Выбрать главу

— Нарвежская, — не без гонару сказаў гаспадар.

Непадалёку ад фермы цякла невялікая рэчка, упадаючы ў адно са шматлікіх азёраў, раскіданых па ўсёй гэтай прасторы. Рэчка мела дзіўную назву: Матушка Волга. Хто так назваў — невядома. Мабыць, нейкі чыноўнік з штата ці вайсковец — рускі па паходжанні.

— Вам, містэр Грыц, каб рэчку гэтую запрудзіць ды млын паставіць…

Гаспадар быў здзіўлены:

— Наша Матушка Волга часам і наравістая бывае, асабліва ў дажджы. Тады вады прыбывае!

— Тым лепш! Шпарчэй будзе кола круціць.

— А ты вунь, аказваецца… Розум у цябе пракідкі! Я ўжо і сам над гэтым думаў. Хіба што з цягам часу…

Цяплей стала на душы ад яго пахвалы.

— Беларусы на прызбе не сядзяць, — успомніў ён словы дзядзькі Хведара, сказаныя ім перад ад'ездам.

Грыцько засмяяўся:

— Удалая прымаўка!

— Але ж шчасця там няма, разбрыдаюцца людзі па ўсім свеце. Ні шчасця няма, ні дастатку, усюды гора, галеча…

Наступіла паўза.

— Я табе скажу, чаму, — кашлянуў Грыцько, прачысціўшы голас.

Лявонка чакаў, што ён скажа.

— У вас канстытуцыі няма. Гэта — раз. І ў вас паноў шмат. Амэрыка, у адрозненне ад Расіі, краіна дэмакратычная! У вас цар пры ўладзе, ніхто яго абмежаваць не можа. Што хоча — тое і робіць. — Грыцько развёў рукамі. Размаўляў ён у сваёй ранейшай паблажлівай манеры. — Ты от неяк быў сказаў, што вашы беларусы рана прачынаюцца… Як жаўранкі…

— Не помню, можа, і казаў.

— Дык вось, па вашым народзе гэтага не відаць. Не чутно нешта вас…

— Добра вам так разважаць, містэр Бузук, — у вас людзі хоць неяк паважаюць адзін аднаго, а ў нас — не! Ушчаміць адзін аднаго стараюцца. Можа, таму і іншыя да нас дрэнна ставяцца: ні нас, ні мовы нашай не прызнаюць.

— У вас там то халера, то рэвалюцыя… — Грыцько плюнуў на дол. — Нашы багачы-капіталісты хацелі ў Расію ехаць ды фабрыкі будаваць, але, баяцца. Край багаты, а парадку няма: няволя, голад, бяспраўе, ад гэтага і рэвалюцыі. Народ бунтуецца… — Памаўчаўшы, Грыцько сказаў: — Бунтамі нічога не дасягнеш, хай усё ідзе як яно прадвызначана…

— Казалі, што і ў вас не так даўно вайна была! — падаў голас Лявонка.

— Так-так! — пагадзіўся Грыцько. — Сорак гадоў назад, братка, тут паміж сваімі вайна грымела. Шмат крыві пралілося. — Ён перавёў дыханне. — Рабства адмянілі, але цяпер вось гандляры насядаюць. Пасля вайны ўсе верылі, што ўсё будзе добра, а здарылася ці не наадварот — няма справядлівасці! Але нічога! — бадзёра закончыў ён. — Бог любіць Амэрыку!

…На змену сінім тонам пралесак прыйшлі зіхоткія фарбы лета. Саспела для касьбы трава. У Бузукоў рыхтаваліся да сенакосу. Грыцько з Іванам наладзілі параконную касілку, а Лявонка павінен быў дапамагаць касой — у тых мясцінах, куды грувасткая касілка не мела доступу. На світанні мужчыны з'елі снеданне, падрыхтаванае Мелані, узялі з сабой некалькі сандвічаў, кавалак халоднага мяса, тэрмас з кавай. Букер ужо чакаў каля свайго хлевушка. Выйшлі за вароты. Касілка, запрэжаная параю коней, з Іванам на жалезным сядле, ехала паперадзе. Свежае ранішняе сонца ярка загарэлася на чырвоных маках, роснай зеляніне травяных паплавоў, блакітных палетках лубіну. Хілілася пад ветрам ужо добра адрослая ад зямлі пшаніца. Усё расло. Па пояс узнялася маладая кукуруза, якую паспелі ўжо і прапалоць. Чырвоным дываном слалася па полі канюшына.

Любата! Цяпла, дажджу і ветру ў гэтым годзе было дастаткова і ў добрым спалучэнні,— усё выглядала на славу.

Ужо з самай раніцы надта ярка свяціла сонца — куды ярчэй, чым у Прусцы. Блішчэла трава, усцяж абсыпаная расой. Па небе плылі белыя баранчыкі хмарак. Лявонка вёў касу размашыста і лоўка, пакідаючы за сабой шчаціністы пракос. Касіў са смакам, у ахвоту. Непадалёку сакатала сенакасілка, якою кіраваў малады гаспадар. На ім кепка з доўгім казырком, каб не паліла спякотнае ілінойскае сонца. Прускавец сабе такой яшчэ не прыдбаў. Роўнымі радамі цягнуліся пракосы свежаскошанай травы. Прыемна было чуць, як жыкае вострая каса.

«Ты на пяту націскай, на пяту!» — успомніў ён словы дзеда Кірылы, адчуваючы, як лёгкі ветрык абвявае разгарачаны твар, грудзі. Наперадзе і па баках зелянелі кусты яшчэ недаспелай ажыны. Вядома, з касілкай тут не развярнуцца. Ён спыніўся памянціць касу. Ззаду ішоў Букер — раскідваў пракосы, каб трава сохла. У яго таксама змакрэла на спіне выцвілая рубашка. Працавалі яны — Лявонка і Букер — звычайна разам. Ад гарачыні ў негра яшчэ больш завіваліся кароткія, густа-кучаравыя валасы і раздуваліся шырокія ноздры. У магутнай постаці адчувалася вялікая фізічная сіла. У Прусцы роўнага такому няма. Хіба што толькі Марка Замагільны — той, пэўна, мог яго пабароць.