Выбрать главу

У паветры стаяў густы, дурманячы пах кветак, што раслі вакол кустоў — і такія прыгожыя, што прускавец міжволі прыпыніўся і загледзеўся на іх. Назвы ён не ведаў. Кветкі гарэлі чырвоным полымем. Разам з Лявонкам задзівіўся на іх і Букер. Прускавец ужо прызвычаіўся да таго, што побач з ім знаходзіцца чалавек з цёмнай (амаль што сіняй) скурай. Чарнаскураму цяжэй, чым беламу. Аднак усмешка не сыходзіла з вуснаў негра, а пагляд вялікіх пукатых вачэй нават палохаў нейкім незвычайным спакоем і бессэнсоўнасцю.

Букер расказваў свайму напарніку, што неяк у дзяцінстве, каб пасвятлець, ён еў мел. Ён не любіў спяшацца з выкананнем работы, бо пераканаўся, што як толькі скончыш адно, тут жа знойдзецца нешта яшчэ. Непаспешлівасць рабіла яго ў чымсьці падобным на прускаўскага чалавека. Лявонка не пытаўся колькі яму год, — на выгляд можна было даць гадоў трыццаць. У мінулым, казаў Букер, даводзілася пабыць і афіцыянтам у сапуне, і кандуктарам на чыгунцы, і чысцільшчыкам ботаў, папрацаваць на плантацыі. Доўга бадзяўся па Сярэднім Захадзе. Але паводле характару ён быў наіўны, можна сказаць, прастафіля. Некалі над ім вельмі ж бессаромна пажартаваў нейкі прыезджы гандляр, які прадаў Букеру некалькі — па даляру штука — рознакаляровых калочкаў, быццам бы спецыяльна прызначаных, каб іх куплялі негры.

Гэтымі калочкамі, запэўніў хітрэц, можна было адзначыць любы ўчастак зямлі, які аблюбуе сабе негр, і стаць яго ўласнікам. «Вы шмат пакутавалі,— тлумачыў гандляр, увішна махаючы рукамі перад Букеравым носам, — перамога вас вызваліла, урад абяцаў вам, кожнай сям'і, па сорак акраў і па два мулы». Той паверыў, аддаў за гэтыя калочкі апошнія даляры і адзначыў імі невялікі кавалак зямлі ў адным са штатаў Сярэдняга Захаду. Аднак гэтая зямля, аказваецца, мела ўжо гаспадара, які хутка ўгледзеў тыя каляровыя калочкі і разабраўся, што да чаго. «Хто тут палкі паставіў?» — засіпеў ён ад злосці, убачыўшы негра. Букер спачатку спрабаваў яму нешта тлумачыць, а потым сарамліва апусціў вочы. Да яго дайшло, што яго жорстка ашукалі. Лявонка ў душы паспачуваў новаму сябру і зразумеў безабароннасць гэтага чалавека. Грыцько лічыў яго лянівым і бесталковым.

Над пракосамі гайдаўся бесклапотны, страката расквечаны матылёк, — ляцеў туды, дзе дрыгвяністым балотам, парослым чэзлымі дрэўцамі, заканчвалася сенажаць і ціха драмала ў кустах Матушка Волга.

— О'кэй! — пачулася ззаду. Гэта падышоў Грыцько. — Палуднаваць пара.

Палуднаваць селі на ўзмежку, каля ружовага палетка канюшыны. Лявонка дастаў з воза карзіну з харчам. «Эх, зараз бы кіндзюка паспытаць — нашага, прускаўскага», — мройліва падумаў ён, прыгадаўшы смак гэтага дамашняга вырабу, які вісеў на гарышчы з зімы, чакаючы сенакоснай пары. Але і тут неблагія харчы. Гаспадыня ўмела гатаваць смачную фасолю з грудзінкай. Касу цягнуць можна…

На скошаную, ужо прывялую траву мякка клаліся лёгкія кроплі дажджу. Пяшчотна дакраналіся да шчок, ілба, вуснаў. Клаліся і тут жа высыхалі. Дождж ледзь-ледзь пакрапаў. Слабы ветрык панёс хмарку далей на поўдзень… Зноў пара брацца за касу. Скошаную траву сушылі і складвалі ў капыці — Грыцько прывёз гэта слова з радзімы. Тут яна таксама такая ж духмяная, амаль як дома…

Хілілася да гарызонту сонца, апісаўшы на небе высокую дугу — вышэйшую, чым у Прусцы. Летні вечар надыходзіў тут вельмі хутка, неяк адразу. Калі яны вярнуліся дадому, сонечныя праменні яшчэ трымаліся на вершалінах дрэў, але потым зніклі і яны. Спыніў сваё дыханне ветрык, і ў паветры запанавалі цішыня і спакой. Узмацніліся пахі.

Водар свежага сена нагадваў колішнія спатканні з Ганнай. Ён уявіў сабе той вечар, тую сцяжынку ля вербачак. Крамянасць дзявочага цела… Пашкадаваў, што цяпер яна ад яго так далёка.

Нарэшце на сядзібу ўз'ехаў першы фургон, цяжка нагружаны сенам, якое складвалі ў хлеў.

На вячэру, як звычайна, хлеб і фасоля. Павячэраўшы, Лявонка глянуў у люстра і ўбачыў чыюсьці незнаёмае, па-юнацку худое аблічча. З чорнай чупрыны тырчалі сухія травінкі.