Унук уважліва слухаў. З поля павяваў ветрык. Кірыла зрэдку торгаў лейцамі, і Орлік бег дробным трухам, потым перайшоў на крок.
— Дзедо!
— Што, унучак?
— А прыгожая наша зямля!
Кірыла пасміхнуўся:
— Дзіва што!
Пад калёсамі рыпеў пясок, Лявонка саскочыў з воза.
— Ты што?
— Я прайдуся.
«Не церпіцца. Каб хутчэй — хоча». — Сядай! Нашто таптаць боты!
Не заўважылі, як пад'ехалі да Бабіцкай гары. Непадалёку, за кіламетр-паўтара, вёска Бабічы, таму і гара гэтак называлася.
Бабіцкая гара — страшнаватае месца. Тут і ліхога чалавека можна чакаць. Стромкія схілы гары параслі ядлоўцам і ельнікам, пракідаюцца бярозы, верх — лысы. Налева ад Бабіцкай гары пачынаецца лес — Бярэзіна. Таго і глядзі — нехта, прытаіўшыся ў глухамані, убачыць адзінокую падводу і раптам выйдзе, перастрэне: «Куды едзеш? Што вязеш? Давай грошы!»
— Дзедо! А што там?! — Лявонка паказаў у глыб беразняку.
Кірыла прыгледзеўся — у зарасніках папараці і сапраўды нешта быццам ляжала, згарнуўшыся.
— Гэта гнілы пень. Ніколі нікога не бойся!
Пазамінулым летам, калі Лявонка пасвіў авечак, з ім быў выпадак. Пасвячы авечак — не пасядзіш. Яны таго і глядзяць, каб у шкоду дзе ўлезці. Калі такое здаралася, пастух кідаў шапкай у пярэдніх авечак, і тыя ўсе разам павярталі назад. Лявонка, як і ўсе прускаўцы, шчыра верыў, што ў жывёл, як і ў людзей, таксама ёсць свядомасць, думкі і адчуванні. Толькі свае, маўклівыя, але чалавек можа іх зразумець, калі прыгледзіцца да іх рухаў і ўслухаецца ў гукі, якія ад іх зыходзяць. Гурт, скубучы траву, падышоў пад самую Бярэзіну. Нішто, здаецца, не прадвяшчала нечаканасці, і Лявонка хацеў паўтарыць свой звыклы прыём, каб завярнуць авечак у адваротны бок, як раптам убачыў, што з Бярэзіны бяжыць воўк і якраз у напрамку яго гурту, асцярожна агінаючы яго збоку. Малога пастушка ён не браў нават пад увагу. Драпежнік, аказваецца, падбіраўся да ягнятка, якое хадзіла за гуртам, абнюхваючы маленькай сваёй пыскай травіцу, што густа паднімалася з пожні. Не так далёка араў Фёдар Тупчык. Унурыўшыся ў свой занятак, ён па баках не надта і азіраўся. Часам здавалася, што ён увогуле не рухаецца, а застыў з канём і сахою сярод поля.
— Дзядзьку! Дзядзьку! — закрычаў, залямантаваў Лявонка, шукаючы дапамогі ў аратага.
Фёдар пачуў і — трэба аддаць яму належнае, мужчына здаровы і моцны, не збаяўся — з крыкам пабег напярэймы ваўку. З другога боку нехта таксама закрычаў. Здаецца, стары Гальяш, які на той час нешта рабіў у полі. Лявонка пасля першага страху неяк адразу пасмялеў і, калі воўк быў ужо зусім побач, кінуўся на яго з пугай і сцебануў так, што той ад нечаканасці ажно войкнуў і спуджана паглядзеў на пастушка.
— Э-гэ-гэ-гэй! — неслася па полі.
Воўк клацнуў ікламі, павярнуўся і, не спяшаючыся, падаўся назад.
Фёдар падышоў да Лявонкі, які калаціўся ад нервовага спалоху, паляпаў па плячы:
— Не бойся. Летам воўк сыты, не зачэпіць.
— Ён ягнятка хацеў забраць! — заплакаў Лявонка.
Потым, калі Фёдар вярнуўся да сваёй сахі, Лявонку яшчэ больш шкада стала тое ягнятка, і ён знайшоў яго між авечак.
— Шутачка ты мая, — пачасаў яму спінку, як рабіў гэта дзед Кірыла, — не пудзься, я цябе ў крыўду не дам…
Між тым падвода з седакамі дабралася да самага верху гары, адкуль на адлегласці чатырох-пяці вёрст перад імі адкрылася дзіўнае відовішча — Камянецкі стоўп.
— Што гэта?
— Камянецкі стоўп, унучак. Мястэчка ўжо недалёка.
— А калі яго паставілі?
— О-о, гэта даўно было, не пры нашай памяці. Князь нейкі… У вучылішчы з навук дазнаешся!
— А нашто ён?
— Край наш бароніць!
Мясцовыя жыхары добра-такі прывыклі да гэтай сваёй славутасці і, як часта ў такіх выпадках здараецца, прызвычаіўшыся, забылі пра яе і пра яе гісторыю. Стоўп узвышаўся над усім наваколлем, велічна пазіраючы на чалавечае жыццё-быццё, якое няспешна рухалася ў зачараваным коле часу. Лявонка бачыў стоўп упершыню, і першае ўражанне было чамусьці вельмі хвалюючым. Чымсьці спрадвечным павявала гэтае відовішча. Здалёк, з-за Камянца, неяк раптоўна выкаціўся асляпляльна яркі шар сонца. Дуга, і конская грыва, і лейцы, і нават дзедава барада — усё заззяла дзівосным прамяністым золатам і як бы адарвалася ад зямлі і завісла над стромай гары. Тварыўся нейкі цуд. На момант здалося, што яны з дзедам і з возам узляцелі некуды вельмі высока, пад самае неба, адкуль добра відаць усё наваколле. І невядома, як бы доўга гэта цягнулася, каб не Кірыла, які, відаць, нічога не заўважыўшы, прыземліў яго летуценні.