Выбрать главу

Пад'ехалі да бульбянога поля. Побач, як лес, стаяла кукуруза ў сваім прыгожым зялёным убранні. Буйныя зялёныя пачаткі наліваліся цяжарам даспяваючага зерня. Букер распрог коней, пусціў на траву. Палоць і акучваць бульбу — справа нескладаная, але працаёмкая. Спіну трэба гнуць добра, і яны гнулі…

Перад тым, як зрабіць перапынак на ланч, Грыцько спытаў:

— Дык, кажаш, дастаў яго кулаком?

— Адзін раз — дастаў.

— А хто ж цябе гэтак біцца вучыў?

Хлопец уздыхнуў. Што ён мог на гэта адказаць?

— Ты, я гляджу, дужы, але біцца не ўмееш, — сказаў фермер.

— Ніхто мяне не вучыў.

— Гэта дрэнна. У Амэрыцы хто не ўмее пастаяць за сябе, той прапашчы чалавек. — Грыцько паглядзеў на работніка. — Шэрыф далёка, трэба разлічваць толькі на сябе.

Падышлі Іван, за ім Букер. Гаспадар абвёў вачыма прысутных і сказаў з важнай мінай, нібы робячы нейкае адкрыццё:

— Не рукамі трэба біцца, а галавой!

Усе зразумелі, што размова ідзе пра ўчарашні выпадак. Вядомая рэч: падумаць трэба — перш чым канфліктаваць. Але — не. Гаспадар меў на ўвазе іншае.

— Ён цябе кулаком, — а ты яго чубком! — Грыцько тыкнуў сябе пальцам у лоб.

Гэта зацікавіла ўсіх, асабліва Лявонку.

— Як гэта — галавой? — здзівіўся ён.

— А вось так! — Стары фермер зняў капялюш, прыгнуўся, набычыў шыю, падскочыў да Лявонкі і, як рогам, штурхнуў яго лбом у сківіцу. Той, клацнуўшы зубамі, паляцеў на дол, але тут жа як падскочыў — устаў на ногі, памацаў сківіцу, нос. Усё атрымалася вельмі нечакана, але, здаецца, абышлося.

— Га-га-га! — амерыканец зарагатаў. Засмяяліся і Іван з Букерам. — Гэта называецца «галандскі пацалунак». А цяпер ты мяне! — падбадзёрыў хлопца Грыцько.

Лявонка, не раздумваючы, падступіў да яго, валтузліва закруціўшы галавой ля гаспадаровага носа.

Грыцько, задраўшы галаву, адпіхваў яго рукамі:

— Не так, не так. Рэзкасць! Рэзкасці болей! Каб нечакана было для праціўніка!

— І злосці болей! — падбадзёрваў, рагочучы, Іван, які ўжо ля воза даставаў з торбы бутэрброды — ланч ёсць ланч.

А гаспадар усё настаўляў работніка:

— Калі не зможаш у сківіцу, бі сюды, пад грудзі,— і Грыцько паказаў рукою на тое месца, дзе ў яго знаходзілася дыяфрагма.

— Эфектыўна яшчэ кулаком у вуха, — сказаў Букер. — Свінг — гэта называецца.

— А ты лоўкі! — пахваліў Грыцько. — Хопіць! На сёння хопіць.

Лявонка, апусціўшы галаву, падзякаваў за вучобу.

Перад тым, як накіравацца да воза, Грыцько як бы падвёў вынік сваіх настаўленняў:

— Самае горшае — гэта страх. Ніколі нічога не бойся. Прускавец потым доўга думаў над словамі старога фермера…

Вечарам, вярнуўшыся з поля, ён сустрэў за калёсным хлевушком Анет. Яна ішла з кароўніка, дзе бацька даіў кароў, у руках трымала вядзерца, да краёў напоўненае малаком. Убачыўшы работніка з падбітым вокам, дзяўчына неяк спачувальна і разам з тым прыветна ўсміхнулася.

— Як вам ваша работа? — спытала яна, стаўшы побач. У вачах чыталіся прыязнасць і давер.

— Добра.

Яна насіла даволі адкрытыя сукенкі, і Лявонка заўважыў, што шыя ў яе і грудзі паспелі ўжо добра абсмуглець. Чамусьці здалося, што яна пахне спелымі пазёмкамі — гэтая невядомая кветка з чужога саду. Ды што там пах! Ён ажно сп'янеў ад адной яе прысутнасці. І тут жа ў думках узнікла тая, прускаўская: «А можа яна там у чыіх абдымках? Хлопцы ж ёсць — і ў Прусцы, і ў ваколіцах. Хто яго ведае, як яна там…»

— Глядзі,— падзівілася дзяўчына, — малады, а ўжо сівы волас завёўся. — Яна засмяялася, а потым неяк адразу сцішылася. — Як жа гэта здарылася? — Анет мела на ўвазе здарэнне ў Маршалтаўне.

— Ваш прыяцель бачыў, ён ўсё ведае…

— Пітэр? У яго я якраз пытацца не буду. І хто ён мне? Ніхто…

Лявонку здалося, што яна глянула на яго нейкім незвычайным поглядам і нечакана засмяялася. Ён ажно пачырванеў. Захацелася прыціснуць да сябе яе пяшчотны тварык. Погляд дзяўчыны быццам казаў яму: «Ходзіш ты, хлопец, невядома дзе, а мяне не заўважаеш…»

— Эй, Ганна! — пачуўся з хаты голас маці.

— Іду!

— Можа дапамагчы? — кіўнуў ён на вядро.

— Я сама.

І пайшла, не глянуўшы на яго. Ён падумаў: «Прыгожая! Але прускаўская Ганна прыгажэй…» Гэтая думка неяк нават усцешыла яго, сагрэўшы твар усмешкай. Але і з дачкою фермера ў яго ўстанавілася нейкая незаўважная для іх саміх таямнічая сувязь.

VIII

Жыццё на ферме праходзіла яшчэ больш манатонна, як у Прусцы. Зрэдку атрымліваў адтуль лісты, чытаў па некалькі разоў: