Выбрать главу

— Гуд монінг! — азваўся і Грыцько, выходзячы з вядром на ганак. — Ты ўжо на нагах?

— Беларусы рана прачынаюцца! Як жаўранкі,— пажартаваў Лявонка.

— Добра, калі так! — пахваліў гаспадар. — Ты, пакуль снедаць, агледзься, дзе жыцьмеш. А мы кароў падоім.

Бацька з сынам, ціха бразгаючы вёдрамі, накіраваліся ў кароўнік, што стаяў у канцы двара з загонам для жывёлы. Праз пару хвілін пачулася, як у вёдры зацурчэла малако. І цурчэла доўга. Гэта былі, як потым ён даведаўся, дойныя каровы галандскага тыпу, малака давалі шмат.

Лявонка прайшоўся па двары. З бліжэйшага хлевушка пачуўся храп. «Той негр! — здагадаўся хлопец. — Спіць яшчэ, мусіць…» Каля дзвярэй хадзілі куры, не звяртаючы на прускаўца ніякай увагі, быццам яго і не было. «Нават куры незалежна сябе трымаюць». Далей за хлевушком, у якім задаваў храпака негр, знаходзілася канюшня, паветка для калёс і сельскагаспадарчых машын, майстэрня.

Мелані ўстала толькі пасля таго, як каровы былі падоены і мужчыны прынеслі ў хату поўныя вёдры малака. Нягледзячы на гэта, яна аказалася ўвішнай гаспадыняй: неўзабаве было гатова і снеданне.

Лявонка прыбраў пасцель.

— Уставай, Букер! — пачулася ад хлевушка. — Хопіць спаць! — Гэта гаспадар будзіў работніка-негра.

Снедаць рыхтаваліся ў невялікім задышку, які называўся сталоўкай, і знаходзіўся побач з кухняй. Трапіць туды прускавец нават і не спадзяваўся. Няўжо пасадзяць побач з сабою батрака? Паклікалі. Ён быў гэтым нават узрушаны. Здзівіў стол: гаспадыня напякла аладак, насмажыла яечні, наварыла аўсянай кашы. Перад тым, як есці, маліліся, пастаўшы вакол стала.

«Набожныя, — падумаў Лявонка, шэпчучы разам з усімі словы малітвы, — нашым прускаўцам далёка да іх».

Лк і ўсе, ён еў яечню, хрумстаў падсмажаным і яшчэ гарачым белым хлебам. Смачнай здалася аўсянка — густая і вязкая, але не падобная на прускаўскі калядны кісель. На заканчэнне пілі каву.

Негр снедаў на кухні. Пасадзіць негра за стол разам з белымі? Гэта немагчыма. Работнік лічыўся тут раўнапраўным членам сям'і, але толькі не негр.

Калі Лявонка паснедаў, апрануўся і выйшаў з свайго павільёна, негр ужо чакаў каля свайго хлевушка, прыветна ўсміхаючыся новаму чалавеку. Зубы былі ў яго надзвычай прыгожыя: белыя, чыстыя і бліскучыя. Лявонка падышоў да калегі, падаў руку, назваў сваё імя.

— Букер Вашынгтан! — назваўся той, раздуваючы шырокія ноздры.

Нягледзячы на такое гучнае імя, гаспадар адвёў яму месца ў драўляным хлевушку, прызначаным для гаспадарчага рыштунку. Апрануты Букер неяк неахайна, да чаравікаў прысох гной. Палінялыя штаны ледзь трымаліся на сцёртых шлейках. Пасля снедання ўзяліся за работу. Ставілі новы плот. І не толькі вакол самой фермы. Ферма Бузукоў межавала з некалькімі іншымі гаспадаркамі, і Грыцько меўся паставіць агароджу вакол усяго поля. Лявонку здзівіў і размах гаспадаровай задумы, і яе мэтазгоднасць.

Нібы адчуўшы яго недаўменне, Бузук патлумачыў:

— Каб у згодзе жыць з суседзямі.

Пачуўшы гэта, Букер лісліва засмяяўся.

Грыцько паглядзеў на яго і ганарліва дадаў:

— Мы, амерыканцы, не любім хадзіць у статку. Кожны — асобна.

Жыццё на ферме ён, па ўсім відаць, лічыў найбольш для сябе прымальным. У поле далёка ехаць не трэба — яно тут, вакол сядзібы. Участак разбіты на правільныя квадраты. «Севазварот», — здагадаўся прускавец. Поле здалося шырокім, як у Падгурскага. У чыстым блакіце там-сям віселі невялічкія белыя аблачынкі.

Працавалі моўчкі. Лявонку нават здзівіла маўклівасць гаспадароў — старога і маладога, якія поўнасцю ўвайшлі ў работу. На іх спіне скрозь сінія кашулі праступалі вялікія цёмныя пляміны ад поту. Бліжэй да поўдня Мелані прывезла ланч. Хлеб, мяса, сыр. На полі ўсе елі разам. Прускавец жаваў сандвіч і задумліва ўглядаўся ў лінію гарызонту.

— Зямлі ў нас хапае! — па-свойму зразумеў яго погляд гаспадар.

Маўклівы за працай, цяпер ён неяк ажывіўся, пачаў, як бы крыху хвалячыся, казаць пра сваю гаспадарку, пра сябе:

— Яшчэ трыццаць гадоў таму гэта быў закінуты і забыты Богам край. Тады мы і пасяліліся тут — некалькі сем'яў украінцаў, выхадцаў з Галіччыны. Супраць сваёй волі давялося развітацца з родным краем. Былі на тое прычыны… Затое тут, у Амерыцы, у Ілінойсе, зямлю атрымалі бязвыплатна. Кожнай сям'і — па 50 акраў. Зямлю атрымалі, аднак сурова і непрыветна сустрэў Ілінойс нас і іншых перасяленцаў. Зразумелі мы кошт той бязвыплатнасці. Зямлю даводзілася адваёўваць ад лясной глухамані. Спачатку ў бурдзеях жылі. Гэта нешта накшталт зямлянкі. Будаваць навучылі мясцовыя індзейцы.

Лявонка не ўтрымаўся і перабіў расказчыка, успомніўшы дзівакаватых людзей у стракатым адзенні, з якімі ехаў у поездзе: