Выбрать главу

— Ой, гэта ж цяжка! — паспачувала нейкая з жанчын.

Грыцько яшчэ больш захлюпаў носам.

— Потым, ведаеце, паклікала Бура (сабака ў нас быў такі — усё разумеў, як чалавек, толькі што гаварыць не мог) і загадала яму дзверы сцерагчы…

За сталом устанавілася цішыня.

— Недзе апоўдні бусел зрабіў сваю справу — прынёс хлопчыка, — Грыцько зірнуў на Івана. — Я вярнуўся к вечару— з дровамі. А ён ужо ляжаў спавіты, побач з маці, спакутаванай, але, ведаеце, бадзёрай духам. Да сённяшняга дня не магу ўявіць, як яна знайшла ў сабе сілы, каб прыўзняцца і ўласнаручна перарэзаць і перавязаць пупавіну. Стаў я каля яе: губы зусім белыя і твар без крывінкі. А яна ласкава так на мяне паглядзела…

Грыцько скончыў свой аповед. Кожны думаў, мабыць, пра сваё, перабіраючы ў памяці перажытае.

Маўчанне парушыў Лявонка (узяў раптам на сябе такую смеласць):

— І ў нас быў падобны выпадак — у полі жанчына нарадзіла. Не адна, праўда, сын пры ёй быў, падлетак, гадоў пятнаццаць. Не разлічыла таксама, памылілася на колькі дзён. «Ідзі,— кажа, — сынок, радзіць буду, ідзі, сынок, ты не павінен быць пры гэтым. Можа, хто-небудзь пад'едзе, дык паможа…» Той не згадзіўся: «Я вялікі, кажа, я ўсё разумею, не саромся мяне, мама».

Грыцьковы госці здзіўлена закруцілі галовамі: «Бач, маўляў, які разумны…»

Лявонка, падахвочаны іх увагай, расказваў:

— Сышлі з дарогі ў жыта. Тут усё якраз і пачалося. Сын прымаў, а яна падказвала, што і як зрабіць, — і пупавіну адрэзаў і, казалі жанчыны, пупок завязаў. Летам усё было. Цеплыня, жаваранкі звіняць, аж заліваюцца. Сын разарваў сваю сарочку, загарнуў у яе нованароджаную сястрычку і, бедны, не ведае, што і рабіць. Маці заслабла. Ажно чуе — загрукатала па дарозе фурманка. Чалавек убачыў іх, пад'ехаў, забраў усіх траіх і хуценька павёз у вёску. «Гэта, кажа, мая знайда». Так тую дзяўчынку і празвалі — Знайда.

— Мянушку такую далі,— удакладніў хтосьці з гасцей.

— Так, мянушку.

Грыцько як бы і не чуў таго, пра што расказваў Лявонка, агорнуты быў сваімі ўспамінамі:

— На жаль, няма ўжо маёй Адаркі — падгадавала сына і памерла. Царства нябеснае!.. — перахрысціўся ён шырокім узмахам рукі.

— А давайце заспяваем! — прапанаваў нехта, глынуўшы, мусіць, кілішак віскі.

Загучала песня. З хору вылучаўся голас чарнявай прыгажуні з грыўкай — Люсі:

Горы мае, горы, Мушу вас лышыты, Волав буў у вас шыты, Як у чужыні жыты…

Эндзі і Джэсі падцягвалі, астатнія слухалі. У некаторых на вачах нагарнуліся слёзы. Потым пачаў падцягваць муж Дароткі, засяроджана паглядаючы некуды паверх галоў, у адну кропку.

Горы нашы, горы, Горы нашы Карпаты, Не аддам вас, не аддам вас За ніякія дукаты-ы… —

даспявалі да канца яны гэтую сумную ўкраінскую песню.

— Калі ты прыехаў у Амэрыку, — дык ты ўжо амэрыканец, — задумліва прамовіла Мелані, якая прыйшла паслухаць песню.

— А што мы бачылі на радзіме той? Прыгнёт і прыгон! — махнуў рукой стары Гэп.

— Паны крыўдзілі! — падтрымаў яго, прыпомніўшы нешта, фермер з доўгімі сівымі вусамі.

— Усе крыўдзілі — і палякі, і маскалі, і аўстрыякі! Усе, хто мацнейшы… — стары Гэп паглядзеў на прускаўца: — У Расіі шмат жабракоў, Амэрыка б гэтага ніколі не дазволіла.

Лявонка на гэта нічога не адказаў, змаўчаў.

— За што яе любіць — Бацькаўшчыну тую! — махнула рукой жанчына з чорнай грыўкай — Люсі.

І тут прускавец не выцерпеў і, пражаваўшы кавалак, як бы сам у сябе запытаўся:

— Хіба ж радзіма ў гэтым вінавата? Яна ж дала чалавеку жыццё…

— Мы ўжо тут пусцілі карані,— сказаў даўгавусы фермер.

— Пусцілі, пусцілі,— згодна заківалі галовамі жанчыны.

— Жывем мы не багата, але ж мы свабодныя людзі! — шырока расставіў рукі, як бы паказваючы на ўсіх прысутных, стары Гэп.

Што і казаць — усім ім было ўласціва пачуццё гэтай новай нацыянальнай годнасці і незалежнасці…

Пасля шумнага застолля свята працягвалася на паляне, пад старым высокім ільмам, які рос ля сядзібы Бузукоў. Пачуўся гармонік і разам з ім скрыпка.

— Кадрылю! Кадрылю!

Выйшлі першыя пары. Грыцько ўзяўся біць у бубен. Ганна танцавала з Пітэрам, які яе запрасіў, але, як здалося Лявонку, без асаблівага задавальнення. Ён бачыў, як мільгалі ў танцы яе новыя сіненькія туфлі, і падумаў, што была ў ёй нейкая частачка ад той Ганны — прускаўскай. Яна заўважыла яго погляд, пасміхнулася. Калі танцаваць пайшлі ўсе і ўтварыўся круг, Ганна ўцягнула ў круг і яго. Лявонка танцаваць саромеўся, хоць кадрылю і ўмеў. Пітэр таксама запрасіў кагосьці з дзяўчат. Усім было весела.