Выбрать главу

Быццам, ён, гэты варыянт, быў даспадобы Бураву!

Ужо лепш схадзіць куды-небудзь на сувязь — у гарнізон ці, яшчэ лепш, на хутар або пасядзець пад елкай ля шашы ў засадзе, чым перціся на такое заданне. Але во мусіў, хацеў або не — начальства аб тым не пытала, загадала, і ўсё — бяжы, выконвай. Зрэшты, тут зразумела: апроч яго, Бурава, гэтага Сушчэню з Масцішча ў іхнім атрадзе ведаў у твар хіба адзін Коўзун, што поркаўся з лета на кухні. Але Коўзуна хіба пашлеш на такое — гэты вясковы дзядзька, мусіць, з вінтоўкі за жыццё не стрэліў, ці яму справіцца са здаровым, дужым Сушчэнем.

Увогуле ж, калі разабрацца, дык пакуль што ім не было чаго наракаць, усё складвалася больш-менш удала, і Бураў быў бы давольны, калі б трохі спачыў. Усё ж за гэтыя дні ён добра-такі выматаўся; мінулаю ноччу спаў усяго якіх пару гадзін: позна ўначы прытопалі з Хамутовым з-за Рэсы, дзе разведвалі новае месца для лагера. Начальства надумалася мяняць на зіму лагер, каб далей зашыцца ў лясныя нетры, бо, калі пазамярзаюць паплавы і балоты, тут, у пушчы, атраду не ўседзець. Тры дні яны з Хамутовым і яшчэ адным разведчыкам з-пад Улы поўзалі-лазілі па-над гэтаю Рэсай, што-нішто там усё ж выгледзелі, толькі вярнуліся, стомленыя, мокрыя і галодныя, а тут на табе: едзь у Масцішча. Праўда, Бураў не меў такой звычкі — адмаўляцца, сказаў: ёсць, будзе зроблена. Але гэта не значыць, што ў ягонай душы зайгралі аркестры — душа яго плакала, як на хаўтурах: страшэнна хацелася спаць, хоць на гадзіну сцішыцца ў цяпле ды спакоі; дарогаю аж баяўся, каб, заснуўшы, не зваліцца з кабылы. Таму і гнаў, не даючы спачыну ні сабе, ні Войціку, лаючы ў думках таго Сушчэню.

Праўда, па дарозе той гнеў стаў трохі меншаць, Бураў стаў прывыкаць да сваёй малапрыемнай, калі не сказаць агіднае, місіі. Але цяпер, апынуўшыся праз адно поле ад хаты здрадніка, адчуў, як нешта ў ім зноў паднялося ад нецярплівае крыўднае злосці. Увогуле Бураў быў чалавек крайніх поглядаў на людзей і або прымаў іх цалкам, або гэтак жа цалкам адвяргаў; у розных каверзных справах ён не прызнаваў нейкага там права на «змякчаючыя» абставіны, асабліва цяпер, у вайну. Сапраўды, хіба тут можна было зважаць на якія прычыны, калі з прычынамі і без іх пагінула столькі людзей, і канца гэтай пагібелі не відно далёка. Мабыць, тут трэба адно: адвага і цвёрдасць, і калі ўжо так сталася, што ты папаўся ў іхнія лапы, дык памры па-людску, але не нашкодзь іншым. Тым, хто мае магчымасць нешта зрабіць, а можа, яшчэ і адпомсціць за тваю пагібель. А гэты чыгуначны смоўж Сушчэня, бач ты яго, захацеў выжыць і прадаў сваіх хлопцаў, быццам яны не хацелі жыць ці мелі на тое меншае за яго права. Не, відаць, у атрадзе рашылі правільна — такога трэба прыстукнуць, каб іншым была навука.

Во толькі рабіць гэта не надта хацелася самому Бураву, лепш, каб ужо хто іншы. Шкада, іншага не знайшлося, такое брыдкае заданне выпала яму, і ён мусіў увесь дзень калаціцца на гэтай дэрбіне, пакуль во дапёр да Масцішча.

Цяпер, аднак, прыспела самае труднае.

Чым яно бліжэй насоўвалася, гэтае труднае, тым усё болей думаў пра яго Бураў. Як ён тое зробіць — ён бясконца пракручваў у сваёй галаве за гэтую дарогу і ўрэшце пагадзіўся на самы кароткі варыянт: не рассусольваць, не распачынаць размоў, адвесці куды і стрэльнуць. Калі будзе супраціўляцца, хітрыць ці апраўдвацца — стрэльнуць на месцы. Самае горшае, вядома, было не застаць Сушчэню дома, чакаць ці шукаць дзе, калі куды з'ехаў. Калі ўцёк у мястэчка да паліцаяў, тады зусім кепска, тады ягоная місія, лічы, не ўдалася. Давядзецца вяртацца ні з чым, апраўдвацца перад камандзірам Трушкевічам, а той болей за ўсё не любіў апраўданняў, гэта Бураў ужо добра запомніў. У гэтай справе ён ужо быў навучаны, аднойчы нават пахадзіў тыдзень без зброі — Трушкевіч загадаў здаць вінтоўку, пакінуць сабе адзін штык: там, куды яны хадзілі па тол, ім паказалі дулю, і яны вярнуліся з пустымі рукамі. А трэба было пастарацца, «раскінуць мазгаўнёй», як казаў Трушкевіч, і заданне выканаць, хоць кроў з носа. Так патрабаваў Трушкевіч, а гэты старшы лейтэнант з акружэнцаў першага лета вайны і спаганяць, і патрабаваць умеў добра. Калі што цяпер выйдзе не так, ужо ён спагоніць з абодвух.