Выбрать главу

Салуны — на кожным кроку. Ёсць вельмі танныя, разлічаныя на такіх, як яны — новых эмігрантаў. Недзе на ўскраіне яны знайшлі асабліва танны салун, гаспадар якога арыентаваўся, па ўсім відаць, на вельмі дэмакратычныя густы. З вуліцы адразу ж трапілі ў залу з нізкай столлю. Як бы падвал. У ноздры пругкаю хваляй ударыў бражны дух. Распрануліся. Світкі і кучомкі павесілі на вешалку.

— Ну і нягоднік я! Да гэтага часу не паслаў дадому ні пенса! — сказаў Лявонка, калі яны селі за свабодны столік.

— Пачакае твой Падгурскі! Нічога з ім не зробіцца, — суцешыў сябра Піліпко.

— Не, тое, што пазычыў, трэба вярнуць, я слова даў!

Заказалі імбірнага піва. Людзі, што сядзелі за столікамі, не звярталі на іх ніякай увагі. У некаторых павольна, нібы самі па сабе, рухаліся сківіцы. «Гумку жуюць», — падумаў Лявонка. Час ад часу дакраналіся да куфляў і шклянак з напоямі, падносячы іх да вуснаў. Прускаўцы стараліся выглядаць, як і ўсе, і рабіць тое ж самае.

Піва здалося Лявонку кіславатым і не надта свежым. Ён азірнуўся па баках. Непадалёку за пустым столікам сядзела незнаёмая смуглаватая дзяўчынка з кучаравымі валасамі. Заўважыўшы Лявонкаў позірк, яна прыязна пасміхнулася бліснуўшы прыгожымі белымі зубамі. Цімоша з Піліпком таксама звярнулі на яе ўвагу. Мяркуючы па яе ўпэўненых паводзінах, яна была свая ў гэтым салуне.

Падышоў афіцыянт, што разносіў піва, і адразу ўлавіў настрой кліентаў.

— Метыска, сэр, — усяго пяцьдзесят цэнтаў,— кіўнуў ён Цімошу, з выгляду, мусіць, найбольш саліднаму ў іх кампаніі.

Прускаўцы на ўсе вочы глядзелі на афіцыянта і нічога не маглі сцяміць з таго, што ён казаў.

— Можа, бландзінку? Толькі што з Еўропы. Тры даляры…

Хлопцы пераглянуліся між сабой і зноў паўзіраліся на чалавека з піўнымі куфлямі.

— Ёсць у нас два свабодныя пакоі для аматараў.

Гаварыў ён сур'ёзна — як пра нейкую важную і надзённую справу, — ні разу не ўсміхнуўшыся. Нарэшце тое-сёе пачало да іх даходзіць. Але ж яны ўжо ведалі, што прастытуцыя ў Амерыцы забаронена. У Лявонкі пахаладнела на сэрцы, калі ён успомніў Ганну. «А калі яна даведаецца — што тады?» — з жахам падумаў ён. І разам з Піліпком адмоўна пакруцілі галовамі. Цімоша засмяяўся, нібы гэта была звычайная для яго справа.

Па ўсім відаць, ён быў не супраць прыняць прапанову афіцыянта і ўжо пачаў уставаць з-за стала, але Піліпко схапіў яго за крысо пінжака:

— На паліцыю нарвешся — заарыштуюць! І дадому вернуць…

Цімоша фанабэрліва задраў галаву:

— Так ужо і заарыштуюць! Ты, Піліпко, як скажаш…

— Хлопцы, — умяшаўся ў гаворку Лявонка, — ці за гэтым мы сюды прыехалі?

Цімоша яшчэ крыху пакуражыўся і сеў, узяўшыся за свой куфель.

— А каб негрыцянку паспрабаваць? — падмігнуў ён Лявонку, здуваючы з піва пену.

— You! — даляцела да іх ад таго століка, за якім сядзела смуглатварая. Яна, мусіць, здагадвалася, пра што ішла гаворка ў іх кампаніі.

— Як гэта — паспрабаваць? — не зразумеў Піліпко.

— Ну, пазнаёміцца, — растлумачыў Лявонка.

— Дык яна ж чорная! — жахнуўся Піліпко.

— У тым-то і справа, што не белая! — выскаліў зубы Цімоша.

— Ха-ха-ха! Чаго захацеў! — Піліпко залівіста зарагатаў.— От каб у Прусцы даведаліся, што хто-небудзь з нас з негрыцянкай меў справу, — от бы смяяліся. Ха-ха-ха!

Заказалі віскі.

— Вы іншаземцы? Праўда? — запытаў афіцыянт.

Прускаўцы кіўнулі галовамі.

— Адкуль прьгехалі?

— Рашэн, — за ўсіх адказаў Цімоша.

— О-о!

Гэтае «О-о!» яны часта чулі ад тых, хто даведваўся, што яны — «рашэн», і таму не здзівіліся.

Дадому з'явіліся на добрым падпітку.

— Не пусцілі мяне да той, што сядзела. Эх вы! Палахліўцы! — упікаў сябрукоў ІДімоша. — Наступным разам не буду вас слухацца.

Праз хвіліну, ужо кладучыся спаць, ён зноў успомніў:

— А бачылі, як яна мне вочкі строіла?

— Табе? А можа, мне? — рагатнуў Піліпко, каб крыху падражніць задаваку.

— Табе? Якраз! — чмыхнуў на сябрука Цімоша.

Недагаварыўшы, яны паснулі, Піліпко нават захроп.

На раніцу, калі яны прачнуліся, Лявонку чакаў неспадзевак. З тых трох даляраў і некалькіх цэнтаў, што яшчэ заставаліся пасля салуна, нічога ў кішэні не было. Мільганула думка: «А можа, я іх згубіў?» Але ж ён добра помніў, што, калі ўчора ён вешаў пінжак, яны былі ў кішэні. Агледзеў памяшканне, нават пад ложак зазірнуў. Невялікія грошы, але ўсё ж такі…

— Што здарылася? — пацікавіўся Цімоша. — Шукаеш, што?

— Нідзе грошы не магу знайсці…

— Прапілі, не іначай! — пазяхнуў Цімоша, устаючы з ложка.