— Індзейцы? А што гэта за народ?
— Індзейцы тут — як там у нас цыганы, — растлумачыў Грыцько, — не спадабалася нешта ім, пайшлі далей на Захад.
— Індзейцы абавязаны саступіць! У белых — новая цывілізацыя! — дапоўніў бацькава тлумачэнне Іван.
(Потым, праз гады, Лявонка зразумеў, што гэта не зусім так, а дакладней — зусім не так. Індзейцы — не цыганы. Гэта мясцовы, карэнны народ, і калі іх з кім параўноўваць, дык не з вандроўнікамі-цыганамі…)
Містэр Грыц працягваў свой аповед:
— Паспыталі ліха перасяленцы, асабліва цяжка даводзілася жанчынам. Найбольшыя хваляванні для жанок перасяленцаў і іх сем'яў былі звязаны з цяжарнасцю і нараджэннем дзіцяці. На нейкую пэўную дапамогу разлічваць проста не прыходзілася. Тут маглі дапамагчы хіба толькі муж ці нейкая спагадлівая суседка, бо сялібы навасёлаў знаходзіліся на далёкай адлегласці адна ад адной. Калі я пакідаў сваю абсаду, падаваўся некуды па справе, сям'я заставалася адна, без абароны, спадзеючыся на саміх сябе і ні на кога больш. Цёмнымі начамі вылі ваўкі і каёты, на людзей яны нападалі без папярэджання і без літасці. Часам звяры прыходзілі да жытла, скрабліся ля дзвярэй і пад вокнамі. Даводзілася нават адстрэльвацца.
Улетку смаліла сонца, даймала непрывычная спякота. Восенню пагражалі пажары. Яны ўзнікалі ў прэрыях невядома ад чаго: ад удару маланкі або ад выпадковай іскры з паравознай топкі,— сухая, парыжэлая пад жорсткім сонцам трава і чырваналістае кустоўе гарэлі як порах. Пажар быў відаць здалёк і тушыць яго выбягалі ўсе суседзі…
Праз колькі гадоў не выцерпелі — пачалі ўсё ж такі ставіць хаты: з дрэва, вокнамі на ўсход, на трывалым каменным падмурку. Дах чатырохсоты, бляшаны. Як дома. Індзейцы вельмі дзівіліся, недаверліва ківалі галовамі: як у такім памяшканні жыць?
Тут Букер зноў засмяяўся, але Грыцько не звярнуў на яго ўвагі. Працягваў расказ:
— Спачатку абрабляў гаспадарку на мулах, а потым завяліся і коні, і я пачаў гадаваць коней. Коней забірала армія. Вайскоўцы добра плацілі. Было за што: коні здаровыя, прыгожыя, цёмна-шэрай масці. Завяліся і авечкі. Ферма пачала прыносіць даход…
Лявонка паглядзеў сабе пад ногі:
— Я таксама вымушаны быў ехаць…
— А можа, уцёк? Ад каго? — Грыцько паглядзеў на яго прыжмуранымі вачыма.
— Не, не ўцякаў я, — вытрымаў яго погляд прускавец.
— Я гэта кажу чаму: усякае можа здарыцца. У маладосці я сярод апрышкаў быў. Уцёк у Карпаты ад войска. Летам у гарах, зімой у сёлы спускаліся, служылі ў гаспадароў. Сялян не чапалі, а панка якога, бывала, добра прыжучым.
Расказчык уздыхнуў, пацёр лоб.
— Пагайдамачыў я з хлопцамі на Галіччыне… Спачатку ўсё ішло добра, а потым прыціснулі нас. Таго-сяго злавілі. Вось мы параіліся і рушылі сюды…
Час ланчу заканчваўся. Едакі запівалі сандвічы крынічнай вадой: у тым месцы, дзе поле пераходзіла ў луг, была халодная крыніца. Зноў узяліся за работу — за тую ж агароджу. Цягалі каменне, навешвалі вароты, капалі канавы. Быў яшчэ і абед, калі сонца добра ўжо нахілілася на захад, і праца пасля абеду, пакуль не звечарэла. Завіхаліся цэлы дзень і здолелі-такі зладзіць добры кавалак агароджы, што больш выразна акрэсліла абрысы гаспадаровай зямельнай уласнасці.
На вячэру прускавец, як і ўсе, атрымаў лусту хлеба і міску густога фасолевага супу. Вечарам гаспадар сказаў, што трэба рабіць заўтра. Глеба падсохла і ўжо чакала плуга. Пачыналіся веснавыя клопаты, блізкія і зразумелыя прускаўцу. «Важна не ўпусціць час!» — сказаў Грыцько. З гэтай думкай Лявонка пайшоў у свой павільён, разаслаў пасцель. Букер, чутно было, ужо спаў.
V
Раніцаю наступнага дня з канюшні і кароўніка вывозілі на поле гной.
— Восенню дадамо яшчэ і хімічных угнаенняў,— сказаў фермер.
Вазы параконныя, як у пана Падгурскага. Запрэгчы дапамог Іван. Коні, праўда, спакойныя, ненатурлівыя. Фермер ведаў толк у конях. Дужыя. Зрэдку толькі стрыглі вушамі, азіраючыся на незнаёмага чалавека. Каб супакоіць, Лявонка гладзіў іх, адчуваючы прыемны, як яму здавалася, пах конскага поту.
Ад раллі ішла пара, а разам з ёю спакваля сачылася просьба: зямля прасіла плуга, каб ажывіў родавыя, плодныя сілы, абудзіў да наканаванай лёсам і прыродай дзейнасці — зелянець, красаваць, налівацца.
На даляглядзе, за вярсту ці нават крыху болей, у ранішнім празрыстым паветры таксама былі відаць постаці людзей з плугамі і коньмі. Чуліся панукванні аратых. На суседніх фермах работа ішла поўным ходам. Гной прыворвалі таксама параконнымі плугамі, на колах, з некалькімі жалезнымі лемяшамі. Ноздры казытаў водар абуджанай зямлі, навяваючы думкі аб яе нерастрачанай сіле і пра будучы плён ураджаю.