паведаміць вам аб тым. Нават і запіску вам перадалі.
- Хто ж гэта звярнуў на мяне такую ўвагу? - пытаў Лабановіч, беручы запіску.
- А каморнічанка там будзе? - запыталася матушка.
- Н-не ведаю, - не зразу адказаў Саханюк.
- Ідзіце, ідзіце, вучыцелька, - падганяла матушка. - Там паненкі будуць і, напэўна, панна Людміла.
- Не хочацца мне туды ісці, - прамовіў Лабановіч. - Не люблю ў вялікай кампаніі быць.
- Больш любіце быць у кампаніі аднае? - пажартавала матушка.
Пісарава гасціная ярка асвятлялася дзвюма лямпамі. Пераступіўшы парог і акінуўшы поглядам гасцей, Лабановіч прыпыніўся ў нейкім замяшанні: да каго наўперад падысці і з кім павітацца, проста не ведаў хлопец, куды дзецца - так многа было тут гасцей. Трэба б было пачаць з гаспадара, але гаспадар сядзеў за столікам, трымаў цэлую жменю карт і пільна ў іх углядаўся. Насупраць блішчаў урадніцкі каўнер. Збоку сядзеў фельчар Гарошка.
Ён падганяў пісара:
- Хадзі, хадзі, кум! Пад туза! Пад туза яму!
Але пісар не спяшаўся. Ён доўга ўглядаўся ў свае козыры, і здавалася, вось-вось чыхне.
Сядзелец, па прозвішчу Кляп, выказваў усе адзнакі нецярплівасці ад такой маруднасці пісара.
- Не пары гарачкі, бо так астанешся без аднае, а будзеш гарачку пароць, без дзвюх астанешся.
Максім, сын фельчара Гарошкі, лятаў, як матыль, ад аднае паненкі да другой. Як відаць, у гэтай дзейнасці ён быў дужа напрактыкаваны. Лабановіч нямала быў здзіўлены, убачыўшы тут пана падлоўчага, бо ён крыху пагарджаў пісарскаю кампаніяй. Дубейка, заціснуўшы шыю ў накрахмалены цесны каўнерык, вельмі павабна і вельмі прыгожа, як яму здавалася самому, ківаў сваёю птушынаю галавою то да аднае, то да другое паненкі.
У глыбіні пакоя на мяккім крэсле сядзела панна Людміла. Поруч з ёю прымасціўся Сухавараў. Цяпер Лабановіч дагадаўся, што пан падлоўчы мусіў уступіць Сухавараву і паехаць з ім, каб пазнаёміць яго з паннаю Людмілаю, якою таксама зацікавіўся і Сухавараў.
- А, паночку! - прамовіў пан падлоўчы. - Ці бачыш, які ён шпаркі. Я заходзіў да пана, каб разам з панам Сухаваравым паехаць. А ён ужо тут!
Пан падлоўчы весела павітаўся са сваім суседам, узяў яго пад руку і павёў да панны Людмілы.
- Проша быць знаёмымі: пан Лабановіч, прафесар велькіх букваў.
Панна Людміла ўсміхнулася сваёю прыветнаю ўсмешкаю і жартліва прамовіла:
- Мы бадай што і знаёмы. - І падала сваю мяккую ручку.
- Дык наш прафесар шмат дасціпнейшы, як гэта я думаў, - прамовіў пан падлоўчы.
- У ціхай букце чэрці водзяцца, - дадаў і Сухавараў і распусціў свае мокрыя губы ў крыху абразлівую ўсмешку.
Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў.
Павітаўшыся з усімі, Лабановіч сеў адзін у больш спакойным месцы і стаў прыглядацца да гасцей. Старэйшая пісаранка, як гаспадыня, часта адлучалася; кавалеры з далікатнасці ўдзялялі ёй шмат увагі, што прыдавала ёй гонару і здавальнення.
- Ну, як жывяце? - спытаў Лабановіча Дубейка. - У нас, бачыце, не тое, што ў вас - публікі многа, паненкі... Як вам падабаецца наша Людміла?
- А чаму яна ваша, а не наша? - спытаў і Лабановіч. - Ну, што ж? Дзяўчына як дзяўчына.
- Вы паглядзіце, як каля яе гэты жалязняк увіваецца!
- А вам зайздросна? Чаму ж вы не ўвіваецеся?
- Маё ад мяне не ўцячэ, - горда зазначыў Дубейка.
Яму нядаўна абяцаў земскі начальнік пісарскую пасаду.
Падышоў Максім Гарошка.
- Што вы так рэдка ў нас бываеце? - спытаў і ён Лабановіча.
Максім быў вяртлявы, нізкага росту дзяцюк, з тонкімі чорнымі дугамі-брывамі і жывымі вачамі. Ён быў досыць прыгожы хлопец і сярод паненак лічыўся цікавым кавалерам, хоць і нявыгадным жаніхом. Максім любіў весці размовы на грамадскія тэмы. Ён не меў службы. Чаму? А проста таму, што ніякая пасада яго не здавальняла і ніякая прафесія не адпавядала яго поглядам на жыццё. Ён проста быў трохі шалапай і распуснік. У яго быў востры язык і нахіленне да высмейвання людзей.
То той, то другі з гасцей падыходзіў да цельшынскага настаўніка і што-небудзь казаў яму. Саханюк сыпаў жарты паненкам. Да панны Людмілы ён не падыходзіў, хоць спотайку сачыў за ёю вельмі ўважна.