Выбрать главу

— Бачыш, па якой дарозе мы едзем?

— Па якой, дзедо? Па прыгожай?

— Па старажытнай, ліцвінскай. Некалі тут лес вакол стаяў, пушча.

— І што з ім зрабілі? Спалілі?

— Вывеўся…

Кірыла надоўга змоўк, пра нешта думаў. Раней гэта зямля ўся была панская. Праўда, прускаўцы не з'яўляліся прыгоннымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Яны мелі невялічкія казённыя надзелы вакол хат і абавязаны былі толькі тры дні ў тыдзень працаваць на панскім полі, уладальнікам якога пасля падзей 1830 года стаў рускі генерал-маёр Якубоўскі, а пасля яго — удава з сынам Мартынам. Генеральша лічыла за лепшае жыць у Маскве і кіраваць маёнткам адтуль. Прыбыткі паступова змяншаліся, справа хірэла, маёнтак спачатку аказаўся закладзеным у казну, а потым, перад самым скасаваннем паншчыны, яго прыдбаў ранейшы гаспадар — багаты варшавяк, калежскі асэсар Падгурскі. Зямлю прускаўцы — праз казну — выкуплялі ўжо ў яго. Дапамог сялянскі банк у Гродне, які набыў у Падгурскага даволі вялікі кавалак поля, каб падзяліць яго паміж сялянамі. Зямельныя надзелы наразаліся ў адпаведнасці з колькасцю мужчын у сям'і. Уласнасцю Кірылы сталі дзесяць дзесяцін — палавіна ўчастка, уключаючы і сенажаць. Няшмат. Таму, акрамя надзельнай зямлі, ён песціў надзею купіць яшчэ. Але ж на што купіш? Выплачвалі банку. Казённую пазыку даводзілася вяртаць з вялікімі працэнтамі. Поле трапіла не з лепшых. Больш урадлівы бок застаўся ў пана. Прускаўцы заўладалі Срачом — чамусьці так называлася гэтае поле. Напачатку і саху цяжка было ўбіць у той суглінак. Даймала каменне — з ім змагаліся. Дробнае збіралі ў крушні, а калі пападаўся такі камень, што зрушыць з месца не было як, капалі каля яго глыбокую ямку, падважвалі жэрдкай, каб сапхнуць на дно, і засыпалі. Але што значыць свая зямля — хоць якая яна, хоць мала яе! Была б зямля, казалі ў Прусцы, а ўсё астатняе прыдасца. Бо і сапраўды, чаго варты селянін без зямлі, каня, кароў і свіней, без уласнага бацькоўскага даху над галавой?..

У Кірылы разам з гэтымі думкамі не выходзіла з галавы ўчарашняя сварка з Ясем.

— Нягоднік! — прамовіў ён услых.

Лявонка насцярожыўся.

— Пра каго вы, дзедо?

— Ды пра Яся, суседа нашага!

— А чаму ён такі? — памаўчаўшы, спытаў Лявонка.

— Я і сам, унучак, не ведаю — ці нарадзіўся такім, ці такім яго, таго, жыццё зрабіла… Зямлі ў яго больш, чым у нас, а прагнасці, здаецца, канца няма! Не чалавек, а гад, мярзотнік!

Ён яшчэ доўга разважаў, а потым раптам, страсянуўшы Лявонкаў плячук, з нейкай гарачнасцю ні з таго ні з сяго сказаў:

— Унучак, трэба заўсёды быць чалавекам.

Па праўдзе кажучы, унук не надта добра ўсведамляў тое, пра што гаварыў дзед. «Быць чалавекам? Дык хіба ён не чалавек? Як жа яшчэ ім быць?»

— Дзедо, раскажыце пра што-небудзь!

Унук ведаў дзедавы аповеды — былі тут розныя, нават незвычайныя гісторыі. І не толькі з уласнага жыцця. Пры выпадку Кірыла любіў расказаць, як яго дзед Мікодым паналіваў французам у стрэльбы вады. Гэта было тады, калі армія Напалеона ўроссып адступала з-пад Масквы і ўжо пад Берасцем апынулася. Берасцейшчына тады ўваходзіла ў створанае Напалеонам у 1812 годзе новае Вялікае княства Літоўскае, пра што Мікодым не паспеў яшчэ даведацца. Бо, калі б ведаў, то таго, магчыма б, і не зрабіў. Некалькі салдат забрылі да Мікодыма ў хату. Стрэльбы тым часам у сенях паставілі. А быў мароз. Мікодым ім і наліў вады. Дык за ноч дулы тыя так параспірала, што яны і паадвальваліся. Калі пад раніцу французы спахапіліся, Мікодым ужо даўно збег у Бярэзіну і вярнуўся, калі тыя, злыя, без стрэльбаў, пашкандыбалі далей.

Кірыла хмыкнуў у вусы:

— Расказаць? А што расказаць? Цяпер жыццё незразумелае нейкае. Вось даўней! Даўней, браце, таго, прыгоннае права было. Гадоў якіх-небудзь сорак, як скасавалі. Пан і станавы прыстаў загадалі нам сабрацца там, дзе цяпер Пан Ян стаіць, на перакрыжаванні дарог. Зачыталі царскі маніфест. Лягчэй стала, а да гэтага… Бацька расказваў. Працуюць прускаўцы ля ракі. Поўдзень. Гарачыня. Піць хочацца. А паспрабуй зачарпні з ракі! Тут жа цябе цівун плёткай агрэе. Каля цяперашняга Пана Яна стаяў слуп, укопаны ў зямлю. Прывяжуць чалавека грудзьмі да слупа, а ззаду кат стаіць з бізуном. Народу кругом назганяюць — каб усе бачылі, як вінаватага караюць. Дык гэтага яшчэ мала! Прывяжуць, бывала, чалавека да дрэва, каля якога мурашнік. О-ёй-ёй!.. — Кірыла ўздыхнуў.— А каго пан не ўпадабае — на дваццаць пяць год у салдаты адправіць. Дзед Мікодым аж тры разы з вёскі сыходзіў. І кожны раз вяртаўся — дзе дзенешся?