— Ну, пачакай! — Ясё памахаў пальцам і злосна выцяў каня. — Но-о-о!..
На тым і разышліся. «Ведае, што творыць зло, але творыць, — думаў Кірыла, — нават задавальненне ад гэтага мае. Можа, ён і сапраўды, таго, нашчадак той лютвы? Людзі тыя быццам бы і сапраўды вылучаліся лютасцю, былі драпежныя і няўступчывыя».
…Поўныя мяшкі мужчыны клалі на воз, і Міхаль адвозіў іх дадому, ссыпаў у склеп, вяртаўся назад.
— Ой-ёй-ёй, што ж гэта будзе? — бедавала Марыля, думаючы аб той пагрозе, што прагучала ў Ясевых словах. — Паскудны чалавек, зайздрослівы і прагавіты надта.
— Нічога, Бог не выдасць, свіння не з'есць, — супакоіў яе Кірыла. — І ты, Міхалка, — павярнуўся да сына, — таго, махні на яго рукою! Злая душа! Нарадзіўся такім.
Лявонка зірнуў на суседа, і Кірыла пераняў яго позірк:
— Не любіць яго ніхто. Эх, і суседа Бог паслаў — хоць ты плот ад яго стаў!..
К вечару ўсё навокал аціхла, устанавілася нейкая асаблівая цішыня, якая бывае асенняй парой. Цямнела. Людзі вярталіся з поля, думаючы, як адпачыць і што рабіць заўтра. Паклаўшы на воз мяхі з бульбай, накіраваліся дадому і Кужалі. У іх у дадатак яшчэ і клопат пра Камянец, куды неўзабаве меўся ехаць Лявонка. Дома Тоня сустракала іх гарачымі праснакамі, якія толькі што дастала з печы.
Марыля пахваліла дачку:
— Ой, Тонечка, дык ты ж лепш пячэш, чым я!
Фядорка з Барбаркай ужо спалі. Высыпаўшы бульбу ў склеп, прыйшлі ў хату мужчыны. Яшчэ адзін дзень быў пражыты.
III
Наступная раніца, можна сказаць, на ўсё жыццё засталася ў Лявонкавай памяці. Дзед Кірыла яшчэ звечара падмазаў восі, паклаў паміж драбінамі кельню з бярэмам саломы, каб было на чым мякчэй сядзець, — падрыхтаваўся да дарогі. Выехалі, як толькі пачало світаць. Праводзілі бацькі — Міхаль з Марыляю. Міхаль запрог Орліка, пад'ехаў да веснічак, Марыля паклала ў торбачку кавалак сала, хлеб, бутэльку малака, заткнутую драўляным коркам. Як і кожная маці, яна шкадавала сына. Лявонка апрануў новую ясёнку з даматканага сукна, абуў юхтовыя боты. Думку пра боты Кірыла падаў яшчэ вясной:
— Калі Лявонка ў Камянцы вучыцца будзе, то трэба яму чобаты справіць, не чакаючы, калі да вянца ісці.
Боты ў Прусцы звычайна спраўлялі хлопцу пад вяселле, калі ён станавіўся «кавалерам». Летам жа прускаўцы, як і іх суседзі ў іншых навакольных вёсках, увогуле не мелі звычаю насіць які-небудзь абутак. Хадзілі босыя. Глыбокай восенню і зімой абувалі пасталы — так тут называлі лапці. Плялі іх з ліпавага лыку. Кірыла рабіў гэта выдатна і лічыў пасталы лёгкім і зручным абуткам. Атрымліваліся яны ў яго вельмі, як тут казалі, зацнымі — гэта значыць зграбнымі. Карысталіся імі ўсе — мужчыны і жанчыны, хлопцы і дзяўчаты. Вядома, для мястэчка, якім быў Камянец, лепш падыходзілі боты — у іх чалавек адчуваў сябе больш салідна і ўпэўнена. Боты выйшлі на славу — дабрэнныя, з высокімі бліскучымі халявамі, амаль як у Кузёмкі.
Яшчэ звечара Марыля нагрэла вады, і Лявонка добра памыўся ў драўляным карыце.
— Ой-ёй! Як жа ты будзеш там адзін! — бедавала маці.
Лявонка маўчаў. Яго дробны тварык пасур'ёзнеў і як бы завастрыўся, на нешта нацэліўшыся. Не вытрымалі, прачнуліся і прыліпні да шыбін Тоня з Фядоркаю — глядзелі на браціка, які выпраўляўся ў горад на вучобу.
— Таго! Мамо! — чуюцца іх тонкія пісклявыя галасы.
— Дзедо! Купіце абаранка, — сарамліва папрасіла Тоня.
— Блазнота! — нібы просячы прабачыць малых, сказала Марыля.
Нарэшце падарожнікі селі ў кельню на падасланую салому. Кірыла цмокнуў на каня, і воз скрануўся з месца. Зазвінеў ланцугом, заекатаў Курцік, так і не даведаўшыся, куды паехалі гаспадары.
На душы было клопатна і трывожна. Як яно ўсё зложыцца?.. Выехалі пазаклунню, затым скіравалі на камянецкі гасцінец. Справа, амаль адразу ж, паказаліся могліцы — над крутым абрывам, пад якім рассцілалася лугавая пойма Лосьны.
Кірыла ўздыхнуў, паглядзеўшы ў бок старажытных прускаўскіх кладоў:
— Цяпер там дзяды нашы жывуць. Перасяліліся з гэтага свету ў той.
— Дзедо, а што такое смерць? Жыў чалавек і раптам яго няма — як бы пайшоў некуды?..
— Душа пайшла, а цела тут засталося, на зямлі.
— А куды ж душа пайшла?
— Цяжка сказаць куды, — уздыхнуў Кірыла, — але ж некуды пайшла…
Па абодва бакі гасцінца разляглося поле. Гоні яго ад гасцінца прасціраліся да далёкага небакраю і губляліся ў сіняватай смузе. Дзе-нідзе відаць было, як адскочыла ад зямлі бледна-зялёная азіміна — блішчыць на сонцы, радуецца жыццю, не ведаючы, напэўна, што праз месяц які, а можа, і раней настануць халады, і давядзецца мерзнуць, пакуль зіма не акрые сваім цёплым снежным кажухом. Паабапал гасцінца паўсталі ў шматкаляровых строях па-асенняму спакойныя дрэвы — бярозы, асіны, рабіны, клёны… Далей ад вёскі іх станавілася больш, побач з высокімі, стромкімі дрэвамі ўзнімаўся, цягнуўся ўверх падлесак, там-сям кусціўся хмызняк, сінеў ядловец. Звычайна сціплая і малапрыметная брызгліна апранулася ў густа-чырвоныя, ліловыя і залаціста-аранжавыя барвы.