Выбрать главу

— Ну што ж вы… братцы! — амаль замаліўся ён. — Бераг жа залівае… Тарфянік тут.

— А ты што — пясочку хацеў? — без пэўнага, аднак, намеру сказаў Бураў.

— А хоць бы і пясочку! Усё ж лепей, сам разумееш… Прыйдзецца ж некалі і самому…

— Пясочку? — сказаў Бураў, падумаўшы. — Ну, ладна, паехалі. У сасонніку там пясок.

— Ну, хоць у сасонніку, — дрыготкім голасам пагадзіўся Сушчэня.

У полі было надта ветрана і зусім ужо цёмна, асабліва ў доле, на чорнай мокрай раллі, толькі збоч на захмараным светлавым фоне трохі вытыркалася прырэчнае кустоўе, а далей, за полем, чарнелася сцяна сасонніку. Бураў скіраваў у той бок кабылку, і яны паехалі цераз гразкае поле; Сушчэня з рыдлёўкай на плячы шырока сігаў поруч. Ён не адставаў, стараючыся ісці ўпоравень з Буравым, нібы нават памыкаўся штосьці сказаць, ды толькі соп, стомлена, амаль знямогла. А Бураў, гойдаючыся з боку на бок на вострай хрыбціне, думаў, што, мабыць, трэба наважыцца, прыдбаць упэўненасці, крутаватай рашучасці. Мала што ён кажа: невінаваты, але ж факты! Усе факты якраз супраць яго, і з іх самы жахлівы той, што хлопцы пагінулі, а яго выпусцілі. Ну, што яшчэ трэба, якія доказы? Рэйкі развінчвалі разам з гэтым вось брыгадзірам пуцейцаў, і ён нават не адмаўляе таго, а чаму выпусцілі, растлумачыць не можа. Не знае! Але за так не выпускаюць, гэта зразумела і дурню. А то знае адно цвердзіць: невінаваты, не выдаваў нікога, але ж во ідзе! Ведае ж, куды вядуць, і нават узяў рыдлёўку, а ідзе. Не ўцякае, не спрачаецца, а ідзе. Ці ішоў бы з такой пакораю невінаваты?

А можа, менавіта так пакорна і ідзе, што невінаваты?

Чорт яго ведае, думаў Бураў, пакутна адчуваючы, што ўсё ў ягонай галаве пераблыталася, што колькі ні думай — усё роўна чагосьці не зразумееш: так усё ўскаламуціла гэтая жахлівая вайна. Ці, можа, ён, Бураў, чагосьці не ведае? Хаця што тут змяніла б, каб і ведаў усё. Ён жа прыехаў сюды не для таго, каб разбірацца ці штось зразумець, яго дзела надзвычай простае — застрэліць здрадніка. Каб іншым была навука, каб ведалі, як партызаны караюць тых, хто адступіўся ад сваіх, служыў немцам. Не, вагацца тут нельга, трэба рашучай рукой выкараняць погань.

На ўзлеску яны пераехалі пустую гравійку, і Бураў саскочыў з кабылы — ехаць па хмызняку ноччу было не надта каб зручна. Пакуль ён злазіў, Сушчэня спыніўся, хвіліну счакаў побач, Войцік таксама спешваўся ззаду. У лесе скрозь было мокра і золка, зверху з голля падалі за каршэнь сцюдзёныя кроплі, але вецер тут трохі паменшаў, і здавалася зацішней, чым у полі.

— Тут пагорак недзе, — прыпамінаючы знаёмую мясціну, сказаў Бураў. Сушчэня згодна кіўнуў галавой.

— Ды во баравінка зараз.

— Ну давай. Ідзі першы.

Сушчэня моўчкі пайшоў наперадзе, Бураў за ім, ведучы на повадзе кабылку; голле часам здзірала з галавы шапку, і ён ледзьве паспяваў адхінацца ад сучча. Раптам Бураў падумаў, што гэтак Сушчэня можа і ўцячы, і ажно спалохаўся на момант. Ды толькі на момант, бо Сушчэня ў лесе нават не прыбавіў хады, нават часам прытрымліваў у руках якую галінку, каб дужа не сцёбнуць Бурава. Але прыдарожны падлесак-хмызняк хутка скончыўся, яны выйшлі да баравінкі: засланіўшы змрочнае неба, наўкол паўсталі таўшчэзныя хвоі, іх ціхі, цягучы пошум плыў угары. Чысты, без травы, дол пад нагамі пачаў паднімацца на невысокі пагорак — прывабную баравінку ў лесе. Бураў памятаў яе з дзіцячай пары: тут вясной хлопцы палілі вогнішчы, гулялі ў вайну; улетку пад хвоямі любілі адпачыць лясныя захожыя. Баравінка невысокім валам агінала ўзлесак, далей зноў пачынаўся мешаны зараснік хмызняку, асіны і бярэзніку.

Яны ўзлезлі на самы яе верх і спыніліся. Скрозь было ціха, цёмна, патыхала лясною сырызнай, хвояй. Наўкол у доле чарнеліся тоўстыя камлі хвой, купкі ядлоўцу, нейкія незразумелыя і страхавітыя плямы, але Бураў даўно ўжо прывык да загадкавага выгляду начнога лесу, той яго мала трывожыў. Цяпер яго болей трывожыў Сушчэня.

— Ну, — знарок бадзёра сказаў Бураў. — Чым не мясціна! На любы выпадак!

— Выпадак!.. Каб мне сказалі калі… — пачаў і не скончыў Сушчэня.

Паныла апусціўшы плечы, ён стаяў на пагорку, пераводзіў дых, усім сваім апанураным выглядам сведчачы, што робіцца несправядлівасць, супраць якой ён знямогся пратэставаць і змушаны ёй падпарадкавацца. Бураў бачыў гэта, і яму ўсё болей рабілася ніякавата ад сваёй незайздроснай ролі ў гэтай гісторыі, хоць ён і гнаў ад сябе тое недарэчнае адчуванне. І ён сказаў, нібы для таго, каб трохі паспачуваць Сушчэню: