«Лявонка наш, пішам табе з Прускі. Дарагі сыночак, дзякуем за картачку. Як ты там пажываеш, ці добра табе ў Амэрыцы? На картачцы ты вельмі паглядны. Ты нам снішся, наш сыночак, унучак, і брат. І дзядуля наш цябе часта ўспамінае. Дзядуля кажа, хай не працуе так зацята, бо дурная праца часта і калечыць чалавека. Фядорка з Тоняй асвойваюць пакрысе мужчынскую работу. Калі цяжка здараецца, дык успамінаем пра цябе, і на душы лягчэй становіцца. У нас халады, дождж, жыта засела і не расце. Ураджай сёлета, відаць, будзе слабы. У мінулую нядзелю дзядуля ездзіў да Камянца. Цэны на збожжа падняліся на 50 капеек за пуд.
У нашу вёску адзін прыехаў, лістоўкі раздаваў, а хто хацеў, дык і кніжку мог узяць. Пыталася пра цябе Гэлька Відэрка, як яму там у Амэрыцы?
У нашага суседа Хомкі нарадзіўся яшчэ адзін сын. Пішы болей, мы чакаем. Перадае табе паклон дзядзька Хведар з Свішчова, суседзі, твае сябры.
Пісала Тоня 3 чэрвеня 1908 года».
«А як там Ганна? — падумаў ён. — Нешта пра яе нічога не напісалі…»
— Што з дому пішуць? — пацікавіўся пры сустрэчы гаспадар.
— Неўраджай у іх там, — уздыхнуў работнік.
— Засуха?
— Наадварот: халады, дажджом заліло, вымакла…
— Грошы пашлі, хоць трохі. Можа, будзе якраз дарэчы.
Некалі ён даў Лявонку дванаццаць даляраў і цяпер, напэўна, меў на ўвазе гэта. Але ж адзенне колькі каштавала, а рэшта ў салуне знікла.
Лявонка нічога не адказаў. Вечарам ён адпісаў ліст у Пруску. Апісаў сваё жыццё. Пра выпадак, які адбыўся з ім у Маршалтаўне, не паведамляў. Ды і крыўда паступова аціхала. Грошай, праўда, што з кішэні ўкралі, шкада было. Жыццё — на тое яно і жыццё — ставіла штодзённыя пытанні. Пытанне пра грошы, пра тое, як іх зарабіць, трывожыла пастаянна. Ці надыдзе той дзень, калі ён разлічыцца з прускаўскімі крэдыторамі — панам Падгурскім і дзядзькам Хведарам? Фермер плаціў слаба, прасіў пачакаць. А добра было б паслаць колькі даляраў калі не крэдыторам, дык хаця б сваім — маці, дзядулі… Сам гаспадар толькі што раіў зрабіць гэта.
Грошы, грошы, грошы…
Аднойчы, адчуўшы, што ў гаспадара добры настрой, Лявонка набраўся смеласці і звярнуўся да яго напрамую, без падрыхтоўкі:
— Дзядзьку Грыцько, — дзядзькам нечакана яго назваў,— ці не маглі б вы хоць крыху даць грошай упярод?
Містэр Бузук доўга маўчаў, не адказваў. Просьба была для яго, відаць, і нечаканай, і не надта прыемнай. Ажно ўпацеў.
— Дадому хочаш паслаць? Разумею, — гаспадар пачухаў патыліцу, — але з грашыма, дружа, прабач, я сам яшчэ банку не сплаціў таго, што пазычыў. Працэнты бяруць. Такая справа…
Адказ гаспадара не пакрыўдзіў прускаўца: «Што зробіш, кожны перш думае пра сябе». Ён ведаў, што ў мінулым годзе гаспадару ўдалося атрымаць ссуду і купіць некаторыя сельскагаспадарчыя машыны. Цяпер даводзілася аддаваць.
— Калі сплачу, — працягваў Грыцько, — можна будзе і самому пакласці пад працэнты! — І нібы прыгадваючы той выпадак, што адбыўся з работнікам у маршалтаўнскім сапуне, дадаў: — У Амэрыцы так: не пі, не куры, кладзі грошы ў банк і праз дзесяць гадоў разбагацееш. Грошы робяць грошы, — ён хлопнуў работніка па плячы. — Хіба той талент, які Бог даў мне, я павінен закапаць? Трэба ўкласці яго ў дзела! — У тоне гаспадара загучалі павучальныя ноткі.— Амэрыка кожнаму дае вялікія магчымасці. Вядома, калі пашанцуе.
— Для гэтага трэба спрыт мець! — пасміхнуўся Лявонка, што, відаць, не надта спадабалася фермеру, які строга глянуў на работніка.
— Працуй, заставайся цвярозым, не забывай пра Бога, і ты абавязкова даможашся поспеху, — сказаў ён, быццам аб'явіўшы свайму работніку вымову. — Разумны чалавек у Амэрыцы не будзе бедным.
Ён паглядзеў у бок шашы, дзе ля павароту на ферму стаялі карабы з садавінай і гароднінай — фірменнай прадукцыяй містэра Грыца. У гэты час Бузукі гандлявалі гуркамі і яблыкамі. Лявонка дапамагаў вывозіць карабы з яблыкамі і гароднінай на шашу. На кожным корабе — шыльдачка з назвай гатунку: «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза», «болдуін», «уайнсапс»… Побач знаходзілася пустое вядро.
Надпіс на паперцы тлумачыў, што вядро яблык каштуе два даляры, а вядро гуркоў — тры. Тут жа стаяла скрынка для грошай. Праезджыя аглядалі тавар, знаёміліся з цэнамі, каму трэба — бралі, самастойна расплачваліся і ехалі далей, так і не пазнаёміўшыся з гаспадаром, якому не ставала часу ды і ахвоты прысутнічаць пры гэтым. Не было падстаў не давяраць.
Яблыкі былі настолькі вялікія і прыгожыя, што прыцягвалі погляд літаральна ўсіх, хто праязджаў паўз ферму. Найбольшым поспехам карысталіся гатункі «прэзідэнт», «бербенк», «Санта Роза». Лявонку асабліва падабаліся «болдуін» і «ўайнсапс». Пахлі гэтаксама, як на радзіме. Ён успомніў, як некалі разам з хлопцамі адвячоркам нарваў яблык у садзе ўрадніка Кастантага. Прыгадаліся яблыкі ў сене той ноччу ў Васілёвай клуні, калі ён быў там з Ганнай…