Выбрать главу

Відаць было, як нейкія праезджыя аглядалі карабы з таварам, выбіралі што па густу, нешта кідалі ў скрынку.

— Яблыкі — добрая рэч! — задаволена казаў Грыцько. — Па яблыку ў дзень — і дактары не патрэбны будуць!

— Вы б паветку пабудавалі! — параіў Лявонка. — Тавар быў бы пад дахам.

— Нічога, гэта — сезонны гандаль. Усё — свежае…

Надыходзіў час жніва. Жняярка ўжо стаяла пад паветкай, гатовая да адплыцця ў пшанічнае мора, і нарэшце яно пачалося. Грыцько ўскочыў на ногі ў пяць гадзін раніцы і адразу кінуўся будзіць работнікаў. Загрукаў у дзверы. Трэба ўставаць. Лявонка ўздыхнуў. Ноччу даймала духата, і ён увесь спацеў, вільготная прасціна прыстала да цела. Уздзеў джынсы, нацягнуў на плечы падцяжкі, спаласнуў халоднай вадою твар. На сняданак з'еў сандвіч — лусту белага хлеба з марынаваным гурком, сырам і каўбасой. Букер еў тое самае, але, як звычайна, у сваім хлевушку.

— Хэло, Букер! — павітаў ён сябра, калі той, заспаны, выйшаў на панадворак.

Негр, як звычайна, няўцямна засмяяўся, адкапыліўшы тоўстыя губы.

Пад кіраўніцтвам гаспадара яны запрэглі ў жняярку пару коней. На жалезнае сядло ўзлез сам містэр Грыц — напачатку не даверыў упраўляцца са жняяркай ні Лявонку, ні тым больш Букеру.

Выехалі на поле. Разы два ці тры містэр Грыц спыняў коней, даставаў баначку з алівай, пстрыкаў у той вузел, дзе змацоўваліся крылы жняяркі. Пачалася праца. Машына хадзіла па крузе, сутаргава махаючы крыламі і пакідаючы за сабой роўныя купкі пшаніцы. Лявонка, Букер і Іван вязалі іх у снапы.

«А мы жнём сярпамі і косамі і нічога не ведаем. Такой машыны нават у Падгурскага няма. Гэта ж за дзень столькі можна скасіць — ніякая каса не дакажа…» — гэтак сам з сабою разважаў прускавец.

Зрабіўшы колькі кругоў, гаспадар паклікаў яго да сябе:

— Сядай! Бяры лейцы…

Лявонка ўзяў у рукі лейцы, палез на месца гаспадара. Услед данесліся да яго словы:

— Глядзі, жняярка дарагая, я аддаў за яе дзвесьце пяцьдзесят даляраў!

Лявонка першы раз сядзеў на такой машыне, у жалезным сядле, моцна заціснуўшы ў руках лейцы. Твар ад гарачыні і напружанасці заільсніўся. Коні напорыста затупалі па крузе, зазвінелі вуздэчкамі.

Следам ішлі вязальшчыкі — Букер з Іванам. Жнівеньскае сонца смажыла без усякай меры. Чыстае неба і страшная гарачыня. Бліжэй да поўдня яна пераходзіла ў спёку, ад якой не схавацца нідзе. Лявонка адчуваў, як разагрэтае паветра, трапляючы ў лёгкія, абпальвала знутры. Хацелася піць.

Полудзень прынесла Анет. Лявонка праехаў адзін круг, другі, трэці, і спыніў коней. Дзяўчына, угадваючы яго жаданне, паднесла кубак халоднай вады, дастала з карзіны сандвіч.

— Уэл? — падала яго Лявонку.

Есці зусім не хацелася, але ён узяў сандвіч. Селі на ўскрайку зялёнага лужка — такія трапляюцца і на прускаўскіх палях. Там яны звычайна незаараныя — з пакалення ў пакаленне так вядзецца. Цешаць вока сваёй нечаканасцю сярод аднастайнасці шырокага поля. Містэр Грып сказаў, што восенню ён наважыўся разараць гэты лужок. У стаўленні яго да зямлі, падумаў прускавец, не было той трапяткой страсці, як у беларусаў.

Над іржышчам, за некалькі крокаў ад іх паказалася галоўка сусліка. Містэр Грыц пагразіў яму пальцам. Жывёлінка спалохана ўгнула галоўку, пакруціла носікам і знікла.

Зямля абавязана даваць прыбытак. Каб вытрымаць канкурэнцыю, фермер павінен максімальна павялічыць плошчу і ўраджайнасць, а выдаткі звесці да мінімуму.

— Горача, — паскардзіўся Букер, выціраючы далонню лоб.

Ад спёкі губы ў яго сталі яшчэ таўсцей і яшчэ больш вывернуліся. А што ўжо было казаць прускаўцу! Сорак градусаў у цяні — і каб хоць які ветрык! Аднак пад вечар спёка апала, і яны пачалі вазіць снапы. Лявонка стаяў на возе, укладваў снапы, якія яму падавалі Букер і Іван. І тут усім кіраваў, распараджаўся містэр Грыц, добра ведаючы сваю гаспадарскую справу. Стомленыя за дзень работнікі так і паснулі на абярэмку сена каля дзвярэй адрыны, дзе іх і разбудзіў Іван. Сон быў мілей, і Лявонка, адмовіўшыся вячэраць, падаўся ў свой павільён.

Пад раніцу, прачнуўшыся, пачуў, як недзе ў кустах спяваў салавей…

* * *

Перад самым заканчэннем жніва паламалася жняярка — адляцела крыло. Сам фермер быў неблагім механікам, але тут спатрэбілася дапамога з Маршалтаўна. Прыехалі двое майстроў з усім начыннем. Рамонт жняяркі абышоўся ў пятнаццаць даляраў Містэр Грыц спрабаваў патаргавацца, але мусіў заплаціць.