Выбрать главу

Нагамі адбівалі такт, і так моцна, што, здавалася, гудзеў ільм, які рос побач. Паводдаль стаяў Букер і, пасміхаючыся, глядзеў, як яны цешыліся. Ён таксама меў сёння святочны абед.

Люсі зноў заспявала, гулліва дзьмухнуўшы знізу ўверх, на грыўку:

Як була зовсім мала, колыхала мене мама. Як я стала подростать, сталі хлопцы колыхаць. А я хочу не старого, не малого — козачэнька молодого…

Кацілася за гарызонт сонца. Там, у той далечыні, адкуль яно мела з'явіцца заўтра, была другая, яго Ганна…

Баль працягваўся амаль да поўначы, потым на ганак выйшла Мелані:

— Прашу ўсіх! Торт з кавай!

Стол з тортам і кавай быў накрыты ў той жа гасцёўні. Нарэшце госці пачалі збірацца дадому, развітвацца.

— Добра, містэр Грыц, на наступным тыдні ўбачымся ў царкве, — ужо здалёк махнуў рукой містэр Гэп.

Разам з бацькамі з'ехаў і Пітэр, пачціва развітаўшыся з Анет.

…Лявонка стаяў ля варот, якія яны з Грыцьком нядаўна рамантавалі. І гаспадары, і Букер даўно ўжо, відаць, пайшлі спаць. З цёмна-блакітнага неба пазіраў бледны і тонкі маладзік у акружэнні шматлікіх амерыканскіх сузор'яў. Ён падняў галаву, глянуў уверх, на зоркі. У цёмным небе мігцелі іх тысячы і тысячы. Тут яны здаваліся большымі і ярчэйшымі, чым у Прусцы. Пасміхнуўся: «Каторая з іх мая?» З поля плыў душны водар настоенага на кветках паветра. Трава і кусты бружмелю, шыпшыны поўніліся звонам цыкад.

Ён не заўважыў, як падышла Ганна, толькі пачуў яе голас:

— Усе ўжо паснулі, нават камары, а вы яшчэ не спіце.

— Збіраюся.

Яна нагнулася і сарвала белы рамонак, паднесла да носа, панюхала:

— Не пахне…

— Палявыя кветкі звычайна не пахнуць, а вось флёксы, асабліва вечарам, такія духмяныя!..

— Не чула нешта я пра такія кветкі,— на яе шчоках прыкметна абазначыліся какетлівыя ямачкі.

— У вас іх няма, — Лявонка пасміхнуўся ў начным сутонні, але яна не заўважыла яго ўсмешкі.— Бэзу таксама няма. У нас — на кожным падворку бэз.

— Дзе гэта ў вас? У Еўропе?

— Так, дома, у Еўропе.

— Ніколі там не была…

— Прыязджайце калі ў госці.

Яна ўважліва на яго паглядзела, і яму раптам захацелася прытуліцца да яе, моцна сціснуць у абдымках, але ён толькі ўздыхнуў.

— Ноч для закаханых, — прамовіла амерыканка і перавяла позірк на месяц: — Цікава, ці ёсць там людзі?

— На месяцы?

— На месяцы.

Ён паціснуў плячыма.

— Цяжка сказаць, з зямлі не ўбачыш.

Шукаючы зразумелыя словы, яна імкнулася пераадолець моўны бар'ер, які быў паміж імі. Жыццё здавалася ёй залішне аднастайным, дзяўчына прагнула нейкай навізны.

Між тым водар паветра аслаб. З поля пацягнула начной, крыху вільготнай прахалодай. На дахах, пад месячным святлом, там-сям заіскрыліся буйныя плямы начной расы.

— Ганначка, ідзі ўжо спаць! — пачулася з ганку.

Маці…

— І мне пара. Заўтра рана ўставаць.

Яны развіталіся. Ён пастаяў крыху на паветры адзін, потым адчыніў дзверы і ўвайшоў у свой павільён. Стаміўся за дзень, сон быў моцны.

Прайшоў яшчэ адзін тыдзень…

VII

Выхадны — нядзеля. Палявыя работы на ферме спыняліся. У нядзелю ўжо некалькі разоў ён хадзіў у Маршалтаўн, быў у царкве, бадзяўся па вуліцах, піў піва. Той раз на скрыжаванні вуліц ён убачыў незвычайнае відовішча: натоўп людзей, а ў цэнтры яго — драўляная трыбуна, вакол якой гуртаваліся дзіўныя постаці ў доўгіх белых балахонах і вастраверхіх капюшонах з зацененымі проразямі для вачэй. Адзін з такіх «балахонаў», што знаходзіўся каля самай трыбуны, абапіраўся на яе жыватом, размахваў рукамі і нешта выкрыкваў, істэрычна і з надрывам. Лявонка падышоў бліжэй.

— Ку-клукс-клан — гэта высакародства і патрыятызм. Мы выступаем ад імя белых людзей, якім пагражае насілле! — Чалавек у белым камусьці пагразіў сціснутым кулаком. — Мы шчыра запрашаем усіх, хто згодзен з нашымі прынцыпамі, у нашу арганізацыю. Ку-клукс-клан абароніць белага чалавека! — надрываўся прамоўца.

Лявонка і раней заўважаў, што да неграў тут адносіліся не зусім так, як у Нью-Йорку. У Маршалтаўне для іх былі асобныя прыбіральні, асобныя лаўкі ў гарадскім парку, нават, аказваецца, як потым ён даведаўся ад гаспадара, у царкве яны мелі свой куток. У неграў звыклая прафесія — чысцільшчыкі абутку. Нехта паслужліва працягнуў яму паперку, прускавец пакруціў яе ў руках, але чытаць не было калі і ён сунуў яе ў кішэнь.