Грыцько назіраў, як ідзе праца, залішне, мусіць, не давяраючы сваім работнікам. Праз нейкі час падняў руку:
— Перадыхніце! Хай коні адпачнуць…
— Добрыя коні! — пахваліў Лявонка.
Ён ужо паспеў заўважыць, што ў гаспадара мелася слабінка: любіў, каб яго хвалілі.
Грыцько павярнуўся да яго:
— У вас яшчэ сохамі людзі аруць…
Лявонка не зразумеў, пытаецца ў яго гаспадар ці проста кажа тое, што думае.
— Сохамі, але ўжо і жалезныя плугі купляюць.
Гады тры таму Грыцько быў на Сусветнай выстаўцы ў Чыкага, дзе была прадстаўлена гісторыя цывілізацыі. Былі там і сохі.
— Правільна зрабіў, што прыехаў: Амэрыка — лепшая краіна ў свеце. Тут многаму можна навучыцца.
Лявонка акінуў поглядам палявы прастор. Ралля цешыла вока роўна праведзенымі барознамі.
— Я сам, уласным плугам перавярнуў гэту зямлю! — Грыцько не без гонару абвёў рукой шырокі абсяг навокал.
— Зямля ў вас добрая! Куды лепшая, чым у нас, пагадзіўся прускавец.
Гаспадар задаволена пасміхнуўся:
— У нас зямля — адзін чарназём! Колькі б ні капаў — да пяску не дакапаеш!
Апоўдні гаспадыня прывезла ланч. На траве разаслала настольнік, дастала сандвічы, халоднае мяса. Яно ўжо і хацелася есці — паспеў, бадай, прывыкнуць да тутэйшага раскладу дня.
— Зямлю трэба купляць, а яны таўкуцца на гэтым надзеле, — сказала Мелані, раскладаючы ежу.
— Гэта справа будучыні,— адказаў муж.
— А там хто арэ? — спытаў Лявонка, мыючы рукі (ваду бралі ўсё з той жа крыніцы).
— Суседзі. Гэп з сынам, — Грыцько пасміхнуўся ў вусы.
Прускавец уздыхнуў:
— Вось расплачуся з даўгамі, вярнуся дадому, таксама прыкуплю кавалак зямлі.
— Правільна! — падтрымаў гаспадар. — Каб паважалі, братка, трэба быць багатым — бедны ты нікому не патрэбен! Добра, калі ўраджай. Як толькі няўрод, мы, братка, вылятаем, як той казаў, у трубу, — Грыцько пачухаў чупрыну, але ніякай разгубленасці ў ім не адчувалася. Лявонка дзівіўся: стары чалавек, а колькі ў ім энергіі, якія размах і рухавасць.
Дадому вярнуліся позна. На вячэру гаспадыня падала бульбу з кіслым малаком. З бульбы ішла густая пара, белыя бульбінкі рассыпаліся і іскрыліся вільготнымі кропелькамі крухмалу. Госць пакаштаваў.
— Што, смачная? — пасміхнуўся Грыцько.
— Смачная…
Грыцько сказаў, што ў мінулым годзе яны пасадзілі з паўдзесяціны бульбы, не на продаж — для сябе.
— «Айдага»! Гатунак такі…
— А калі вам паспрабаваць больш садзіць бульбы? — рызыкнуў параіць Лявонка і дадаў: — Наш край слаўны бульбай.
— Не выгадна.
Грыцько патлумачыў, што на гэтых землях растуць добрая пшаніца, авёс і асабліва кукуруза. А бульба? Бульба… Стомлены работнік ужо не чуў, што ён гаварыў, змарыў сон, і ён пайшоў адпачываць. Заснуў задаволены і з пачуццём апраўдання, дзеля чаго ён тут на гэтай ферме.
Праз колькі дзён, апрацаваўшы поле, пасеялі пшаніцу, а к канцу мая пасадзілі кукурузу — таксама непадалёк ад абсады. Фермер прытрымліваўся строгага севазвароту: звычайна пасля кукурузы ён сеяў авёс, затым канюшыну і люцэрну і зноў кукурузу. Садзіў яшчэ і буракі. Сказаў, што пшаніца і буракі нагадваюць пра пакінутую Украіну.
Вечарам, як па заказу, калі яны вярнуліся дадому, пачаў імжыць дробненькі дождж. Можна было і адпачыць. Стомлены Букер прысеў на лавачку каля свайго хлевушка, але гаспадару гэта не спадабалася.
— Хіба не бачыш, — упікнуў ён чарнаскурага работніка, — кабыла падкову згубіла, а табе хоць бы што!
Прускавец ужо ведаў, што безрабоцце фермер лічыў за страшны грэх і нават злачынства, але ж быў ужо вечар і відаць было, што чалавек замарыўся.
Букер спрабаваў штосьці сказаць ці патлумачыць. Гаварыў з гаспадаром пачціва, але той нават слухаць не стаў. З Букерам ён гаварыў па-англійску.
— Прыкусі язык! Працаваць трэба! — і дадаў яшчэ нешта, чаго Лявонка не зразумеў.
Букер падаўся на поле, адкуль яны толькі што вярнуліся.
Фермер пагардліва паглядзеў яму ўслед і сказаў, звяртаючыся да Лявонкі:
— І найменне нехта яму даў — Букер…
Аказваецца, ад гаспадара Букер атрымаў загад палохаць варон. Відаць было, што жыццё адвучыла фермера спагадаць каму-небудзь…
Пасля пасеялі канюшыну і люцэрну. Тым часам паднялася і зазелянела густая пшанічная рунь, а побач і кукуруза. Здавалася б, можна і перадыхнуць. А не! У гаспадара на ўліку кожная хвіліна. Усе працуюць цэлы дзень, няма калі адпачыць. І кожны мае сваю працу. Учора яны валілі і карчавалі дрэвы на ўскраі лесу, каб пашырыць поле, і Лявонка добра-такі натрудзіўся, але не паказваў, што стомлены. Напачатку містэр Грын зрэдку назіраў за тым, як ён працуе, ці ўсё ў яго атрымліваецца як трэба. Пераканаўшыся, што той усё робіць сумленна, як для сябе, перастаў на яго аглядацца. Выйшаўшы з лесу, пачалі рамантаваць плот вакол сядзібы. Потым быў час ланчу — селі падсілкавацца. Лявонка загледзеўся на прыгожую, з блакітным адценнем, елку, што расла побач з плотам.