Выбрать главу

На вочы навярнуліся слёзы.

«…Паведамляем, што мы пакуль жывыя і здаровыя, чаго і табе жадаем у тваім амэрыканскім жыцці. Наша Ланька ацялілася, прывяла рабенькую цялушачку, падобную да бычка Падгурскага: чорнае з белым. Дзед Кірыла быў пазаўчора ў Камянцы. Цана на жыта паднялася да 1 рубля 25 кап. За пуд. Мы вельмі шкадуем цябе, што ты цяжка працуеш. Перш за ўсё самому трэба, сынок, апрануцца, дагледзець сябе, а потым ужо будзеш думаць, як расплаціцца з Падгурскім. Людзі з Ратайчыцаў ледзьве яго не забілі, двор спаліць гразіліся за тое, што зямлі не аддаў у арэнду.

Добры чалавек наш настаўнік Фама Фаміч, а галоўнае, што смелы. „Бач, кажа, да чаго народ давялі“. У нас ізноў выбіралі ўпаўнамочаных для выбараў у Думу. Выбралі бацюшку айца Глеба. Прыязджаў да нас у Пруску дэпутат Дзяржаўнай Думы Улас Гаўрылюк. Ганілі яго людзі за тое, што ён за паноў, а пра народ забыў. А бяцаў дабіцца, каб мужыкам далі папоўскую зямлю, але, відаць, дурыў людзям галаву, бо расказваюць, што сам Гаўрылюк, калі знаходзіла ў Пецярбургу, жыве ў адным доме з панамі. Нашы людзі, хто разумней, патрабуюць самаўпраўлення, надта збрыдлі паны і чыноўнікі. Ясё аціх, зла ён нам не чыніць.

Ганна вельмі ветлівая, часта заходзіць да нас, пытаецца пра цябе, перадае паклон і прывітанне. Ці напісаў ты ёй ліст? Калі не напісаў, то напішы, бо яна таксама чакае весткі ад цябе. Як там Васіль? Нешта мала ён піша. Глядзі, шануй там сябе, апранайся цёпла, каб не прастудзіўся. Вярнуўся з японскай вайны Фэдар Швед. Паранілі і доўга лячыўся. Цяпер моцна накульгвае на левую нагу.

Прывітанне ад дзядзькі Хведара, ён цябе любіць, пытаецца, як там ён у Амэрыцы. Мы ўсе жывём спадзяваннем на лепшае, марым, калі ты вернешся дадому. А яшчэ перадаюць паклон сусед Хомка Назар і яго сям'я. Чакаем атвета, як салавей лета. Сцеражы цябе Бог.

Твае родныя».

Адказваючы на гэты ліст, ён паклаў у канверт і сваю фотакартку Каб успаміналі. Сум грыз бесперастанку, як іржа жалеззе. З думак не выходзіў успамін пра Ганну. Расстанне з ёю ён перажываў асабліва балюча. Успамінаў, як яна лагодна называла яго «Кужалёк». Як яна там? З кім ходзіць? Цяпер ён вельмі востра адчуў, як не хапае яе, і адразу кінуўся пісаць ліст. Узяў чысты аркуш і зверху вывеў:

«Дарагая Ганначка!»

Напісаць ліст каханай дзяўчыне не проста і не лёгка. Успомнілася ўсё, ён нават адчуў яе пах, як быццам яна была побач. І ўявілася яму раптам у мілым прускаўскім малюнку: ішла па вуліцы, мусіць, вярталася з вячорак ці, разам з сяброўкамі (бо побач Гэлька Відэрка), з музыкаў. Эх, хутчэй бы вярнуцца! Яны пажэняцца і будуць жыць у поўнай згодзе і замілаванні…

«…Пішу табе з Амэрыкі, з Нью-Йорку, дзе я цяпер жыву. Маю працу ў гатэлі. Прыеду — раскажу. Праўда, не магу звыкнуцца з гарадской мітуснёй…»

Здавалася, ён пачуў яе звонкі, меладычны смех — засмяялася з яго скаргі. Таму захацелася пахваліцца — не ўсё ж блага:

«…Купілі ўжо з хлопцамі па касцюму, нават паспелі сфатаграфавацца. Фотакартку высылаю разам з лістом. Пытаўся пра твайго бацьку, але пакуль што нічога пэўнага не дазнаўся. Пераехаў, відаць, у іншае месца. Тут усё зусім не так, як у нас, свае парадкі. Зіма ў Нью-Йорку не зіма — калі гаварыць пра нашы маразы. У Амэрыцы цяпер крызіс, шмат заводаў і фабрык пазачыняліся. Людзі засталіся без працы і без хлеба, усіх беспрацоўных, кажуць, налічваецца чатыры мільёны семсот пяцьдзесят тысяч чалавек!..»

Тут ён злавіў сябе на думцы: каб лішне не напалохаць. Гэта ж яны пра дзядзьку Васіля будуць турбавацца! Трэба супакоіць.

«…Але бацьку твайго я знайду. Увесь час думаю пра цябе. Я б цябе цалаваў і цалаваў, не адрываючыся ад тваіх салодкіх вуснаў. Беражы сябе дзеля нашага адзінага кахання. І яшчэ перадай прывітанне маці. І маім. Моцна цябе цалую і абдымаю. Пішы, бо мне вельмі цяжка.

Твой Лявонка».

Яшчэ раз прачытаў ліст і словы «бо мне вельмі цяжка» выкрасліў.

Зіма ў Амэрыцы хоць і цёплая, але на Коні-Айленд не паедзеш — зачынены да вясны. Тым не менш кожны дзень прыносіў новыя ўражанні. Яны прагна пазнавалі навакольнае жыццё. Раней невядомае адчуванне свабоды распірала грудзі. Мусіць, гэтае адчуванне і навяло іх аднойчы на думку ў адзін з суботніх вечароў наведаць салун. Прыбраліся. На грудзі ўздзелі манішкі з каўнерыкамі, пачапілі гальштукі-матылёчкі, у рукавы прасунулі запінкі. Паглядзелі адзін на аднаго.

— От каб у Прусцы такое пабачылі! — смеючыся сказаў Цімоша, які да таго ж яшчэ ўпрыгожыў грудзі гадзіннікам з ланцужком.

Адно толькі, што стала халаднавата і паверх касцюмаў даводзілася апранаць усё тыя ж прускаўскія світкі, а на галовы насоўваць шапкі-кучомкі, але гэта часова! Справа паправімая.