— У раскошы жывуць — што і казаць! — у голасе Цімоша! чулася здзіўленне і захапленне адначасова.
— Багатыя! — падтрымаў яго Лявонка, азіраючы вясёлую публіку.
— Эх, нам бы так! — з зайздрасцю сказаў Піліпко.
І прускаўцы, як роўныя, уліліся ў вір незнаёмых людзей. Усе прыгожа апрануты, асабліва жанчыны і дзяўчаты. Праўда, нейкія, як здалося прускаўцам, залішне танклявыя і худыя.
Парк быў падобны на добра дагледжаны лес. Паміж дрэвамі лёгкія ажурныя альтанкі, у якіх можна пакурыць сігару, адпачыць, выпіць піва, што-небудзь з'есці. У некаторых адпачываючых у руках жаўцелі пачаткі смажанай кукурузы — мясцовы ласунак.
— А гэта што? — Цімоша ткнуў пальцам у дзіўныя зеленаватыя струкі, куды большыя за фасолю, якія таксама прадаваліся тут жа, на вуліцы.
— Банан, — адказаў чарнаскуры гандляр.
Склаліся і купілі адзін, каб пакаштаваць.
— Як картоплі,— скрывіў губы Цімоша, аблупіўшы струк і адкусіўшы першым.
І сапраўды па смаку банан нагадваў адвараную бульбу, саладжавую ад таго, што яе крыху прыхапіла марозам.
На эстрадзе іграў аркестр.
Піліпко заўсміхаўся:
— Дома б у царкву пайшлі, а тут…
Кругом — атракцыёны. Падышлі да дзіўнага збудавання: на высокіх слупах-апорах пракладзены жалезныя рэйкі, па якіх уверх-уніз з грукатам каціліся счэпленыя адзін з адным адкрытыя вагончыкі. Стаяла чарга жадаючых пакатацца на «Рускіх горах» (так называўся гэты атракцыён), прускаўцы ўзялі па білеціку і сталі ззаду. Дачакаўшыся, селі ў вагончык. Поезд адразу крута ўзяў уверх, а потым раптоўна пакаціўся ўніз. Хлопцы міжвольна ўхапіліся адзін за аднаго. Потым іх зноў кінула ўверх. Поезд то ўзбіраўся па гэтай паветранай дарозе ўверх, адольваючы крутыя пад'ёмы, то абрываўся ўніз — як у нейкую прорву — усімі сваімі вагончыкамі. Цімоша ледзьве не вываліўся за борт, калі вагончык завіс уверх коламі. Ён роспачна перажагнаўся і яшчэ мацней учапіўся за Лявонку. Піліпко знямеў ад страху. Галава кружылася больш, чым на караблі, калі плылі сюды. У думках яны ўжо пашкадавалі, што трапілі на. гэтыя «горы», але ўсё неяк абышлося, а ў канцы нават спадабалася. Кужаль напалохаўся менш. Працуючы акнамыем, ён паспеў прывыкнуць і да вышыні, і да гайданкі.
Выйшаўшы з вагончыкаў, убачылі яшчэ адну цікавую забаўку — сіламер. Ахвотнікі, звягнуўшы цэнтам, цягнулі за спецыяльную спружыну, і стрэлка паказвала вынік — наколькі чалавек дужы.
— Што, хлопцы, рызыкнём? — падбадзёрыў сяброў Цімафей. — Дай нам! — звярнуўся ён жэстам да чалавека ў чорным капелюшы-кацялку, які кіраваў усёй гэтай пацехай.
— Адкуль вы? — пацікавіўся той, спытаўшы па-англійску.
— Рашэн, — адказаў асмялелы Цімоша. — О!
— Беларашэн, — паправіў сябра Піліпко, як бы гэта магло нешта сказаць іхняму суразмоўніку, аднак той згодна заківаў галавою: «я-я» і тут жа абвясціў: «Дзвесце фунтаў!» — калі сіламерную спружыну пацягнуў шыракаплечы мацак з вясёлым тварам, які стаяў перад прускаўцамі.
Падышла і іх чарга. Першы да справы падступіўся Цімоша, хапануў за кальцо, з усяе сілы рвануў, і стрэлка імкліва тузанулася ўверх.
— Сто восемдзесят пяць! — гукнуў чалавек у чорным кацялку.
— Ого! — прамовіў Піліпко, але сам да спружыны не падыходзіў.
— О'кэй! — пахваліў «кацялок».
«Можа, мне паспрабаваць?» — падумаў Лявонка, ужо намацаўшы ў кішэні патрэбны цэнт. Аддаўшы яго ўладальніку чорнага кацялка, ён павольна прыклаўся да кальца, зручна ашчаперыў яго і вокамгненна рвануў на сябе.
— Дзвесце дваццаць! — у адзін голас крыкнулі чалавек у чорным кацялку і той здаравяк, што перад гэтым вырваў дзвесце фунтаў. Яны разам кінуліся да хлопца і пачалі мітусліва мацаць яго рукі і плечы.
Уражаны былі і Цімоша з Піліпком. «Ну, Кужалёк!..» — круцілі галовамі адзін і другі. Але больш за ўсіх здзівіўся сам Лявонка, яшчэ і яшчэ раз аглядаючы спружыну з кальцом і стрэлку, якая так высока падскочыла. Прыгладзіў на галаве чуб. Для яго гэта было поўнай нечаканасцю.
Пайшлі далей. Палогім, нізінным берагам Коні-Айленд апускаўся ў акіян. Тут знаходзіўся пляж. Ля самай вады, на пяску, бессаромна грэліся на сонцы голыя людзі, у адных кароткіх штоніках. Мужчыны і жанчыны, старыя і маладыя, худыя і тоўстыя. Прускаўцы паглядзелі адзін на аднаго і паскрэблі патыліцы. У гэтай краіне здзіўленне чакала іх на кожным кроку…
У сваё прыстанішча яны вярнуліся з пустымі кішэнямі. На вуліцах ужо гарэлі газавыя ліхтары.
III
Вечарам Лявонка сеў пісаць ліст дадому. Там ужо, пэўна, стаміліся чакаць ад яго хоць якой весткі. Яшчэ на мінулым тыдні купіў у кіёску паперу, канверт і чарніла. Цяпер вось адсунуў вазон з кветкамі, прымасціўся да падаконніка (стала не было) і ўявіў, як Масей Галёнка паедзе ў воласць, у Ратайчыцы, зойдзе на пошту і забярэ яго ліст, адрасаваны Кужаль Марыі. Дома прачытаюць. І ён пачаў: