Выбрать главу

Яна — не была б амерыканка! — аказалася смялейшая за яго — першая спыніла, склікаючы курэй і пасыпаючы ім зерне:

— А як цябе завуць?

— Лявон, — сціпла адказаў ён.

— А мяне — Ганна. — Потым дадала: — Гэта мяне дома так завуць, а для ўсіх астатніх я Анет…

Лявонка падумаў, што гэта, мусіць, сам лёс надарыў яго сваёй прыязнасцю, міла жартуе з ім і сваволіць, інакш кажучы, павярнуўся да яго светлым бокам. Чутно было, як гаспадыня на ганку выбівала палавікі. Іван дапамагаў ёй. Можа, яны і прыслухоўваліся да іх размовы…

— Дзядуля казаў, што вы з ім землякі.

— Землякі. Ён з Валыні, я з пад Брэста — гэта побач.

Яна чамусьці засмяялася, як быццам гэта было смешна.

Калі яна смяялася, на шчочках з'яўляліся какетлівыя ямачкі. Па ўсім відаць, ёй не было яшчэ і дваццаці, але нагадвала яна ўпаўне дарослую жанчыну, спелую, з развітымі формамі. Анет нядаўна скончыла прыватную школу ў Маршалтаўне, дзе яе вучылі не толькі чытаць і пісаць, але шыць і гатаваць, а цяпер вучылася ў настаўніцкім каледжы ў самім Чыкага. Даць выхаванне — гэта, вядома, каштуе нямала. Летам яна прыязджала на канікулы, але не столькі адпачывала, як працавала — дома, у полі. Праца як бы і была яе адпачынкам. Цяпер вось прыбірала ў хаце — Бузукі рыхтаваліся да свята Чацвёртага ліпеня.

Прускавец паспеў заўважыць, што жанчына ў Амерыцы паводзіць сябе вельмі незалежна і карыстаецца вялікай павагай. Ну, а Анет, апроч усяго, яшчэ і гаспадарова дачка…

Чацвёртага ліпеня — нацыянальнае свята Злучаных Штатаў. Дзень незалежнасці. У 1776 годзе ў гэты дзень на філадэльфійскім нацыянальным сходзе была падпісана Дэкларацыя незалежнасці. Чацвёртага ліпеня сям'я Бузукоў збіралася на ўрачысты абед. Запрашалі гасцей. Да Грыцька ставіліся тут як да патрыярха. З'язджаліся суседзі разам з жонкамі, дзецьмі. Адзінота навучыла гэтых перасяленцаў цаніць суседства. Усе яны з'яўляліся членамі мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва, які купляў у іх гатовую прадукцыю — пшаніцу і кукурузу. Гэта была рэгіянальная кааператыўная фірма «Экавіта».

Так было і на гэты раз. Госці заходзілі ў дом, шумна віталіся, распраналі верхняе адзенне. Жанчыны цалаваліся з гаспадыняй, спраўляліся пра здароўе. Як земляка, запрасілі і работніка. На першым часе ён у такім паважаным застоллі адчуваў сябе крыху скавана. Ля стала стаялі крэслы з арэхавага дрэва і плеценыя з лазы. Прускавец сеў у адно з іх.

Разам з іншымі прыехаў і Ганнін жаніх. На ім шчыльна сядзеў шэры касцюм-тройка, белая сарочка са стаячым каўнерыкам, сіняга колеру гальштук. Гэта быў сын іхняга суседа Гэпа, такога ж фермера, як і Бузукі. Бузукі выношвалі патаемную мару аддаць за яго Ганну. Такім чынам злучыліся б дзве гаспадаркі. Пітэр — так звалі гэтага «жаніха». Яго бацька — стары Гэп атрымліваў у год амаль паўтары тысячы даходу.

Ганна дапамагала маці ставіць на стол, а потым пайшла пераапрануцца.

— Ты ж будзь прыветлівей з ім! — прасіла Мелані.

Стол ламаўся ад кукурузнага хлеба, сотавага мёду, крута звараных яек, смажаных куранят і рыбы. На шырокім падносе, у цэнтры стала, ляжаў сакавіты свіны кумпяк.

— Ой, чаго тут толькі няма! — пляскала ў далоні нейкая вясёлая фермерша з грыўкай чорных валасоў над ілбом і маладым румянцам на шчоках. — Эндзі, Джэсі, Марыён, вы толькі паглядзіце! — гаварыла яна сваім сяброўкам — таксама жонкам фермераў, аглядаючы багаты стол Бузукоў.

— Даротка! Даротка! — усе ўзрадаваліся новай госці, якая толькі што прыехала разам з мужам — каржакаватым мужчынам з вусамі.

Мужчыны гуртаваліся асобна.

— Загарадзь тую ці скончылі? — пытаўся Пітэр у Грыцька.

— Не, будзем вышэй паднімаць! — запэўніў той і паказаў рукой, якой вышыні павінна дасягнуць агароджа.

— А што гэта вы, суседзе, агароджу пачалі будаваць ад мяне? — азваўся стары Гэп, які з высока ўзнятай галавой сядзеў у цэнтры стала.

— Гэта ж добра, містэр Гэп! Лепш сябраваць будзем! — засмяяўся Грыцько.

— Вунь Спаркі сваю гаспадарку заводзяць, — сказаў адзін з гасцей — фермер з доўгімі сівымі вусамі.

— Папярэднік іх прагарэў,— напомніў містэр Гэп.

— Думаю, што ў нас да гэтага не дойдзе, — засмяяўся Пітэр.

Госці крыху прымоўклі. Словы Пітэра, пэўна здаліся ім залішне самаўпэўненымі. З'явілася нарэшце і Ганна. На галоўцы ў яе акуратна сядзеў блакітны капялюшык з чырвоным пяром.

Першы падаў голас гаспадар. Не ўстаючы з крэсла, ён сказаў:

— Схілім галовы і звернемся ў думках да Усявышняга.

Худы, маршчыністы твар Грыцька яшчэ больш выцягнуўся, шчыльна сціснутыя вусны зашавяліліся. Седзячы за сталом, ён уголас прачытаў малітву, а потым, нібы каменціруючы яе, прамовіў, абвёўшы поглядам прысутных: