Місіс Мелані сказала:
— Мужчынам у нас добра — вярнуўся з работы і адпачывай, а вось жанчыне клопатаў хапае: накармі, ды прыбяры, ды памый… Ой-ёй-ёй!..
Прускавец стрымаў усмешку, каб не пакрыўдзіць гаспадыню. Дзіўныя стварэнні — жанчыны. Да палявой працы місіс Мелані не дакраналася. Гэта — справа мужчын, кароў даілі таксама мужчыны. Агарод, праўда, садзіла і палола гаспадыня, і малочныя прадукты — таксама быў яе абавязак. Не, хапала турботаў і ёй. Можна было падзівіцца яе энергіі і спрыту — адна вядзе хатнюю гаспадарку. Гэта — куры, гусі, качкі, індыкі, а таксама свінні, авечкі… І кухня таксама за ёю. Мужчыны цэлы дзень на полі, а яна дома. Адзіноту пераносіла моўчкі і з годнасцю. Тупала цэлы дзень па гаспадарцы і к вечару моцна стамлялася. Некалі, мяркуючы па ўсім, яна была прыгажуняй, але нялёгкая доля жонкі фермера састарыла і яе. З Лявонкам яна гаварыла па-ўкраінску:
— Хлопец, хлопец!
— Што такое?
— А ты не жанаты?
— А што? Не, не жанаты.
— Смелы чалавек, калі вось так, адзін, рашыўся ехаць у Амэрыку…
Прускавец паціснуў плячыма. Успомнілася маці: як яна там?
Гаспадыня прапанавала кубак малака — запіць вячэру. Місіс Мелані прымушала і свёкра піць малако, бо лічыла, што гэта супакойвае.
— Гуд бай, — сказаў прускавец на развітанне і, хістаючыся ад стомы, пайшоў у свой павільён.
Сельская праца цяжкая, але гэта была яго праца. Нанюхаўся свежага сена і аж сп'янеў. Заснуў адразу, як толькі лёг.
Потым скасілі канюшыну, люцэрну Іх таксама сушылі і вазілі на ферму Уставаць даводзілася ў чатыры гадзіны раніцы, а клаліся недзе а дзевятай вечара. Семнаццаць гадзін у дзень! Калі было зусім цяжка, Грыцько як бы жартам прыгадваў Лявонкавы словы: «Ты ж сам казаў, што беларусы на прызбе не сядзяць». Сам ён кожную хвіліну быў заняты справамі і ім з Букерам увесь час знаходзіў нейкую работу. Усё лета яны змагаліся са страшным ворагам фермераў — пустазеллем, якое вяло няспынны наступ на палі, укаранялася ў зямлі, глуміла пасевы. Прускавец з цікавасцю і немалым здзіўленнем усё больш пераконваўся, што амерыканцы не дзеляць працу на чорную, мужыцкую і высакародную, што ніякая праца тут не выклікала да сябе пагардлівых адносін. Чалавек павінен умець усё і фізічна быць моцным. Самая цяжкая гаспадарчая работа лічылася ўпаўне прыстойнай і паважалася гэтак жа, як і любая іншая. Выходзіла, што «работа» — галоўнае амерыканскае слова. Нават ліст дадому няма як напісаць.
Чакаў нядзелі. Нядзеля — свята, выхадны, твой дзень. Рабі, што хочаш. Букер спаў, а ён сеў пісаць ліст.
«Дарагія мама, сястрычкі і дзядуля!
Я жывы і здаровы, чаго зычу і вам. Працую цяпер на ферме ў аднаго гаспадара. Жывецца мне не блага. Гаспадар папаўся добры, і мне тут падабаецца. З сябрамі Цімошам і Піліпком давялося расстацца. Яны засталіся ў Нью-Йорку. Калі мы сюды ехалі, дык надта сябравалі, а тут у розныя бакі падаліся, на розную работу. Як каму пашанцуе.
Цяпер я ў штаце Ілінойс.
Фермеры, аказваецца, працуюць шмат і цяжка. Многае залежыць ад надвор'я і цэнаў. Гаспадар містэр Грыц — украінец па паходжанню — з гонарам называе сябе амэрыканцам. Жыве ён тут даўно, гадоў, можа, з сорак.
Як ні дзіўна, але тут няма паноў. Гаспадары працуюць нароўні з намі, работнікамі. Працую на ўсім гатовым, але за ўсё павінен адрабіць. Ашчаджаю кожны даляр. Побач са мной працуе негр. Так тут называюгща людзі з чорнай скурай. Ферма накшталт хутара ці фальварка — тут свой невялічкі свет, свае інтарэсы і клопаты. Вельмі прыгожая прырода. Не так далёка і горад — Маршалтаўн. Цяпер у нас тут касавіца — косім люцэрну. Лета вельмі гарачае, а дзень цягнецца доўга. Але гэта і добра — стаміцца, напрацаваўшыся, а потым легчы і адразу заснуць ды не варочацца ад бяссонніцы…»
Тут ён спыніўся, перачытаў напісанае, усміхнуўся: «Каб не падумалі, што кладуся спаць не вячэраўшы». Дадаў пра тое, што падаюць на вячэру. І дапісаў яшчэ:
«…Дарагія мае мама, дзядуля і сястрычкі! Вы там не сумуйце без мяне. Неўзабаве вярнуся. Хочацца дадому. Вялікае прывітанне перадайце дзядзьку Хведару. Паміж ім і містэрам Грыцам шмат падобнага.
Як там Ганна пажывае? Што чутно пра яе бацьку — дзядзьку Васіля? Тут я яго так і не сустрэў…»
Праз адчыненыя дзверы відаць было, як у двор уехала брычка. Гэта вярнуліся з Маршалтаўна гаспадары. У нядзелю Бузукі, як шчырыя вернікі, не маглі не наведаць царквы, не аддаць Богу Богава. Іван пачаў распрагаць каня, Мелані і містэр Грыц пайшлі ў дом. Праз нейкі час яго паклікалі:
— Лявон, ідзі абедаць!
Есці не хацелася, у галаве прыемна снаваліся прускаўскія ўспаміны.