Выбрать главу

— Не, тры даляры яшчэ заставаліся!

— Прапіў, відаць! — сказаў, праціраючы вочы, Піліпко.

— Не пераймайся! — супакоіў Цімоша. — Заробіш!

Лявонка ўсё яшчэ з надзеяй узіраўся па кутках.

— Ой, што зробіш! — не то паспачуваў, не то павініўся Піліпко. — Можа, згубіў дзе?

Відаць было, як кроў прылягла яму да шчок. «Ці не ты іх і ўзяў? — падумаў Лявонка. — Няўжо табе яны патрэбны больш, чым мне?» Падумаў і пачырванеў ад гэтай думкі — стала як бы сорамна за тое, што здарылася.

Містэр Лейбе, даведаўшыся пра гэты выпадак (сказаў яму Цімоша), разважыў вельмі лаканічна: «Калі ёсць грошы, дык іх трэба пакласці ў банк. Яны не толькі захаваюцца, але вырастуць яшчэ працэнты».

«А можа, і так? — падумаў Кужаль. — Ну, што ж, наступным разам буду разумнейшы, пакладу ў банк. Дачакацца б вясны — паеду куды-небудзь у сельскую мясцовасць. Там больш заробіш і спакусаў менш…»

IV

У Прусцы ў сакавіку яшчэ мароз кусае за пальцы, а тут амаль лета! Вось якая яна — нью-йоркская вясна, і сапраўды падобная на лета. Заіскрыліся на сонцы лужыны. Хлопцы паскідалі свае світкі, засталіся ў адных пінжаках. Днём у глыбокіх сутоннях гарадскіх завулкаў пачала настойвацца духата.

Лявонку зноў чакалі вокны і швабра. Праца цяжкая, небяспечная, аднак не толькі па гэтай прычыне яна была нялюбай яму. У хлопца ўсё часцей здараліся жорсткія прыступы настальгіі, абвостранае жаданне вярнуцца дамоў, да ранейшага, свайго, як здавалася яму, жыцця. З вясной у ім прачнуўся, відаць, патомны земляроб. Абрыдлі і надакучылі горад, лабірынт вуліц, захацелася ў поле. Шукаючы працы, многія эмігранты падаваліся на захад — у Дэтройт, Чыкага, ехалі ў далёкія штаты — Агайо, Індыяну, Мічыган, Ілінойс, Аяву… Спачатку ішлі на біржу, дзе заўсёды стаялі даўжэзныя чэргі. Не абмінуў гэты шлях і прускаўца, які хацеў трапіць у сельскую мясцовасць. На біржы да яго паставіліся з увагай. Чыноўнік агледзеў кліента паверх акуляраў у жалезнай аправе, выслухаў, задаў некалькі пытанняў і, пачуўшы «рашэн», кінуўся да скрынак з карткамі і выцягнуў адну з іх. Патрабаваўся работнік на ферму, штат Ілінойс, і абавязкова каб з Расіі. Гаспадар — містэр Бузук.

«Чаму ж абавязкова з Расіі?» — падумаў Лявонка. Гэта яго нават заінтрыгавала. Чыноўнік, не здымаючы акуляраў, падвёў яго да геаграфічнай карты, што вісела на сцяне, знайшоў тую мясціну — штат Ілінойс.

— Станцыя Маршалтаўн, — сказаў чыноўнік, яшчэ раз ткнуўшы пальцам у карту. — Ферма ўсяго дзве мілі ад станцыі.

Лявонка падзякаваў. «Працы я не баюся, — думаў ён, — горш не будзе, чым цяпер. У гэтым я ўпэўнены. Галоўнае, што здаровы. Праўда, Цімошу з Піліпком давядзецца пакінуць. Што ж рабіць — у Амэрыцы людзі не вельмі трымаюцца адзін аднаго…»

Сапраўды, сябрукоў гэта не надта каб засмуціла: трэба— значыць трэба. «Дай вестку, дзе будзеш», — папрасіў Цімоша на развітанне. Разлічыўся і развітаўся з містэрам Лейбе, які даў яму першы прытулак на амерыканскай зямлі. Падзякаваў за гасціннасць і сабраў свой небагаты скарб: акуратна злажыў куплены ў Амерыцы касцюм, паклаў яго ў куфэрак, запхнуў туды рабочае адзенне, пару кашуль, брытву з памазком, якія набыў нядаўна, яшчэ тое-сёе і падаўся на вакзал.

Ранішні Нью-Йорк укрыты празрыстай бялёсай смугой. На балконах сушыцца развешаная бялізна. Дворнікі прыбіраюць смецце. Ісці добра, але да вакзала ўсё ж такі далекавата. Сеў у «элевейтэд», і праз некалькі прыпынкаў быў на чыгуначным вакзале. Загадзя ўзяты ў касе білет да станцыі Маршалтаўн ужо ляжаў у кішэні.

Ён ехаў ад гарадскога тлуму і мітусні. «Маршалтаўн», — сказаў кандуктару, калі той правяраў білеты.

Народу ў вагоне няшмат. Жанчына сярэдніх гадоў везла канарэйку ў клетцы. Спачатку трымала клетку на каленях, а потым папрасіла Лявонку падвесіць яе за кручок над акном. На лавах сядзелі яшчэ нейкія людзі. Цягнік крануўся з месца, застукаў коламі і неўзабаве быў ужо за горадам. Замільгалі тэлеграфныя слупы, дымныя фабрычныя коміны, невядома чые адзінокія домікі. У цягніку, пры ўсім шматлюддзі, ён адчуў сябе раптам адзінокім, маленькім і бяссільным, падобным на гэтую канарэйку, што пераскоквала з галінкі на галінку і раз-пораз, губляючы раўнавагу, падавала тонкі галасок. Такі, відаць, людскі лёс, што чалавек асуджаны на вандраванні.

Першы прыпынак — Нью-Варк, як значылася на станцыйным будынку. Стаялі не доўга. У вагон зайшла група дзівакаватых людзей у стракатым адзенні, якія моўчкі курылі, трымаючы ў зубах невялічкія люлькі і ні на кога не звярталі ўвагі. Жанчына, якой належала канарэйка, сказала, што гэта індзейцы — мясцовае карэннае насельніцтва. Як толькі яны паселі, цягнік, скрыгатнуўшы коламі, пабег далей, на захад.