Выбрать главу

Васіль Быкаў

У тумане

Слотным ветраным днём позняй восені на другім годзе вайны атрадны разведчык Бураў ехаў на станцыю Масцішча, каб застрэліць свайго знаёмца Сушчэню.

Гэты Сушчэня быў тутэйшы вясковы мужык, яшчэ з давайны рабіў на чыгунцы, але месяц назад, будучы арыштаваны паліцыяй за дыверсію ля Выспянскага моста, купіў сабе жыцццё тым, што выдаў сваіх саўдзельнікаў, сваіх жа чыгуначнікаў, якія яму памаглі развінціць рэйкі. Хлопцаў павесілі ў мястэчку, а Сушчэню выпусцілі, і ён другі тыдзень раскашаваў пад носам у гарнізона, у сваёй ладнай дамоўцы ля станцыі, у цяпле і сытасці, мабыць, думаючы, што партызаны да яго не даберуцца. Даруюць яму. Але такое не даруецца, такое належала пакараць. Камандзіры ў атрадзе параіліся і мінулае ноччу паслалі Бурава зрабіць тое, чаго не магчыма было не зрабіць. Каб Бураву было ўпраўней, яму ў дапамогу далі партызана Войціка, і яны ўдвух на змораных конях, адмахаўшы якіх кіламетраў трыццаць лесавога шляху, таго ж дня надвячоркам прадраліся праз гушчарысты ўзлесак на поле за які кіламетр ад Масцішча.

У лесе дык ужо змяркалася; сцюдзёны туман і ранішнія прыцемкі пакрысе праглыналі змакрэлы сасоннік, амаль голы, з рэштаю зрудзелага лісця падлесак, а на палявым прасцягу за гразкай гравійкай было яшчэ светла; у твары коннікаў ударыў пругкі вільготны вецер, і яны спыніліся. Бураў звыкла агледзеўся, прыкінуў, куды гэта іх незнарок вынесла і куды цяпер лепей падацца. Але неўзабаве ён згледзеў за полем раскідзістае сучча старых дрэў на станцыі, бліжэй, на схіле пагорка за рэчкай, цямнелася некалькі хат з садкамі, пара стажкоў назапашанага ўлетку сена, хляўкі і пунькі. Ніжэй, у канцы гародаў ля рэчкі, сіратліва тулілася за кустоўем невялічкая будынінка лазні — там з даўняй пары, памятаў Бураў, была кладка цераз рачулку, мабыць, цяпер там будзе як перабрацца і конна.

Аднак, пакуль не змерклася, у полі іх маглі ўбачыць ад станцыі, а ў той справе, дзеля якой яны ехалі, лепш было абысціся без сведак. Тым больш без паліцаяў-бобікаў. Калі бобікі іх заўважаць, то, лічы, усё прапала, прыйдзецца змывацца ў лес, далей ад людзей і наогул далей ад Масцішча. Не, трэба было счакаць якіх паўгадзіны ці болей, калі яшчэ пацямнее, і тады ўжо рушыць да станцыі.

Бураў павярнуў кабылку назад да Войціка. Той, утуліўшы голаў у плечы пад мокрай, з даматканага сукна паддзёўкай, з панылай пакорай сядзеў на мухортым коніку, распараныя бакі якога дыхавічна хадзілі ад стомы.

— Бач, вунь! Прыехалі, — кіўнуў Бураў у бок станцыі.

Войцік зябка цепнуў мокрым плячом, над якім тырчэла доўгая руля драгункі. Яго немаведама калі голены, няпэўнага ўзросту твар пад даўгім казырком чорнай кепкі не выказваў нічога, апроч стомы і яўнага жадання спачыць. Але да спачыну было, мусіць, далёка.

— Ды бачу ўжо.

— Пастаім троху. Пацямнее — паедзем.

— А рака там, — варухнуў худым падбароддзем Войцік. — Балота.

— Ды праедзем як-небудзь.

— Як-небудзь…

Ну ведама, Войцік ужо сумняваўся, як ён гэта рабіў не першы раз за дарогу. Да чаго няпэўны чалавек — Бурава часам аж брала злосць, — усё яму здавалася не так, як усім, усё ён разумеў інакш, і такі абачлівы, як раённы стратэг. Бураў пашкадаваў ужо быў, што звязаўся з такім напарнікам, але, мабыць, лепшага не знайшлося, мусіў паехаць з тым, каго далі.

Не злазячы долу, яны стаіліся за альховым голлем на ўзлеску, даючы трохі спачыць коням ды і самім перавесці дых — першы раз за сённяшні дзень; Бураў азіраў поле, якое ён памятаў яшчэ з таго часу, як сам жыў на станцыі. Улетку тут было, здаецца, жытное, даўно ўжо, аднак, прыбранае; добра здратаваны жывёлай палетак з патаптаным іржышчам раскіс ад дажджу, у затравянелым доле цьмяна паблісквалі вадой каровіны сляды. Размяклыя каровіны лепяхі шэрымі плямамі ляжалі на сцежцы акрай палетка. Прыцьмелая далячынь за полем і станцыяй паціху асядала ў слотных вечаровых прыцемках, але паблізу яшчэ было досыць відна, каб іх маглі ўбачыць здалёк.

— Думаеш, ён нас жджэ? — сказаў, памаўчаўшы, Войцік, мабыць, маючы на ўвазе тое галоўнае, што цяпер турбавала абодвух.

— Можа, і не жджэ.

— Даўно змыўся куды. У паліцыю, можа…

— Прыедзем — пабачым. А то сядзем у засаду, — адчуўшы міжвольную прыкрасць ад тых абачлівых слоў памагатага, сказаў Бураў.

Войцік насцярожана паўзіраўся ў адзін бок, у другі, і, хоць змоўчаў, Бураў зразумеў, што сядзець тут у засадзе яму дужа не хочацца. Хочацца хутчэй назад, у Валоўскую пушчу, да сваіх буданоў, дзе хоць трошкі ўгрэўна ля дымных цяпельцаў і ўжо напэўна бяспечней, чым каля гэтай станцыі. Увесь дзень яны перліся лесавымі дарожкамі, па лужках, пералесках, змакрэлі на слаце ды ў зарасніках; сцёгны, плечы і калені даўно ўжо здранцвелі ад сцюжы. Ехалі без сёдлаў, у Бурава пад задам муляла нейкая скарэлая радзюжка, якая ўвесь час збівалася то на адзін, то на другі бок, а Войцік тросся на нічым не пакрытай вострай хрыбціне свайго касмылявага коніка. Абодвум даўно хацелася есці — трохі перахапілі яшчэ на світанні ў лагеры, з сабой не было чаго ўзяць, думалі, прыдбаюць што па дарозе. Але, на шчасце ці на бяду, дарога выдалася такая, што ніхто ім нідзе не спаткаўся, а ў вёскі яны не заязджалі, каб незнарок не наскочыць дзе на паліцыю. Зробяць справу, будуць ехаць назад, тады, можа, куды і заскочаць, каб перакусіць і пасушыцца. Але, відаць, менавіта такі варыянт і быў не па нутры Войціку.