Выбрать главу

— Я яшчэ не галодны, — заставалася напісаць некалькі слоў,— паклоны астатнім родзічам і знаёмым, але Мелані ўжо падавала на стол.

— Лявон! — пачулася зноў.

Гаспадары лічылі, відаць, што добры работнік павінен і ў нядзелю адчуваць сябе нароўні з імі. Букеру, аднак, падавалі асобна.

Праз хвіліну-другую ліст быў скончаны, і Лявонка, заклеіўшы канверт, рушыў у гаспадаровы пакоі.

Раз у два тыдні гаспадыня пякла хлеб. Пах яго чуўся не толькі ў самім доме, але і ў двары. Адчыніўшы дзверы, Лявонка пачуў:

— Работнік ён добры, — гэта гаварыў старэйшы Бузук, — за ім прыгляду не трэба.

— Любіць капацца ў зямлі,— азваўся сын.

«Пра каго гэта яны? Пра мяне?»

Святліца была акуратна прыбраная. Да аклееных абоямі сцен прытулілася трывала збітая, хоць і крыху грубаватая мэбля. На ложках ляжалі стракатыя посцілкі. З-за печы віднеўся стары драўляны куфар, абабіты жалезам. У покуці цямнела распяцце. Пад распяццем, на стале, ляжала тоўстая кніга ў чорным скураным пераплёце. «Біблія», — здагадаўся Лявонка.

Перад тым, як пачаць абедаць, напаўшэптам памаліліся. Грамчэй за іншых выдзяляўся шэпт старога гаспадара. Пад канец малітвы, расчулены размовай з Богам, Грыцько некалькі разоў ёмка стукнуў сябе кулаком у грудзі і ўголас папрасіў Усявышняга дараваць грахі, вялікія і малыя.

Лявонка таксама перахрысціўся.

— Сядай, браце, — запрасіў гаспадар.

Сямейнікі сёрбалі суп з адной вялікай міскі. Суп смачны, наварысты. Прускавец стараўся працаваць лыжкай паважна, не спяшаючыся, як і ўсе, хто знаходзіўся за сталом. На другое елі тлустую сакавітую свініну і палітую алеем фасолю. Да мясных страў гаспадыня абавязкова падавала прыправу — кетчуп, які з'явіўся на стале і гэты раз. Тут жа ляжалі распараныя кукурузныя пачаткі, стаяла соль. Елі моўчкі.

— Можа, яблычнай настойкі? — прапанавала Мелані.

— Не, абыдзецца, — за ўсіх адказаў Грыцько.

Калі сям'я скончыла абедаць, пайшоў дождж. Лявонка падзякаваў гаспадыні, падняўся і хацеў выйсці.

— Дождж накрапвае, — сказаў Грыцько, — пабудзь у хаце, перачакай.

Адчувалася, што стары хоча пагаварыць. Лявонка загледзеўся на пацямнелыя ад часу гравюры з нейкімі малюнкамі, што віселі на сценах. Нейкія батальныя эпізоды. Потым кінуў погляд у той кут, дзе ляжала Біблія — тоўсты фаліянт нейкага даўняга выдання. Каля Бібліі ў невысокім гарлачыку стаяў напаўзасохлы букецік жоўтых кветак.

— Не адным хлебам жыве чалавек, — паважна сказаў гаспадар, заўважыўшы, што работнік глядзіць на Біблію.

Лявонка згодна паківаў галавой і сеў у прапанаванае гаспадаром плеценае з лазы крэсла.

— Тут у нас розныя веры. Каля Маршалтаўна жывуць, скажам, квакеры. У Амэрыцы на гэта свабода. Ты якой веры?

— Праваслаўнай. А вы, мусіць жа, таксама?

Пад гаспадаром рыпнула лазовае крэсла.

— Па веры сваёй мы уніяты грэка-каталіцкага абраду, — з нейкай падкрэсленай годнасцю адказаў фермер.

Лявонка ўспомніў расказы дзеда Кірылы. Калісьці ж і ў Прусцы была уніяцкая царква.

— Але Біблія адна — і для праваслаўных, і для уніятаў,— растлумачыў Грыцько.

Стары, аказваецца, чытаў яе кожны дзень, хоць часу не ставала і жыхарам фермы не да таго было, каб абцяжарваць сябе яшчэ і чытаннем кніг.

— Біблія вучыць паважаць іншага чалавека, ставіцца да яго як да самога сябе. Гэта вельмі важна, — працягваў гаспадар.

Адчувалася, што гаворка пра Біблію дастаўляе яму нейкае ўнутранае задавальненне.

— Наш вялікі прэзідэнт Джордж Вашынгтан сказаў, што без Бібліі нельга справядліва правіць светам. Вось як! Таму Бог любіць Амэрыку, — фермер падняў палец угару і ўважліва паглядзеў на Лявонку, нібы спрабуючы даведацца, даходзіць да таго сэнс ягоных слоў, ці не.

Той слухаў, што гаварыў гаспадар.

— Калі прэзідэнт не чытае Бібліі, ён можа дрэнна скончыць! — працягваў Грыцько, не апускаючы пальца. — Не так даўно быў застрэлены Уільям Мак-Кінлі. Прэзідэнт!.. — Ён апусціў палец і абедзвюма рукамі ўзяў са стала тоўсты фаліянт.

Лявонка з цікавасцю сачыў за яго словамі і рухамі.

— Ёсць тут, каб ты ведаў, кніга прарока Ісаі. Славуты прарок! Гасподзь адкрыў яму, што некалі на зямлі надыдуць такія часы, калі больш не будзе зла і гора, таму што Сатана будзе звязаны.

Прускавец ажно раскрыў рот:

— Калі ж гэта будзе?

— Пасля другога прыходу Хрыста! Не раней. Тады людзі будуць рабіць адзін аднаму толькі дабро.

Слухач адчуў на сабе доўгі і цяжкі погляд верніка.

Грыцько тлумачыў далей:

— Біблію, браце мой, разумець трэба — не словы, а што за словамі.