Выбрать главу

Мы ня можам згадзіцца й з гэтай канстатацыяй Л.Аляксеева, бо тут, як пісаў калісьці ў адпаведнай рэцэнзіі Мікола Ўлашчык (зь Інстытуту гісторыі Акадэміі навук СССР), недаацэньваецца палітычная незалежнасьць і магутнасьць Полацкага княства, якое, згодна сьведчаньня таго ж Улашчыка, «фактычна ніколі не падначальвалася Кіеву»[22]. Гэтую думку Ўлашчыка пазьней падтрымаў і згадваны тут расейскі гісторык А.Г.Кузьмін, які таксама пісаў: «Локализация кривичей в верховьях трех рек и исключение их из числа подчиненных Киеву племен также относится ко времени Ярослава и его сыновей, когда здесь, видимо, было самостоятельное княжение... Полоцк был подчинен Киеву при Владимире (978-1015). Но при нем же княжество обособляется снова»[23]. Дарэчы, як прызнаецца сам Аляксееў, у сваёй працы «Полацкая зямля» ён «стремился показать, что, несмотря на черты обособленности, Полоцкая земля никогда не порывала экономических и культурных связей с Киевской Русью» і «что, несмотря на балтийский субстрат в прошлом, этническое самосознание населения Полотчины прочно тяготело к землям всей Руси, с которыми ее связывали общность территории, экономической жизни, языка и культуры», што, нарэшце, «будучи от Руси неотделимой, Полоцкая земля принимала живейшее участие в сложении русской народности»[24]. Аднак жа, нягледзячы на гэтую казуістыку, працытаваная вышэй канстатацыя Аляксеева дыямэтральна разыходзіцца з канцэпцыяй Абэцэдарскага.

Можна дадаць, што з гэтай канцэпцыяй не пагаджаецца таксама сяньня даволі ўплывовы савецка-расейскі гісторык В.Л.Янін. Схіляючыся да тэорыі пра заходняславянскае паходжаньне крывічоў ды пра ўдзел заходнепрыбалтыцкіх славянаў у заснаваньні Ноўгараду, а таксама зьвяртаючы ўвагу на імкненьні полацкіх князёў пашырыць межы свайго княства ў кірунку крывіцкіх Пскова, Ноўгараду й Смаленску, у сваім супольным з М.Х.Аляшкоўскім артыкуле ён, між іншага, піша ў адпаведнай зносцы:

«Отметим также, что в наше время, говоря о Руси, историки обычно преуменьшивают значение Полоцка и противопоставляют только Киев и Новгород как два главных города. Между тем, с точки зрения героев Эймундовой саги, вся Русь делилась на три части - Новгород, Полоцк и Киев. В связи с этим понятно, почему в ХІ в. Софийские соборы имелись только в этих трех городах и нигде больше, что отражает соперничество трех центров даже в области церковного строительства»[25].

Гісторыю Полацкага княства Абэцэдарскі наагул абыходзіць поўным маўчаньнем. Замест таго, каб хоць крыху зазірнуць у гэтую гісторыю, ён працягвае паўтараць сваю зацяганую «праўду»:

«Палітычная гісторыя заходніх зямель Русі таксама была неаддзельнай ад палітычнай гісторыі ўсёй Старажытнарускай дзяржавы. У паходах кіеўскага князя Алега на Візантыю прымалі ўдзел і воіны заходнерускіх зямель. Пераможаная Візантыя была вымушана даць «уклады» (дань) шмат якім старажытнарускім гарадам, у тым ліку і Полацку. Жыхары заходніх зямель Русі ўдзельнічалі ў абароне паўднёвых земляў Старажытнарускай дзяржавы ад нападаў качэўнікаў-печанегаў. У 1068 г. кіяўляне, паўстаўшы супраць вялікага князя Ізяслава, пасадзілі на вялікакняжацкі прастол полацкага князя Ўсяслава» (б.12-13).

Перш-наперш няма ніякіх падставаў улучаць Полацкае княства ў склад Кіеўскай Русі за часамі Алега (882-912) ці нават яшчэ раней. Такога паходу Алега на Бізантыю ў 907 годзе, пра які тут кажа Абэцэдарскі, зусім не было. Бізантыйскія крыніцы, якія занатоўвалі ўсе іншыя набегі Русі, пра гэты «пераможны» паход Алега ня ведаюць, дый у «Повесть временных лет» ён трапіў як фантазія летапісца, складзеная з элемэнтаў іншых набегаў на Бізантыю тае ж Русі й Баўгарыі[26]. Значыцца, не магло браць удзелу ў гэтым паходзе й Полацкае княства. З гэтае прычыны яно не магло й скарыстаць з тых «пераможных укладаў», якія быццам бы тады былі накінутыя Алегам Бізантыі. Некалі яшчэ А.А.Шахматаў, дапушчаючы магчымасьць існаваньня аднае гандлёвае ўмовы з 907 году, паставіў пад пытаньне праўдзівасьць гэтых «пераможных» паходаў Алега й ягоных «укладаў» зь Бізантыяй ды давёў, што ўлучэньне ў гэтую афэру Полацку, Растова й Любеча было звычайным «домыслом составителя "Повести временных лет"». Пасьля да падобнае думкі прыйшоў і савецкі гісторык А.Н.Насонаў[27], а зусім нядаўна паўтарыў яе іншы савецкі гісторык В.А.Кучкін, зазначаючы, што, прыкладам, Растоў ня мог браць удзелу ў гэтым паходзе Алега ўжо толькі з тае прычыны, што ён тады яшчэ не йснаваў[28].

Дарэчы, за часамі Алега не йснаваў таксама і Пераяслаў, аднак аўтар «Повести временных лет» улучае і яго ў гэтыя Алегавы «ўклады». Акрамя таго ў Любечы ніколі не было «вялікага князя», але той жа аўтар, як у выпадку Полацку, Растова, Пераяслава й Чарнігава (Ноўгарад наагул адсутнічае), і ў Любечы садзіць «вялікага князя» ды «ўзалежнівае ад Алега» «вялікіх князёў» усіх гэтых гарадоў («по тем бо городом седяху велиции князи под Олгом суще»).