Выбрать главу

Лабановіч пайшоў за гаспадаром, нязграбна ступаючы занямеўшымі нагамі.

- Дазвольце пазнаёміцца: ваш калега і сусед - Лабановіч, - назваў сябе госць.

- Саханюк, тутэйшы педагог. Будзьце ласкавы, знімайце паліто, сядайце.

Госць і гаспадар селі каля стала.

- Вы - новы і ў нашых краях першы раз?

- Новаспечаны, і ў вашых трушчобах маю гонар быць першы раз, - сказаў з усмехам Лабановіч.

- Ну, як падабаецца вам ваша месца?

- Лепшага месца я і не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць весці працу, - прамовіў Лабановіч.

Саханюк звонка засмяяўся.

- Ах вы, ідэалісты, ідэалісты. Ці надоўга хопіць вам гэтага ідэалізму?.. І тым не меней першы раз бачу чалавека, што так высока ставіць глуш ды яшчэ такую, як ваша.

- У вас тут, выбачайце, большая глуш.

- Як так? - здзівіўся Саханюк. - У нас - воласць, грамада: бацюшка, пісар, фельчар, ураднік, псаломшчык і так збоку людзі часцей даведваюцца.

- І пэўне з Завітанак сюды хтось завітвае, - жартліва, у тон гаспадару прамовіў Лабановіч і кінуў на яго бачлівы погляд.

Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед.

- А вы хіба былі ў Завітанках? - спытаў Саханюк.

- О не, - прамовіў Лабановіч, - я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі.

- Калі ў вас, калега, такі погляд на рэчы, - сказаў павесялеўшы Саханюк, - скажу вам: не будзеце і вы мець вагі ў тутэйшых паненак.

- А мне ўсё роўна... Урэшце ж, ці не памыляецеся вы тут, калега? Але гэта - між іншым. Я хацеў бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашай грамадою, бо трэба ж, як кажуць, аддаць кесарава кесараві. Калі б вы былі ласкавы пайсці са мною да пісара, таксама і да бацюшкі, а можа, і яшчэ да каго, калі ўжо гэтага вымагае звычай вашай грамады, то я быў бы вам вельмі падзячан. Гэта было б і скарэй і прасцей, бо мне яшчэ ніколі не даводзілася выступаць у ролі візітанта.

- А вы чаго ж так спяшаецеся? Разумеецца, я з вамі пайду, тым болей што і мне трэба зайсці да таго-другога, але адаслалі б вы сваю падводу дамоў, а самі тут паначавалі б.

- Не, калега. Я яшчэ да работы не прыступаў у школе. Вы, пэўна, ужо многа паспелі, і я не даганю вас за ўсю зіму. Мне хацелася б і павучыцца ў вас сяму-таму, бо вы ўжо набілі, як кажуць, руку і маеце практыку.

Дзверы з другога пакоіка адчыніліся, і на парозе паказалася ўжо немаладая кабеціна. Гэта была старожка. Яна перш уважліва паглядзела на незнаёмага настаўніка, а потым сказала свайму настаўніку паляшуцкай гаворкай:

- Да вас, панычу, там маладыцы прышлы - лыст напысаць хочуць.

- А сала прынеслі?

- Ны відаю, панычыку.

- Выбачайце, - сказаў Саханюк да госця. - Я пайду адпраўлю гэтых маладзіц.

І Саханюк накіраваўся ў кухню. Старожка Матрона, яшчэ раз агледзеўшы госця, таксама пайшла туды. Ясна, хтось даў ёй наказ як можна лепей разглядзець Лабановіча, каб навесці аб ім сталыя даведкі. І, як відаць, наказ гэты быў дадзены не так здалёку, бо, счакаўшы хвіліны дзве, Матрона матнулася праз вуліцу, маючы кірунак да кватэры пісара.

Застаўшыся адзін, Лабановіч акінуў вокам пакоік свайго калегі. Кватэра гэта была многа лепшая ад яго кватэры. Было відаць, што Саханюк жыў някепска, праседзеўшы ў гэтай школе гадоў пяць. І наогул, Саханюк быў чалавек практычнага складу. Нейкім чынам умудрыўся ён за гэтыя пяць год, атрымліваючы дваццаць рублёў пенсіі на месяц, сабраць капітал у пяць-шэсць соцень і меў сваю гаспадарку. «Жылаваты чалавек ты, браце! - падумаў Лабановіч. - Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала». На століку ляжалі школьныя журналы. Разгледзеўшы іх, Лабановіч прыйшоў да заключэння, што яго калега не так далёка адышоўся з вучнямі, і пераканаўся, што ў асобе Саханюка ён не будзе мець для сябе настаўніка, і тут жа зазначыў, што супольнага між імі вельмі мала і што блізкімі сябрамі яны ніколі не будуць.

- Ну, цяпер я вольны, можам ісці, - сказаў увайшоўшы Саханюк і падышоў да люстэрка, паглядзеўся, падправіў рыжаватыя вусы, правёў рукой па шчоках, ці добра пабрыты, і прычапіў больш франтаваты гальштук.

Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Таксама была ў яго яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й».

- Ты, Мат'ёна, калі я не п'іду, астаў абед на вячэю.

Настаўнікі выйшлі.

- Куды ж наперад пойдзем?

- А давайце пачнём па парадку, каб нікому не было крыўдна, - адказаў Лабановіч.