Выбрать главу

XXVII

Панна Людміла ўжо колькі разоў памыкалася падысці да Лабановіча, бо страціла надзею на тое, што ён калі-небудзь падыдзе да яе сам. Ёй проста было цікава пабачыць, што ён за чалавек. «Ну і бервяно нейкае!» - сама сабе зазначыла панна Людміла. Тым не меней яна папрасіла прабачэння ў свайго кавалера і з мілаю ўсмешкаю падскочыла да Лабановіча.

- Можна каля вас прысесці? - спытала яна салодкім галаском.

- Проша, проша! - прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла.

- Вы як бы за штось гневаецеся на мяне, праўда?

- О не, барані Божа! - горача прамовіў шчаслівы настаўнік. - Хіба на вас можна гневацца? Дый за што?

- Ну, скажыце мне праўду: чаму вы ніколі да нас не зайшлі?

- Я жыву ўсё ж далёка ад вас, з вамі да сённяшняга дня быў незнаёмы, і так не было здарэння.

- А яшчэ якія былі прычыны? - дапытвалася панна Людміла.

- Другіх прычын я вам не скажу.

- А яны былі?

- І пра гэта прамаўчу.

- Ну, скажыце! Ах, які вы нядобры.

- Што зрабіць? І нядобрыя людзі жывуць на свеце.

- Не, вы - добры! Я чула, што вы добры.

- Мала што хто гаворыць. Ды яшчэ ці гаворыць?

- Дык вы мне не верыце?

- Я і сам сабе не веру.

- Вось гэта міла! Як жа гэта вы сабе не верыце? - пытала панна Людміла.

- А вось бывае так, што думаеш адно, а робіш другое, хочаш жыць так, а жывеш іначай.

- А чаму гэта так выходзіць?

- А таму і выходзіць, што чалавек па сутнасці сваёй часта змяняецца. На яго мае ўплыў надвор'е, людзі, асабліва ваш брат...

- А які ўплыў мае на вас наш брат?

Лабановіч падумаў і адказаў:

- І добры і кепскі.

- Ха-ха-ха! - засмяялася панна Людміла. - Няўжо на вас мае ўплыў, як вы кажаце, наш брат? Не верыцца нешта. Вы, выбачайце, дапраўды нейкі... святы.

- Я ведаю, - з ноткай лёгкага засмучэння сказаў Лабановіч, - што паненкам святыя не падабаюцца, хоць, праўда, святым я з'яўляюся з вашага пункту погляду...

- Не, не! Вы не крыўдзіцеся, прашу вас. Я толькі хацела сказаць, што вы... ну, зусім не такі, як іншыя, не такі ў лепшым сэнсе.

- Вельмі вам дзякую, але, зняўшы галаву, па валасах не плачуць. І крыўды тут ніякай няма. Людзі часта ўсё жыццё б'юцца і думаюць аб тым, каб святым стаць, а мне гэта лёгка далося.

- О! Маладзец прафесар велькіх букваў, - жартаваў пан падлоўчы, падышоўшы да іх. - Адзін завалодаў паннаю Людмілаю.

- Гэта я завалодала прафесарам, проста гвалтам узяла яго, не пытаючыся, ці рад ён гэтаму, ці не рад, - адказала панна Людміла.

- Выбачайце, - усміхнуўся Лабановіч і глянуў ёй у вочы так, нібы ён ведае шмат болей таго, як думае панна Людміла. - А ці так гэта?

Дзяўчына на момант замяшалася, потым ускінула на яго свае бойкія вочы і сказала:

- Ой, хітры ж вы, хітры!

- А як вы думаеце: святасць і хітрасць не шкодзяць адно другому?

- О не! Вам яны не шкодзяць.

- Ну, гэта іншае пытанне, але ці можна быць святым, астаючыся і хітрым?

- У пытаннях святасці я нічога не разумею, - адказала панна Людміла. - Але пакінем аб гэтым. Скажыце, чаму вы тады так борздзенька ўцяклі, памятаеце, у Абрама?

- Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка... Скажу вам праўду: я не хацеў, каб вы падумалі, што я зайшоў туды дзеля таго, каб пабачыць вас.

- А хіба вам так непрыемна было пабачыць мяне?

- Вот вы і злавілі мяне. Цяпер выкручвайся як хочаш, - сказаў, смеючыся, Лабановіч.

- Вы мне кажыце праўду, чуеце? Чыстую праўду, - горача наступала панна Людміла.

- Я проста не хацеў падманваць вас.

- Што гэта значыць? Я нічога не разумею, - крыху нахмурыўшыся, сказала панна Людміла. - У чым вы маглі мяне падманваць?

- Усяго ведаць няможна, бо часта веданне разбівае наша шчасце.

- Цяпер я ўжо зусім не разумею вас.

- А вы больш размаўляйце з разумнымі людзьмі, - параіў ёй Лабановіч.

- А чым жа я вінавата, што вакол мяне дурні?

Лабановіч засмяяўся.

- Кепскага ж вы здання аб вашых кавалерах, і я на гэты раз вам вельмі рады, што не ў іх ліку.

- Аб чым гэта галубкі варкуюць? - запытаўся Сухавараў, падыходзячы да іх. Яму было крыху не па сабе, што панна Людміла аддавала перавагу Лабановічу, а не яму.

- Проша сядаць, - паказала панна Людміла яму месца каля сябе.

Сухавараў сеў, залажыў нагу на нагу і пакруціў свой чорны вусік. Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол. Госці ўздыхнулі лягчэй і, няспрытна топчучыся і аказваючы знакі ўвагі адзін другому, рушылі ў другі пакой. Праз увесь доўгі стол цягнуўся цэлы рад бутэлек гарэлкі. Лабановіч сядзеў поруч з Максімам Гарошкам і Дубейкам. Яго суседзі былі добрыя выпівакі і кампанейцы па частцы закусвання. Кожная новая чарка дадавала больш руху, ажыўлення, развязнасці. Шум, смех, жарты поўнілі пакой. Пілі за здароўе пісара, пісаравых дачок. Сухавараў падняў чарку за каханне, Дубейка за панну Людмілу. Госці ўставалі, стукаліся чаркамі, разлівалі гарэлку. Ураднік запрапанаваў заспяваць «Боже, царя храни...». Госці мусілі падняцца, рад быў хто ці не рад гэтаму.