Выбрать главу

Як толькі побач закрычаў Бураў, Сушчэня ледзь не абмёр у сваёй магіле-яме, бо надта спалохаўся, — хаця, здавалася б, чаго ўжо было палохацца гэтаму чалавеку? Але ён аж сцяўся, угнаў галаву, а затым, як забахалі стрэлы, і зусім абвяў у дне ямы. Вядома, ён не сцяміў адразу, што здарылася там, наверсе, і, толькі калі побач матлянулася прыгнутая постаць Бурава, зразумеў, што трэба ўцякаць. З незвычайным спрытам ён выкінуў сваё немалое цела з выкапанай па грудзі яміны і перакуліўся цераз жвіровы бруствер. Між частых таропкіх стрэлаў з дарогі ўжо чуліся нейкія галасы, кулі візгліва джгалі ў хвоях, але не па ім, — мабыць, туды, дзе пабег Бураў. І Сушчэня, разгарачаны і спатнелы, у адной кашулі, прыпусціў з пагорачка крыху ў іншы бок, але таксама ад тых, што беглі з дарогі. Ён не разумеў, што гэта былі за людзі, свае ці немцы, але калі Бураў кінуўся наўцёкі, дык і яму трэба было бегчы. І ён бег, спярша з баравінкі, ледзьве не паляцеў спотырча, зачапіўшыся за пень ці корань, абадраўся аб голле ў хмызняку, выскачыў на ўзбалаць з мяккім імшыстым долам; далей тут было хмызняковае балота, але, ведаў ён, балота можна было абысці, калі кіраваць па пагорку з хвоямі. І ён патрухаў пагоркам, аж пакуль ладна не ўходаўся, тады пайшоў крокам. За ім не гналіся, можа, яго і не згледзелі нават, нейкі час на баравінцы чулася няпэўная гамана і бахалі рэдкія ўжо стрэлы — усё ў той бок, куды кінуўся Бураў. Але за Буравым яны, здаецца, таксама не пагналіся — падобна, яны таўкліся ўсе на пагорку, голасна і ўзбуджана нешта гамонячы: словы іх ледзьве даляталі да Сушчэні, ды ён не мог іх разабраць. Ён слухаў і чакаў, куды яны скіруюцца далей — па ягоных слядах ці за Буравым, будуць шукаць ці не. Страляць, аднак, яны перасталі, над лесам зноў запанавала ветраная ціша, вакол ляжала настылая лесавая цемра. Тады Сушчэня падумаў, што, мяркуючы па ўсім, ягоны расстрэл пакуль што адсоўваўся, даўшы нейкую мажлівасць для паратунку. Толькі дзе той паратунак, у якой старане? Дома ўжо пэўна ён не ўратуецца, дома яго дастануць зараз жа, як толькі ён з'явіцца там. Але дзе не дастануць? Куды яму скіраваць свой адсюль бег і як пакарыстацца такой рэдкай і дзівоснай удачай, што нечакана кінуў яму яго нешчаслівы лёс?

Ён пайшоў цішэй і ашчадней, каб не налезці на сук, усё азіраючыся і праслухоўваючыся. Рабілася дужа холадна, рукі яго ўжо скалелі дашчэнту, сцюдзёнай карыной узялася на спіне кашуля. Ён доўга і слепа брыў па негустым тут хвойніку. Сярод лесавога пошуму ўслухаўся, стараючыся што-небудзь учуць з пагорка, але там, падобна было, усё сціхла. Можа, яны адтуль ужо і змыліся — вядома, чаго ім сядзець ноччу ўлесе? Недзе там засталася яго ватоўка, ды, мусіць, ватоўку ўжо не возьмеш — ватоўку яны падабралі. Канешне, гэта паліцаі, інакш бы Бураў не пачаў у іх страляць ды і яны ў Бурава таксама. Толькі як яны налезлі на іх уначы? Ці, можа, пачулі з дарогі? Але ж там быў гэты другі партызан з канём, куды ён падзеўся? Можа, забілі? Мабыць, забілі, калі ён нічым не азваўся — ні стрэлам, ні крыкам, і даў гэтак нечакана абкласці баравінку.

Праз які кіламетр ці болей ад баравінкі Сушчэня спыніўся на краі старой дзялянкі-вырубкі з добра падрослым гушчаром маладняку. Ён усё думаў: куды падацца? Слых яго сіліўся злавіць якія-небудзь гукі з баравінкі, але адтуль ужо нічога не далятала праз лес. Пастаяўшы трохі і спачыўшы, ён палез далей у гушчар на дзялянцы, але хутка спыніўся. «А можа, яны пайшлі з баравінкі ці пабеглі за Буравым», — падумаў ён і павярнуў назад. Выбраўшыся з гушчару кустоўя, зноў трохі спыніўся ў нерашучасці: куды ўсё ж ісці? Куды ісці яму на гэтам свеце, ён не мог ніяк сцяміць. Але ўвага па-ранейшаму вярталася да баравінкі, дзе заставалася недакапаная яго магіла, і, яшчэ хвіліну разважыўшы, ён паціху пачаў красціся на тое праклятае месца. Мабыць, яму важна было ўпэўніцца, што там нікога няма. А можа, і пашукаць там ватоўку.

полную версию книги