Выбрать главу

Водар зямлі вярнуў ураўнаважанасць і ўпэўненасць у сабе. Падабалася ўстаць на досвітку і прайсціся вакол фермы, агледзець абсаду з паўднёвага боку, дзе ў гаспадара былі пасаджаны яблыкі, грушы, слівы, вішні, некалькі персікавых дрэў. Містэр Грыц, відаць, любіў працаваць у садзе. Лявонка не раз бачыў, як ён непаспешліва пераходзіў ад аднаго дрэва да другога.

Сад акружалі ільмы і платаны. Былі і знаёмыя дрэвы: акацыя, ляшчына, елка. «Гэта і ў нас ёсць, — думаў прускавец, — толькі елка тут нейкая як быццам блакітная». За садам пачынаўся лес — дубы, букі, кусты барбарысу і яшчэ нейкія мясцовыя дрэвы. У лясным зарасніку спяваў дрозд — сталы жыхар гэтых мясцін. Лявонку здалося, што ён ужо некалі быў тут, толькі вельмі даўно. Успомніўся свой лес, прускаўскі,— грыбны і ягадны. На той паляне, куды яны любілі з дзедам Кірылам прыходзіць, цвіла пахучая шыпшына. Яе аблюбавалі пчолы і чмялі, якія гулі каля яе асабліва заклапочана. У канцы лета ў лесе шмат арэхаў. Зрэдку падавала голас зязюля. Дзядуля спрабаваў лічыць, колькі яна накукуе. Аднойчы налічыў дванаццаць «ку-ку». Значыць, дванаццаць гадкоў яшчэ жыць. А яму, Лявонку, так піць захацелася. Дзед Кірыла мякка паспачуваў: «Пацярпі, унучак. Мне таксама хочацца, але ж я цярплю». Але смага даймала. «Ну, што ж, калі гак, пап'ём з капытнік», — прапанаваў дзед Кірыла. Вада падалася нечакана смачнай…

Вярнуўшыся ў сядзібу, сустрэў гаспадара.

— Ну што, спадабалася наша прырода? — спытаў Грыцько.

— Спадабалася.

Папраўдзе, ён не заўважыў, каб фермер меў уцеху з усёй гэтай прыгажосці. Яго жыццём больш кіравалі практычны сэнс і інстынкт карысці. Відаць было, што Грыцько па-ранейшаму адчуваў сябе моцным і спрытным, здатным да любой работы. Сына ўсё яшчэ лічыў дзецюком. Клопатам яго было адно — больш узяць ад зямлі. Дзеля гэтага фермер павінен быць аграномам і бізнесменам адначасова.

У хлевушку пры канюшні захроп Букер. У гэтым хлевушку, дзе жыў работнік-негр, звычайна захоўваліся вупраж і рымарскі інструмент. Ложкам Букеру служыла прадаўгаватая скрыня, набітая саломай. Магутны храп работніка часам нечакана пераходзіў у стогн, нейкае дзіўнае мармытанне, ці нават як бы просьбу.

Грыцько нервова прыцмокнуў языком:

— От здаровы! Каб ён яшчэ і працаваў так, як храпе…

— Але ж ён стараецца, — абараніў напарніка Лявонка.

Працавалі, як-ніяк, разам. Калі выязджалі на аддалены палетак, звычайна бралі з сабой адну палатку.

— Каб жа стараўся! Я ж бачу — гультай! — Гаспадар пайшоў па справах.

На падворак выйшла Мелані і пачала склікаць сваё птушынае царства.

— Цюп-цюп-цюп-цюп! — На голас гаспадыні адусюль збягаліся куры, гусі, качкі, індыкі. Яна шчодра сыпала ім кукурузнае зерне.

— Ганна! Ганна! Дзе ты там? Устала?

Лявонка ажно сумеўся, падумаў, што гэта яму здалося, але азірнуўся, прачыніў дзверы і ўбачыў на ганку дзяўчыну. «Адкуль яна з'явілася?» На ёй была простая спаднічка светла-сіняга колеру і блузка з тонкага белага палатна. На плечы падалі хвалістыя чорныя (як у прускаўскай Ганны!) валасы. Вочы спакойныя і вялікія, як галубіныя яйкі. Міжвольна падумалася, што гэта прымроілася, бо тую, прускаўскую, Ганну цяпер аддзялялі бясконцыя акіянскія прасторы. Не, не яна. Дзяўчына, не ведаючы пра яго думкі, пазірала на яго, незнаёмага чалавека, пакусваючы ружовыя губкі. Лёгкая ўсмешка прыадкрывала зіхоткую белізну зубоў. Раніца і чароўная свежасць юнацтва рабілі яе прыгожай, амаль такой, як і тая, прускаўская.

— Паглядзі, колькі ў нас сёлета птаства! — гэта маці хвалілася перад дачкой сваёй птушынай гаспадаркай.

Дачка залівіста смяялася, радуючыся і птаству, і добрай летняй раніцы.

Ён нават разгубіўся: «Няўжо і яе зваць Ганна? Насланнё нейкае… Хто ж прыдумаў такое супадзенне?» Аслупянелы, ён глядзеў на амерыканскую прыгажуню, пакуль тая не схавалася ў хаце.

«Ого, такая здольна разбіць сэрца любога хлопца. Вясёлая якая! Але не, мая Ганна прыгажэйшая! — падумаў ён, успомніўшы прускаўскую каханую. Затым сумеўся: — Трэба было павітацца, а я ж не павітаўся. Ёлупень…»

Праз колькі часу ён убачыў яе яшчэ раз. Яна несла з хлява кошык, у якім ляжалі курыныя яйкі. «І пастава ў яе такая ж, як у Ганны, — быццам збанок на галаве трымае…» Ён хацеў памагчы ёй паднесці і не рашыўся прапанаваць свае паслугі. Сціпласці не мог перамагчы. Але здалося, што яна ўсміхнулася загадкавай жаночай усмешкай. Днём бачыў яе на агародзе з маці — палолі грады.

Пазнаёміліся толькі на наступны дзень. Маці, відаць, расказала ёй, хто такі гэты хлопец і адкуль ён.