Пачалі з Цімошы — першы прымяраў ён — як найбольш грашавіты. Прадавец паклаў на прылавак касцюм — тройку з цёмнага матэрыялу ў белую палоску. Цімоша салідна крануў крысо, абмацаў пальцамі матэрыял.
— Дабрэнны! — падахвоціў сябра Піліпко, які таксама памкнуўся мацаць. — Панскі! Камізэлька шоўкавая…
Цімоша апрануў. Камізэлька падышла, а пінжак аказаўся завялікі — вісеў на Цімошу як на калку. Але прадавец, весела ўсміхаючыся, абвёў вакол сваёй таліі рукамі (у будучым, маўляў, містэр стане таўсцей, патрэбен запас) і ёмка паляпаў пакупніка па плячы:
— О'кэй!
Прускаўцы таксама заўсміхаліся, задаволеныя тым, што ўсё складваецца, як яны хацелі. Чалавек ізноў паляпаў Цімошу, цяпер ужо па грудзях, дастаў з-за прылаўка нешта белае, падобнае на кашулю, але без рукавоў, і ўсклаў хлопцу на грудзі.
— Манішка! — крутнуў прадавец пальцам.
Паўбіраўшыся ў гэтую незвычайную апранаху, прускаўцы зразумелі, што тлумачыў ім прадавец: «Гэта рэч, калі прыгледзецца, нават больш практычная, чым кашуля, асабліва для халасцякоў. Выдатна! Трэба купляць!»
Цімоша асцярожна зняў пінжак і апрануў манішку. Увішны прадавец насунуў яму на рукі белыя бліскучыя трубачкі і зашчыпнуў іх на запясцях, лоўка скалоўшы металічнымі запінкамі. Потым адшукаў яшчэ адну неабходную дэталь — белыя шнурочкі, якімі прывязаў манжэты да плячэй. На шыю прымайстраваў цэлулоідны каўнерык. Кліент, глянуўшы ў люстра, быў моцна ўражаны сваім выглядам.
— Элегант! — не скупіўся на кампліменты прадавец.
— О, як пан! — не стрымаў свайго захаплення і Піліпко.
Лявонка з Піліпком таксама прымералі па касцюму і манішцы. Усё ж такі вока ў прадаўца спрактыкаванае. Угадаў! Новы гарнітур — сіняя ў палоску тройка з падвужанымі па модзе штанамі і камізэлькай — сядзеў на Лявонку як уліты. Крыху даўгаватым здаваўся пінжак, але што ж — мода такая. Купілі па гальштуку і тут жа пад кіраўніцтвам прадаўца навучыліся іх завязваць, і не абы-як, а па-амерыканску. Апрануўшыся, дзівіліся, стоячы перад люстрам, як адзенне мяняе чалавека. Цяпер з выгляду хлопцы нічым не нагадвалі ранейшых прускаўцаў і не адрозніваліся ад мясцовага люду.
Збоку, у камізэльцы, Піліпко намацаў кішэнь для гадзінніка і паглядзеў на таварышаў.
— Яшчэ каб гадзіннік прыдбаць, дык быў бы ўжо зусім як амерыканец.
Выйшаўшы з магазіна, яны, склаліся, купілі на трох пачак танных цыгарэт, закурылі і рушылі ў бок Вашынгтонскага сквера. Гэта — гарадскі цэнтр. Ісці недалёка. Па дарозе загледзеліся на помнік нейкаму чалавеку ў капелюшы, падобным на талерку (гэта быў помнік Гарыбальдзі).
— І нам трэба капелюшы, — павярнуўся да сяброў Цімоша. — Як думаеш, Кужаль?
— Усё адразу не купіш, — супакоіў той сябра. — Надта хутка ты амерыканцам хочаш стаць.
Цімоша ліха прысвіснуў:
— А чаму б і не?
Падышлі да кіёска, выпілі па куфлі піва. Цімафей хацеў і па другім, але Піліпко выразна паглядзеў на яго, і той сцішыўся. Па вуліцы праімчаўся аўтамабіль з адкрытым верхам і шырока пастаўленымі коламі.
— Вось каб такую штуку мець!.. — мройліва сказаў Піліпко.
— Чаго захацеў! — усклікнулі сябрукі.
— Сто гадоў, мусіць, трэба мыць посуд, — дадаў Цімоша.
Пайшлі далей, і раптам пачулася музыка. На перакрыжаванні, на рагу сумежных вуліц, стаяў беднага выгляду чалавек і іграў на скрыпцы. Падышлі бліжэй і спыніліся ў здзіўленні, убачыўшы, што скрыпач іграў як бы для сябе, — побач нікога не было. Адзінкі з прахожых спыняліся, кідалі нейкую дробязь. У раскрытым футарале, ля ног музыканта, ляжала некалькі манет.
— Пабіраецца, ці што? — паціснуў плячыма Піліпко.
Мусіць, убачыўшы прускаўцаў, якія падыходзілі да яго, гаротнік зайграў яшчэ жаласлівей, і хлопцам захацелася кінуць у яго футарал хоць бы цэнт, але рабіць гэтага не сталі, паспадзяваўшыся на больш багатых.
— А от каб так з гармоняю стаў — ці далі б што? — як бы ў самога сябе запытаў Піліпко.
— Га-га-га! — зарагатаў Цімоша. — Каб польку ўцяў — яны б у скокі пайшлі! Ніхто б нічога не кінуў.
Тут яны зарагаталі ўсе трое.
Нейкія грошы яшчэ заставаліся, і Цімоша прапанаваў з'ездзіць на Коні-Айленд.
— Паглядзім, як тут людзі бавяць час.
Коні-Айленд — Востраў Забаў. Яны селі ў аўтобус, які прывёз да вялікага зялёнага парку, абнесенага высокай жалезнай агароджай. Да варот у багатых кабрыялетах, а некаторыя і ў аўтамабілях пад'язджалі па-святочнаму апранутыя людзі. Большасць — мужчыны з маладымі жанчынамі.